Там ён закурыў і, апанаваны цікаўнасцю, забег пад павець прыпынку, стаў назіраць за выхадам з начной крамы. Яўген, які ўсё ў жыцці рабіў крайне няспешна, не паказваўся. Тут Васілю падумалася, што брацельнік можа таксама пайсці на гэты прыпынак, каб ехаць у горад. Прыйшлося хутка змяніць месца дыслакацыі: Васіль кінуўся да рада гандлёвых кіёскаў – зараз закрытых і цёмных, і ўжо адтуль цікаваў за выхадам з “начніка”. Давялося выкурыць яшчэ цыгарэту, перш чым паявіўся Яўген. У руках, акрамя раскошных ружаў, ён трымаў бутэльку шампанскага. Крочыў ён неяк урачыста; калі праходзіў блізу шапікаў, Васіль заўважыў, што шампанскае замежнае, дарагое. Пакінуўшы леваруч аўтобусны прыпынак, Яўген пайшоў цераз вуліцу.
Сурмача-малодшага, які міжвольна апынуўся ў ролі прыватнага дэтэктыва, разбіраў, туманіў розум паляўнічы азарт, карцела дайсці да фіналу гэтай катавасіі. Ён зладзеявата прыгінаўся і хаваўся ва ўсе магчымыя цені і неадступна трухаў за старэйшым братам.
Яўген наблізіўся да пагорка са здзічэлым садам і пачаў яго абгінаць па асфальтаванай дарожцы. Раз ён азірнуўся, і Васілю прыйшлося рэзка сагнуцца долу, нібыта завязваючы шнуркі. Калі ж пераследнік падняў галаву, то ўбачыў наперадзе адно пустую сцяжыну. Праклінаючы сябе, Васіль памчаўся па ёй… Праклінаў ён сябе яшчэ больш, калі неўзабаве ўбачыў брацельніка, які няспешна крочыў па двары свайго дома і прычым яўна кіраваў да роднага пад’езда.
Каментарыі тут залішнія. Ва ўсякім выпадку, Васіль адназначна рашыў, што далейшае яго ўмяшанне ў ход падзей не толькі не патрабуецца сітуацыяй, але і будзе непажаданым. А таму сунуў рукі ў прасторныя кішэні кажушка, развярнуўся на сто восемдзесят градусаў і бязмэтна пацёгся наперад. Азарт прапаў, вечар паэзіі пайшоў на глум, вакол было бязлюдна і сыра…
38
Неяк няўзнак Сурмач ізноў апынуўся пад пагоркам, перасек вуліцу. На прыпынку і перад гастраномам зараз было зусім пустэльна. Адно каля “начніка”, аб чымсьці змаўляючыся, аціралася купка падазронага выгляду грамадзян. Васіль пайшоў па выбоістай асфальтаванай дарожцы ўздоўж вуліцы. Яна рабіла шырокую дугу і праз паўтара кіламетра праходзіла паблізу Сурмачава дома – толькі з іншага боку. Гэта быў гожы маршрут для прагулак.
Абапал вуліцу сціскалі бязладна і маляўніча пастаўленыя “хрушчоўкі”, наперадзе, дзе дарога рабіла найкруцейшы выгін, пачыналася раздольная пустка, за ёй паўставалі два новыя мікрараёны. Адзін – пару гадоў як абжыты. Другі – пустынны, з цёмнымі аграмадзінамі будынкаў, з цыбатымі высознымі кранамі. Дзякуючы гэтым новабудоўлям Сурмачаў мікрараён ужо тры гады як не лічыўся гарадской ускраінай, а колькасць і частата грамадскага транспарту, што праз яго праходзіў, значна павялічыліся.
Вось і зараз, няглядзячы на позні час, Васіля, які нетаропка крочыў наперад, раз-пораз абганялі бурклівыя аўтобусы і тралейбусы. І рэдка-рэдка – легкавікі. З супрацьлеглага боку амаль што нічога не выязджала. І не дзіўна: па нечай эканамічнай задуме, усе маршруты грамадскага транспарту былі пушчаны па кольцы аднабакова.
Дарожка, па якой ішоў Сурмач, асвятлялася ліхтарамі слаба – праз два на трэці. Але, як бы ім у дапамогу, з акон навіслых абапал “хрушчовак” лілося сваё адмысловае святло. У войску, калі Васіль стаяў у каравуле, за агароджай іхняй часці высіліся такія ж стандартныя пяціпавярхоўкі. За тысячы кіламетраў ад роднага дома – акурат такія ж! І, прыхіліўшыся поначы да каравульнай вышкі, падоўгу ўзіраўся тады салдат у рэдкія жоўтыя плямы акон, намагаўся разгадаць іх таямніцу, грэўся іхнім цяплом, мройліва ўяўляў якую-небудзь “хрушчоўку” сваім домам, куды ён, адкінуўшы аўтамат і перамахнуўшы цераз агароджу, можа завітаць у любы момант. Але не ідзе, але церпіць… Таму што так трэба.
Перад пусткай, што адкрывалася праваруч, Васіль наблізіўся да скрыжавання. У дваццаці метрах ад мірглівых жоўтых святлафораў знаходзілася павець аўтобуснага прыпынку, у доме напроці – маленькі магазін, а каля яго – пару тэлефонных аўтаматаў. Людзей паблізу не было, толькі з падваротні вычмыхнуў увішны “жыгулёнак”, асляпіў фарамі і віскліва збочыў на галоўную вуліцу.
Сурмач падышоў да аўтаматаў. Першы з іх не падаў ніякіх прыкмет жыцця. Зняўшы трубку з другога, Васіль расчуў кволы гудочак. Набраў нумар Марыі Лухвіч. Кароткія сігналы ўпарта сведчылі аб тым, што нумар заняты. Васіль, пацепваючыся ад золі, выкурыў цыгарэту і зноў зняў трубку: тыя ж кароткія гудкі.
Читать дальше