Хольц раптам паморшчыўся, злосна плюнуў, кінуў у печку недакураную цыгарэту. Чортаў Сталінград! Успомніўся зусім недарэчы. У Сталінградскім «катле» ён, праслаўлены герой фатэрланда, добра ашпарыў пяткі. Трыбунальцы дагналі яго ўжо на беразе Чорнага мора і пасадзілі на лаву падсудных. I сам нямецкі «гот» не змог бы дапамагчы свайму адважнаму сыну, калі б... калі б не фельдмаршал Паўлюс. Выручыў! Узяў і здаўся рускім. Разам са сваім штабам. Разам з камандзірамі дывізій, карпусоў, брыгад, разам з сотнямі тысяч іншай вайсковай драбязы.
Здаўся фельдмаршал. Здаліся генералы. А ён, маёр Хольц, не здаўся. Біўся да апошняга салдата. Нават ардынарца страціў. Ну а потым... што, паны суддзі, было рабіць яму потым? Вырваўся, каб зноў пайсці на Маскву. А то і далей, да Урала.
Гэтыя факты і довады здаліся суду слушнымі, і Хольца не расстралялі. Нават не разжалавалі, не пазбавілі ўзнагарод. Яго зноў кінулі ў акопы, цяпер пад Віцебск. Замест палка далі батальён і папярэдзілі: адпачні, герой, ачомайся і дуй на Маскву. А не...
З-пад Віцебска, які, як і той Сталінград, ужо быў акружаны рускімі, Хольц не ўцёк. Яго разам з батальёнам, цяпер ужо асобым, узмоцненым танкавай ротай, артылерыйскім дывізіёнам і дзвюма мінамётнымі батарэямі, перадалі нейкаму паліцай-генералу Баху (чорт вазьмі, адзін — Шылер, другі — Бах!). А гэты Бах кінуў апальнага маёра біць партызан.
«Ну, што ж, біць дык біць. Каго б там ні было, абы ў імя вялікай Германіі. Хольцу не прывыкаць. I тут ён пакажа гэтым ваякам слаўнага нямецкага тылу, хто ён, маёр Хольц, і як умее ваяваць сапраўдны нямецкі афіцэр».
Ад такой бадзёрай думкі на сэрцы ў маёра Хольца зноў стала хораша. Ён дастаў з-пад стала бутэльку, адшукаў на стале штопар. І тут яркая ўспышка маланкі асвяціла вокны хаты, бабахнуў пярун, ды так, што хата захісталася і на стале замітусіўся язычок полымя свечкі.
«Э-э-э, швах! Навальніца. Ды яшчэ ліне дождж, — занепакоіўся маёр. Прыслухаўся, махнуў рукой: — Напляваць. Снарады ды кулі дажджу не вельмі баяцца. Каго трэба — знойдуць».
— Пан маёр, партызаны!
Хольц няспешна вярнуў на стол бутэльку, азірнуўся на голас. На парозе ў мокрай стракатай плашч-палатцы стаяў маладзенькі лейтэнант, камандзір узвода разведкі.
— Дзе? — раўнадушна пацікавіўся маёр.
— Тут. Я сядзеў за шашой у кустах і добра чуў рускія галасы.
— Што гаварылі?
— Я... я не разумею па...
— Швах. Разведчык павінен разумець.
Накінуўшы на шырокія плечы плашч, маёр узяў аўтамат і следам за лейтэнантам выйшаў з хаты.
Ліў дождж, маланкі паласавалі чорнае неба. За шашой на імгненне ўзнікалі і тут жа зноў гінулі ў цемры вострыя верхавіны ялін.
Спыніўшыся пад разлогай старой яблыняй, буйная квецень якой свяцілася нават у цемры, Хольц коратка спытаў:
— Дзе?
— Тут, — высунуўшы галаву з-пад нізкай белай галіны, зашаптаў кулямётчык, які ўладкаваўся пад яблыняй. — Яны толькі што...
— ...Тваю маць! Ну дзе ж яны, дзе? Не скрозь зямлю ж яны праваліліся? Шпунт! Ты ж першы ішоў!
— Пад вываратнем застаўся твой Шпунт!
— Чуеце? — ціха шапнуў лейтэнант. — Яны, рускія...
Маёр холадна ўсміхнуўся, намацаў ракетніцу, і адна за другой тры чырвоныя ракеты прадзіравілі чорнае неба. I ў адну нейкую кароценькую хвіліну і блізкі лес, і шырокую прасеку перад ім, і гладкі шэры асфальт магістралі, густа заляпаны фіялетавымі маслянымі плямамі, заліло мора агню. У небе гарэлі дзесяткі ракет, вогненны вал ад шматлікіх разрываў мін і снарадаў то накатваўся на чорную сцяну лесу, то, нібы адштурхнуты ім, паволі сунуўся назад да магістралі. То на хвіліну прыпыняўся, цяжка тупаў на месцы, нібы вырашаючы, куда падацца далей, і з новай сілай кідаўся на лес, ламаў векавыя дрэвы, шпурляў у акрываўленае неба з карэннем вырваныя пні. Сарваўшы з плячэй плашч і кінуўшы яго на рукі ардынарцу, Хольц выбег на асветлены асфальт, адну за другой паслаў у бок лесу яшчэ дзве чырвоныя ракеты, і ўсё ў тым жа дзікім экстазе глядзеў, як мітусяцца ў крывавым моры агню ахопленыя жахам шэрыя здані. Яны то кідаюцца на зямлю, то запаўзаюць за пні, але паратунку няма нідзе. Нарэшце, інстынктыўна зразумеўшы, што збавенне ўперадзе, усе, хто яшчэ ўцалеў, кінуліся да магістралі. Хольц задаволена ашчэрыў зубы, узняў над галавой ракетніцу і пусціў у неба белую ракету. I адразу ж, нібы сотні фантастычных швейных машынак, застракаталі кулямёты і аўтаматы, і тысячы вогненных ніцей перапляліся паміж сабою, сплялі свінцова-фосфарны саван усім, хто яшчэ варушыўся на гэтым разварочаным, знявечаным лапіку зямлі.
Читать дальше