З прычыны лайдацтва малодшага сына Сяргей Уладзіміравіч быў не ў гуморы. І чым вышэй расла горка нашаткаванай капусты на кульгавым кухонным століку, тым у большае раздражненне прыходзіў Сурмач-бацька. Ён мацней і бязладней мянташыў нажом, усё больш зацята абыходзіўся з качанамі ды з непрыхаванай лютасцю кідаў храпкі на падлогу. Людміла Пятроўна, наадварот, працавала з зайздросным спакоем і метадычнасцю. Капусная стружка выходзіла з-пад яе нажа раўнюткай і нібыта самастойна ўкладвалася праваруч ад Пятроўны ў акуратную кучку. Гэта дадаткова гнявіла Сяргея Уладзіміравіча, бо ад яго капуста ляцела ў розныя бакі, гулліва пырскала сокам, заляпваючы белую брудапрыцягальную майку, а два разы нож слізгануў па качане і да крыві парэзаў пальцы.
– Вось жа гад, дык гад! – не стрываўшы нарэшце, здушана крыкнуў галава сям’і, саўгануў напаўабрэзаны качан да сцяны і кінуў нож на грудок скрышанай капусты.
– Не разумею, чаго ты ўвесь час псіхуеш, – скоса зірнуўшы на мужа, працягвала сваю неадступную працу Людміла Пятроўна. – Каб быў спакайнейшы, то і справа б спарней ладзілася, і пальцы цэлыя былі.
Вузкагруды муж спадылба зірнуў на яе поўную, дужую, цягавітую постаць і амаль з нянавісцю вымавіў:
– А не магу я быць, як ты кажаш, спакайнейшым, калі гэты дармаед там за сценкай чытанні-пісанні разводзіць!
Жонка змаўчала, і ў кухні некаторы час адно раздаваўся мерны, упэўнены, як бы канвеерны стук нажа аб шаткавальную дошчачку. Маўчанне Людмілы Пятроўны моцна заела гаротнага Сяргея Уладзіміравіча.
– Як жа так, Люда! – Ён узяў свой нож і зноўку прыняўся за працу. – Як ты можаш раўнадушна глядзець на яго нахабствы? Я ж яму яшчэ пазаўчора сказаў, што ў суботу капустай займаемся! Я толькі сягоння тры разы яго прасіў-маліў памагчы!
– Ну, і сказаў жа ён табе, што паможа. Чаго шалееш? – не адрываючы ад нажа вачэй, з расстаноўкай гаварыла Людміла Пятроўна. – А чым больш ты да Васіля будзеш чапляцца, тым пазней ён сюды прыйдзе. Гэта нармальны пратэст на твае камандзірскія прыставанні…
– Што? Пратэст?! – ускіпеў Сурмач-старэйшы. – А жэрці квашаную капустку ў яго пратэсту няма? Нябось кілаграмамі паглынае, прорва!
– Замаўчы! – з пагрозай зірнула на яго жонка.
– Сама замаўчы! – задзірыста крыкнуў бацька і тут жа віскліва заскавытаў, адшпурнуў нож ды схапіўся правай кісцю за адзін з пальцаў левай. З пальца пацякла кроў.
Праз пяць хвілін, закончыўшы чарговую перавязку і адзяваючы на мужаву руку гумавую пальчатку, Людміла Пятроўна супакойліва гаварыла:
– Ну сам сабе вораг! Ведаеш жа сябе: і язва і печань у цябе – усё ад нерваў.
– Не ад нерваў, а ад гэтага злыдня. Ад гэтага гультая-паэта хутка ў магіле буду, – бурчаў муж.
– Намый пакуль што морквы, – параіла Людміла Пятроўна. – У цябе ж рукі ад шалу калоцяцца. Гэтак скалечыцца можна…
– Гэта ты сыночку свайму ненагляднаму гавары. – Натурысты Сяргей Уладзіміравіч на злосць жонцы ўзяўся за нож і карцінна, усім корпусам налягаючы на качан, пачаў яго бэрсаць.
– За дурной галавою і рукам няма спакою, – з прыкрасцю махнула на яго рукой Людміла Пятроўна.
– Не будзе дзве смерці, раз трэба памерці, – адчайна здасціпнічаў муж і шустрэй замянташыў нажом па капусце.
Але працаваў нядоўга. Праз хвілін пяць, адкінуўшы рыштунак, Сяргей Уладзіміравіч ізноў звярнуўся да жонкі:
– Не, ты як сабе хочаш, а я яго паклічу, – у роспачы пачаў ён. – Я яго прывалаку ды носам уваткну ў гэтую кучу. Я яго рукі свае перарэзаныя цалаваць змушу!
– Закрый рот, ненармальны. Зараз суседзі збягуцца, – строга папярэдзіла мужа жонка.
– Я гэтую нахлебніцкую псіхалогію з яго выкалачу! – Сяргея Уладзіміравіча ўжо цяжка было спыніць. – Падлюга! Дармаед! – лямантаваў ён. – Ты мне, маці, не затыкай рота! Хай чуе, такая дрэнь, хто ён ёсць! Дармаед! Нягоднік!! Скаціна!!!
Людміла Пятроўна рэзка паклала нож, сарвала з крука фартух і замахнулася на развар’яванага мужа.
– Замаўчы! А то я цябе ўціхаміру.
Яе рашучая дужая постаць і цвёрды, упэўнены голас крыху ахаладзілі разгарачанага Сяргея Уладзіміравіча. Ён нават машынальна прыкрыў твар рукамі, напраўду апасаючыся хвосткага ўдару злямчаным фартухом. Ягонае аблічча на секунду баязліва скрывілася. Затым вузкагруды галава сям’і шарахнуўся ўбок – да сцяны – і апусціўся на табурэтку каля стала.
– Што ж гэта творыцца, Божухна! – ашчаперыўшы галаву, заенчыў ён немым шэптам. – У сваім, уласнаручна пабудаваным доме, прыбіральшчыкам, чорнарабочым жыву.
Читать дальше