Гэта была дзяўчына гадоў дваццаці пяці, а можа, зважаючы на сучасную акселерацыю, і маладзейшая. Ростам яна сягала далёка за метр семдзесят. Кароткія рыжыя валасы абрамлялі паглядны кірпаносы твар. Зрэшты, твар меў даволі дурнаваты і няўцямны выраз. Гэтаму спрыяла нязводная ўсмешка, якая адкрывала верхні рад бялюткіх зубоў. Салатавая, амаль празрыстая, блузка шчыльна абцягвала шчодрыя грудзі гэтай паненкі. Плечы яе былі шырокія, яўна шырэйшыя за Юрасёвы, талія ж кантрастна вузкая, бёдры яшчэ шырэйшыя за плечы, магутныя клубы ледзь прыкрываліся блішчастай чорнай спадніцай.
Паколькі госця была ў туфлях на высокіх абцасах, то побач з недалужным Юрасём выглядала нейкай аграмадзінай і здавалася вышэйшай за яго на цэлую галаву. Ад яе веяла крамяным здароўем і сексуальнасцю.
— Сядай, Кацярына, — указаў ёй Багатка-малодшы на крэсла каля стала. — Сядай, падмацуемся.
Дзяўчына села, закінуўшы нагу на нагу, пры гэтым кароткая спадніца паднялася яшчэ вышэй і агаліла такія вабноты, ад якіх бы любога нармальнага мужчыну перасмыкнула. Яна зняла дамскую сумачку з левага пляча і кінула на канапу.
— Як дабралася? — Юрась прысеў насупраць яе.
— На таксі, як жа яшчэ, — хмыкнула Кацярына. — Дорага. А на грамадскім транспарце не паедзеш, бо пешкі многа ісці. Раён жа бандыцкі.
— Правільна, — сказаў гаспадар гэтай таямнічай хаціны. — Але для таго я і плачу табе добрыя грошы. Ці, можа, табе здаецца, што мала?
— Не мала, — згадзілася Кацярына, — але ж, прабач, і работа.
— А як ты думала! — перабіў хлопец. — Добрыя грошы за халяву не плацяць.
— Ладна, дай закурыць, ці што. — Госця зляпіла капрызную міну на сваім прыгожанькім паўнашчокім і паўнагубым твары.
Юрась працягнуў ёй свой бела-зялёны пачак, узяў і сам цыгарэціну. Яны запалілі і пару хвілін праседзелі моўчкі.
— Ну што ж, перакусім. — Юрась устаў і кінуў недакурак у пустую вазу, што стаяла на падаконні; Кацярына зрабіла тое самае.
Вярнуліся на свае месцы і прыступілі да трапезы. Спачатку адкаркавалі віно, выпілі па келіху, затым паспыталі ўсяго патрошку. За ядой перакідваліся нешматлікімі малазначнымі словамі.
Скончыўшы есці, Юрась дастаў з кішэні штаноў запаветную плоскую каробачку, зняў з яе накрыўку, узяў на палец трошкі парашку, нанёс на край ноздраў і пацягнуў носам.
— На, панюхай і ты, — перасунуў ён каробачку па стале да дзяўчыны.
— Ды не буду я гэтую дрэнь! — запрацівілася тая.
— Вазьмі, — нягучна, але настойліва паўтарыў гаспадар. — Гэта для тонусу. Мне вельмі не спадабалася, што мінулым разам ты была млявая.
Кацярына нехаця і з відавочнай грэблівасцю ўжыла какаін.
— Ну як? — папытаўся ў яе праз некаторы час расчырванелы Юрась. — Дзейнічае?
— Яшчэ б яна не дзейнічала, такая зараза! — Дзяўчына расшпіліла два верхнія гузікі блузкі.
— Хутка пачнём. — Юрась яшчэ раз напоўніў фужэры. — Не ўтойваю, што сёння чакаю ад цябе большага. — Ён хітравата ўсміхнуўся. — Гэта я на прыбаўку намякаю, ты разумееш?
— Зраблю ўсё, што змагу. — Кацярына выпіла адным глытком паўфужэра.
— Добра, а цяпер зачынім гэтую аканіцу. — Хлопец указаў рукой на акно, што выходзіла на вуліцу. — Я зараз пайду, а ты, як толькі прасуну стрыжань, замацуеш яго цвіком. — Ён падняўся, падышоў да ўзгаданага акна, засунуў руку за шторыну, пашнарыў на падаконніку і дастаў адтуль вялізны цвік.
Цвік Юрась аддаў Кацярыне, а сам адправіўся на двор.
Неўзабаве зарыпелі завесы аканіцы, і праз адтуліну ў драўлянай сцяне, праваруч ад акна, вылез канец жалезнага стрыжня з круглай папярочнай дзірачкай. Дзяўчына, якая ўжо стаяла каля адтуліны, тут жа замацавала стрыжань цвіком, усунуўшы яго ў дзірку.
Юрась, як толькі вярнуўся, скамандаваў:
— Ну, ідзі ў спальню.
Калі Кацярына выйшла з залы, ён стаў паспешліва распранацца. Скінуў абутак, штаны, майку і застаўся ў адных доўгіх сямейных трусах.
— Ну што там! — нецярпліва крыкнуў ён сваёй госці.
Тая не адгукнулася, але праз некалькі секунд паказалася ў дзвярным праёме ўласнай персонай. Выглядала Кацярына ашаламляльна. Свежае, з магутнымі формамі цела адно сімвалічна прыкрывалі белыя ліфчык і трусікі. Настолькі вузкія, што відаць іх было толькі па кантрасце з загарэлым целам.
Дзяўчына стала падыходзіць да Юрася, пагойдваючы ўсімі вабнотамі, з нязменнай дурнаватай усмешкай на твары.
Той стаяў не варушачыся. Нізкі, хударлявы, сутулы, кудлаты і танкашыі, ён выклікаў нейкі дзівосны, пачварны дысананс з раскошнай і пышнацелай госцяй. Яе можна было ўявіць у абдоймах двухметровага атлета, але ніяк не гэтага заморка ў сямейных трусах.
Читать дальше