Адынцу на міг падалося, што сын кінецца на бацьку, каб ударыць па твары. Але той з бледным, мярцвяцкім тварам, заікаючыся, прамовіў:
— Не, бацька, гэта такіх, як ты, — тысячы. Гэта на цябе забудуцца хутка пасля тваёй смерці, бо ўсе твае выставы, кліенты — толькі даніна модзе. І аўтарытэтны ты толькі таму, што займаеш пэўныя пасады ў грамадстве, выкладаеш у акадэміі. Ты патрэбны людзям, можаш вырашаць іхнія лёсы, вось табой і захапляюцца. А творчасць твая ламанага шэлега не вартая…
— Адкуль такая ўпэўненасць, малады чалавек?.. — запярэчыў быў Адынец, аднак Нілыч яго прыпыніў:
— Чакай, Валера. Ва ўсякім разе, я цяпер ведаю прычыну непрыязнасці да мяне роднага сына. Ён мне зайздросціць, — з горыччу вымавіў мастак. — Зайздросціць маёй вядомасці, выстаўкам, павазе людзей. Але праўда яго, я не Мікеланджэла, не Леанарда, і талент мой сціплы. Ды ведаеш, сынку, у чым асноўная мая над табой перавага: я знаю свой паталок і дзякую Богу за тое, што ён мне прызначыў. У мяне няма тваіх непамерных амбіцый, я не лезу на недасяжныя вышыні, а калі зрываюся з нейкіх прыступак, то не вінавачу ў гэтым усё чалавецтва. І табе раю, пакуль не позна, так паступаць. Супакойся, агледзься, ацані нарэшце свае магчымасці…
— Што ты гэтым хочаш сказаць? — спадылба зіхатнуў вачыма Сяргей.
— А тое, што, можа, і ты не Міронаў?
На некалькі секунд утварылася няёмкае маўчанне.
— Апусціўшы планку, лягчэй жыць, сынок. Ты ўжо павер мне, мацёраму дзядзьку. — Нілыч падышоў да сына і хацеў быў пакласці руку на яго плячо, але той адхіліўся.
— Дык навошта тады жыць? — не то спытаўся, не то сцвердзіў Сяргей. — І пакуль я жыву, — сказаў ён пасля невялікай замінкі, — то, прабач, буду ставіць сабе планкі самыя высокія ды іх пераскакваць.
— Глядзі, не разбіся, — сур’ёзна сказаў бацька.
— А разаб’юся, то туды мне і дарога, — нявесела ўсміхнуўся сын. — Адным дурнем менш будзе. — Ён павярнуўся і выйшаў з залы.
— Твая справа… — задумліва прамармытаў услед яму Нілыч і, ужо зусім пад нос, прабурчаў: — А мой галаўны боль.
9
Дзень у Анатоля Гаруна, маркёра більярднай залы рэстарана “Ветразь”, выдаўся нялёгкі. А праўдзівей, такога кепскага дня не было яшчэ за чатыры гады Анатолевай службы.
Ужо трэція суткі ў рэстаране гуляў і сваволіў адзін нягоднік.
Прывялі яго з сабой два мясцовыя аўтарытэты — зладзюгі буйнога маштабу, — нешта там яны адзначалі. Як заўсёды, наладзілі страшэнны гармідар, кідаліся грашыма, паілі ўсялякіх дармаедаў і прастытутак. У тры гадзіны ночы целаахоўнікі пагрузілі іх, у поўнай непрытомнасці, на машыны… Але толькі гэтых двух, тутэйшых. Іхні ж таварыш (па чутках — бывалы піцерскі злодзей) у п’янцы ўдзелу не браў, а практычна ўвесь вечар і ноч правёў у більярднай.
Пачынаў ён спачатку сціпла, трымаўся досыць прыстойна і прыемна адрозніваўся ад сваіх сябрукоў, якіх, дарэчы, тым не менш вельмі цаніў дырэктар рэстарана, бо пад час іхніх загулаў прыбытак вырастаў амаль удвая.
Дык вось, згаданы спадар аказаўся не раўнуючы більярдным карыфеем і апусціў некалькіх паважаных заўсёднікаў на буйныя сумы. Як потым выхваляўся — агулам каля тысячы долараў. І па меры таго як разыгрываўся і багацеў гэты госць, ён усё больш смялеў, хамеў, патрабаваў да сябе ўвагі і рабалепства з боку рэстараннай абслугі.
На другі дзень ён заявіўся адразу пасля абеду, заказаў у галоўнай зале тры столікі, куды назбіраў рэстаранных шлюх, дробных жулікаў, наркаманаў, а затым паіў і карміў іх на выйграныя грошы цалюткі вечар. Там біўся посуд, раздаваліся адборныя мацюкі, бабскае хіхіканне і грубы мужыцкі рогат. Піцерац моцных напояў не піў ды амаль што і не сядзеў у гэтым хаўрусе, бо мэтанакіравана “высаджваў” з грошай більярдных аматараў. У залу ён заяўляўся перакусіць, адпачыць і паслухаць дыфірамбы, якія спявала яму загуляўшая на яго ж грошы кампанія. Асабліва шчыравала Марынка, танная прастытутка. Прывычная алкагалічка, ачмурэлая ад французскага каньяку, яна злавіла кураж і проста-такі збівала з ног афіцыянтак сваімі бязглуздымі, супярэчлівымі заказамі. Заказы яна рабіла загадным тонам, выкрыквала “Гэй, ты!”, “Ф’ю, як там цябе…” і падобнае. А Пашка Смаржок, рэстаранны блазан, падонак, запабягаючы перад піцерскім карыфеем, сваім карміцелем, раз-пораз падлятаў да аркестра і, крыўляючыся, заказваў песні ў яго гонар, выхопліваў у музыкаў мікрафон і называў яго “бацюхнам”, “блізкім сябрам” і “мілым, дарагім чалавекам”.
Рэстаранная публіка была вельмі незадаволена такімі паводзінамі. І ахоўнікам даўно б пара выкінуць і більярдыста і яго хаўрус на вуліцу, ды нельга было гэтую мярзоту кранаць, паколькі прывялі сюды неспакойнага госця людзі, пад прыкрыццём якіх, у прынцыпе, “Ветразь” існаваў. Усе супрацоўнікі гэта ведалі, а тым больш — дырэктар, Ашот Гаспаран, які даў строгае ўказанне ўсяляк залагоджваць піцерца, патураць ягоным капрызам і іншае.
Читать дальше