АЛЕСЬ ШАШКОЎ
ЦІХАЯ ЛАНЬ
РАМАН
Раздзел першы
Чорны туман
I
Над Ціхай Ланню — змрочная, ад веку бездаглядная пушча. Нібы стары крумкач, распасцёрла яна магутныя чорныя крылы над задуменнай, лянівай ракой, пад густым ценем сваім надзейна схавала ад вока людскога нямала маленькіх азёр i гіблых балот. Азёры i балоты даўно зараслі непралазнымi трыснягамі, дрэвы вакол стаяць цесна, абраслі сівым мохам, і снягі, занесеныя сюды злымі вятрамі, ляжаць аж да самага лета, вада ў рацэ плыве вольна, злосна варочаецца пад ніцым веццем старых вярбін, пад акасцянелым голлем панурых дубоў. I толькі ўжо дзесьці ў ліпені, калі ляціць з бяроз долу першы ліст, а на старых рабінах нясмела загараецца бледна-жоўтае полымя, Лань пачынае мялець. I тады раптам аказваецца, што сапраўдных віроў тут не набярэцца і тузіна.
Адзін з гэтых віроў, самы знакаміты на гэтай рыбнай рацэ, Васіль Крамнёў, які з цяжкай скрынкай на руках ратаваўся ад фашысцкай пагоні, і ўбачыў якраз у той момант, калі раптам адчуў, што сілы яго скончыліся: яшчэ некалькі крокаў — і ён паваліцца ў халодную мокрую траву.
«Чортаў вір! — Крамнёў застыў на краі крутога абрыва. — Ну, гады, цяпер вам мяне не ўзяць!»
З размаху шпурнуў у ваду жалезную скрынку, дзіка азірнуўся.
Па вузенькай зялёнай сцяжынцы, што засталася ад яго, Васілёвых, ботаў, у высокай, белай ад расы траве кацілася да ракі нешта няўклюднае, падобнае на вялікі спарахнелы корч, падхоплены шалёным парывам ветру. Ён, гэты корч, быў ужо блізка, да яго не заставалася і пяці крокаў, і Васіль ахнуў: гарбун!
...Скамянеўшы, поруч стаяў бургамістр Паўзуновіч-Валькоўскі. Сагнуўшыся, па-гусінаму выцягнуўшы жылістую шыю, ён глядзеў з абрыву ўніз, у чорную бездань, якая толькі што праглынула цяжкую жалезную скрынку — яго, Валькоўскага, запаветны скарб, апошнюю надзею на шчаслівую будучыню, дзеля якой і вярнуўся сюды, у свой родны маёнтак. «Езус Марыя, — бязгучна ўздрыгвалі белыя вусны гарбуна. — Няўжо? Не-не, яна ж тут, блізка, яе можна дастаць!» — Ён гнуўся ўсё ніжэй і ніжэй, цёр вочы рукою, і здалося, што бачыць яе, бачыць выразна, нібы яна не ў шматметровай глыбіні цёмнай вады, якая грозна віруе пад навіслымі кустамі лазы, а ціха гойдаецца на маленькіх хвалях каля самага берага. Вось яна, вось, стальная, з надзейным сакрэтным замком, ключ ад якога і цяпер ляжыць у ягонай кішэні! Колькі разоў, схаваўшыся ад чужога вока, трымаў ён гэтую скрынку на каленях, колькі разоў адмыкаў яе, перабіраў, пералічваў усё тое, што ў ёй хавалася! I не бляск золата — новае, багатае жыццё, вясёлыя агні Парыжа, які два гады назад у фашысцкім абозе ён пакінуў амаль жабраком, заманліва ззялі, зіхацелі, пераліваліся перад яго запаленымі вачыма.
Ззялі... Шчасце знікла, як сполах маланкі, боўтнулася ў чорную кіпучую бездань!
Злая, грэблівая ўсмешка слізганула па твары Крамнёва. Схаваўшы руку з пісталетам за спіну, ён асцярожна ступіў бліжэй да гарбуна, ціха шапнуў амаль у самае вуха:
— Добрай раніцы, пан бургамістр.
Валькоўскі падскочыў, нібы пад нагамі разарвалася міна. Цяжкі парабелум выслізнуў з яго павіслай рукі, знік у мокрай траве. Але гарбун, здаецца, гэтага і не заўважыў. Ён павольна, задам, сунуўся прэч ад ракі, ад яе крутога страшнага берага. Вялікая квадратная галава канвульсіўна ўздрыгвала, усё глыбей і глыбей хавалася ў худыя шырокія плечы, і цяпер між вострых гарбоў тырчэла толькі высокая афіцэрская фуражка, ды пад яе казырком ліхаманкава гарэлі вялізныя сінія вочы, поўныя смяротнага жаху. Крамнёў! Той самы «рэгулярнік», партрэты якога ён сам, бургамістр Валькоўскі, сваімі рукамі так нядаўна расклейваў на сценах вясковых хат, гонарам Кубэ абяцаў многія тысячы рэйхсмарак, зямлю, кароў і коней кожнаму, хто дапаможа злавіць бандыта ці хоць прынясе яго галаву! Чаму не пазнаў яго адразу там, на лясной паляне?
А не пазнаў... I не таму, што было яшчэ цемнавата, што наўкол панаваў перадранішні паўзмрок і курэўся нейкі чорны туман. Не таму! Раптам убачыўшы на руках «ляснога бандыта», што не паспеў сесці ў самалёт, сваю запаветную скрынку (Божа, ды ён мог пазнаць яе і ў глухой цемры, навобмацак!), захліпнуўся ад радасці. А яшчэ больш — ад дзікай лютасці. Вочы прыліплі, прыкарэлі, прыраслі да шэрай бліскучай сталі, і ён ужо нічога іншага не бачыў. Дык вось хто ўкраў яго скарб! — з размаху цяжкім молатам грукала кроў у запалыя скроні гарбуна. Вось хто прынёс яму столькі страшных пакут!
Читать дальше