У Светы нібы парвалася нешта ўнутры. Яна аслупянела і з жахам вытарашчылася на бацьку. Маці ж падбегла да яго і намагалася суняць. Марна. Усё больш шалеючы ад выгляду бруднага дзядзькі, бацька роў, тупаў нагамі, а затым адмахнуўся чарговым разам ад жонкі і ўдарыў нагой па жабраковай шапцы, што ляжала на доле. З яе паляцелі, закружлялі ў паветры папяровыя грошы.
Але найбольш уразіла Свету тое, што ніхто з людзей, якія знаходзіліся паблізу, не ўступіўся за няшчаснага жабрака, не асадзіў развар’яванага Лявона Міхалыча. Помніцца, апанавала Святлану нездаровае жаданне, каб нейкі дужы мужык падскочыў да яе бацькі, заляпіў кулаком у твар, збіў з ног і пачаў мяцеліць нагамі. Але не аказалася такіх рашучых заступнікаў… У лепшым выпадку нехта спыняўся і з цікаўнасцю назіраў, што ж будзе далей. А большасць дык і наогул спяшалася як найхутчэй прамінуць месца канфлікту.
У роспачы пабегла Света ўверх па прыступках. Не памятае, як дамчалася да дома, як апынулася ў кватэры, дзе з ёй здарылася працяглая і моцная істэрыка. Мама, што падаспела праз пяць хвілін, выклікала “хуткую”. Урач зрабіў дзяўчыне супакойлівы ўкол, прывёў да прытомнасці.
З таго дня маці перасялілася жыць у даччын пакой, пакінула бацьку з’язджаць з глузду на адзіноце.
Гэтае жыццё з чужаком у двухпакаёўцы было невыносным. Хоць Лявон Міхалыч, паглыблены ў абавязкі прапаведніка і выратавальніка душ, цяпер рэдка бавіўся дома, але калі прыходзіў, то пачынаў свае несканчоныя назойлівыя казанні пра тленнасць цела, пра бязглуздасць зямных уцех, пра сапраўдную веру ў Госпада, якую толькі і дае людзям іхняя секта.
Каб менш сустракацца з бацькам, Света на выхадныя збягала да сябровак, а ў працоўныя дні старалася не бываць дома па вечарах. Калі не было куды і з кім пайсці, то проста бяздумна і самотна блукала па горадзе. Аднойчы да яе прычапіліся два п’яныя хлопцы і ледзь не зацягнулі ў падваротню. Выратаваў нейкі дзядок з аўчаркай, што, на шчасце, праходзіў паблізу.
Але сутыкненняў з продкам пазбегнуць не ўдалося. Аднаго разу, па прыходзе са школы, прывычна плюхнулася Света на сваю тахту, уключыла магнітолу і апусціла руку ў кардонную скрыню, дзе захоўваліся касеты… Скрыня была пустая. Не аказалася касет і ў другіх месцах пакоя. Дзяўчына спярша падумала, што, магчыма, маці кудысьці іх прыбрала. Але навошта? Чым і каму маглі перашкодзіць яе любімыя касеты?
І хоць Света старалася сябе супакоіць, заняць галаву іншымі думкамі, нешта трывожнае ўсё ж закралася ў душу. І нездарма. Недзе праз паўгадзіны, калі абедала ў кухні, адкрыла дзяўчына тумбачку, каб выкінуць у сметніцу аб’едкі, і абамлела: на дне амаль пустога вядра, паверх бульбянога шалупіння і яечных шкарлупін, ляжала гара раструшчаных ушчэнт ейных касет. Ад нечаканасці, ад недарэчнай бязглуздасці гэтага факта ў яе закружылася галава, на вачах выступілі слёзы. У роспачы павалілася Света на падлогу і зарыдала наўзрыд. Душэўны стан быў такі, што карцела кінуцца ў бацькаў пакой і біць, ламаць, пляжыць усё запар. Аднак яна, сама не ведае чаму, стрымалася, зашылася ў спальні і, лежачы на тахце, бяздумна глядзела ў столь. Гэтак яна прабавілася да пяці гадзін, пакуль не прыйшоў бацька. Лявон Міхалыч у апошні месяц заўсёды вяртаўся з работы на гадзіну раней, чым звычайна, бо клікалі яго неадкладныя справы місіянера: штодзень на пару з таямнічым Сымонам Францавічам ён наведваў з душавыратавальнымі гутаркамі два-тры дамы.
Света ўварвалася да бацькі з папрокамі якраз у той момант, калі ён пераапранаў кашулю перад люстэркам. На немыя зыкі і слёзы дачкі ён нават не павярнуў галавы і сталёвым, адчужаным голасам сказаў, што так, гэта ён раструшчыў і выкінуў касеты, паколькі не можа дапусціць, каб яго дачка слухала бязбожную, сатанінскую музыку. А калі ўжо яна без гэтага памірае, то хай ідзе на дыскатэкі, у клубы, да сяброў і сябровак. “У маім доме гэтай парнаграфіі не будзе”, — спакойна завяршыў Міхалыч, з любасцю павязваючы строгі гальштук.
— Ды ты… — пачала была Света, але захліпнулася ад абурэння і слёз. — Ды як ты пасмеў!.. Ды я… цябе… за гэта… — Твар яе спалатнеў, міміка яго была жахлівая. І тут, як бы насмеліўшыся на нешта адчайнае, яна заламала рукі і выкрыкнула тонкім прарэзлівым голасам: — Сектант!
— Маўчаць! — рэзка павярнўшы да яе ўкормлены твар, гаркнуў бацька. — Маўчаць і мне не пярэчыць! — Ён узняў дагары кулакі і зрабіўся жудлівым. — Лахудра, блудлівая дзеўка, не смець мне тыкаць, не смець мне тыкаць ніколі! — Лявон Міхалыч трос велізарнымі кулакамі над галавой. — Толькі на “вы” да мяне надалей звяртацца! Толькі на “вы”! І стукацца, стукацца ў мой пакой, калі хочаш сюды зайсці! А цяпер — вон! Вон!! Вон!!! Паганка!
Читать дальше