— Немцы ставяць цяжкія мінамёты за ярам, насупраць перашыйка. Я налічыў аж дванаццаць ствалоў.
— Ого! Не менш, як дзве батарэі, — прысвіснуў нехта з камандзіраў, відаць, былы мінамётчык.
— Будзем акопвацца? — зірнуў на камбрыга Васільеў.
Дубровіч трошку памаўчаў, раздумваючы над пачутым, потым павярнуўся да камандзіраў атрадаў і загадаў:
— Пашліце сувязных. Капаць індывідуальныя ўкрыцці. — Пачакаў, пакуль сувязныя разбягуцца кожны ў свой бок, і ціха аб’явіў: — Пачнём, таварышы.
Павесялеўшыя пасля прарыву з блакады камандзіры сціхлі, нібы да іх ног раптам лягла цяжкая міна, гатовая вось-вось разарвацца. Камбрыг няспешна развёў цяжкія яловыя лапы, выбраўся з-пад яліны, паклікаў:
— !дзіце, хлопцы, сюды. I слухайце ўважліва. Бачыце вось гэта возера, што па правы бок перашыйка? Дык вось, як толькі пачуеце каманду «Рыба»! — усе, як адзін, залазьце ў ваду. У мячэўнік, у рагоз, за карчы, і — ні гуку! Захоча хто чхнуць — галаву ў ваду і там чхай. Я з групай разведчыкаў пакуль застаёмся тут. На ўсякі выпадак. Пакуль вы не апынецеся на тым баку возера, у пушчы. — Далей вас павядзе палкоўнік Хмара, камандзір злучэння. Куды — ён ведае. Усё, таварышы. !дзіце і адпачывайце. Думаю, сёння немец чапаць не стане. Ён так спяшаўся загнаць нас у гэты мех, што і сам прыцюпаўся. Будзе адпачываць. Ну ды вы ўсё ж вачэй з іх не спускайце. Эсэсавец ёсць эсэсавец, звяруга хітры...
Застаўшыся адзін на адзін з камандзірам злучэння, Дубровіч вінавата ўсміхнуўся і ціха спытаў:
— Не крыўдуйце, што я так, адным махам, «разжалаваў» вас да камбрыга.
Хмара хваравіта паморшчыўся:
— Кіньце глупства. Не да жартаў, — ён азірнуўся: ці не слухае хто яшчэ, нахіліўся бліжэй да камбрыга, з трывогай спытаў: — Мірон Iгнатавiч, вы хіба не ведаеце, што гэтыя балоты, якія чамусьці названыя азёрамі, непраходныя?
— Няўжо?! — ахнуў Дубровіч, і яго вочы ўпершыню за многа дзён весела заіскрыліся. Ён таксама нахіліўся да самага вуха палкоўніка і прашаптаў, нібы выдаваў найвялікшую тайну: — Такімі іх тапографы, мазілы картачныя, зрабілі. Убачылі карчы, трыснягі, мячэўнік, рагоз ды мох, вось і намалявалі: непраходныя. Маўляў, не верыш — правер. Здымай штаны і мерай. Што, дарэчы, мне і прыйшлося зрабіць, праўда, не па сваёй ахвоце, ды яшчэ позняй восенню... Ну ды аб гэтым хопіць, — абарваў ён самога сябе. — Давайце залезем у гэты калючы чум, для храбрасці глынём па каліве заморскага зелля ды забурымся спаць. Упэўнены, сёння немец нас не кране. Паставіў на нас крыж. Ну ды гэта мы яшчэ пабачым...
VI
Карнікі і сапраўды не трывожылі брыгаду, аж пакуль яна сама, ужо ўпрыцемку, не кранулася з месца. Тады заварушыліся і яны, а як добра сцямнела, спыніліся зноў і прапусцілі наперад роту «вызваленцаў».
— За рускія спіны схаваліся, — злосна заўважыў Сіўцоў, а Хмара, які стаяў побач, сумна дадаў:
— Якія яны рускія? Апранулі рускія шынялі ды на шапкі царскія какарды начапілі.
— I ўсё ж... праклятая доля! За сорак тры гады жыцця другі раз мне прыходзіцца браць на мушку сваіх! — Дубровіч злосна вылаяўся, павярнуўся да Сіўцова і, стрымліваючыся, загаварыў: — Слухай, Павел Ьанавіч: рэзка мяняем тактыку. Брыгаду — у возера на той бок, а далей — у пушчу. А мы з табой вядзём уласаўцаў за сабою аж да магістралі. Разумееш? Не? Зразумееш пасля... А вы, Леанід Пятровіч, — павярнуўся ён да палкоўніка, — ідзіце за мной.
Праз густыя зараснікі маладзенькіх ялін яны праціснуліся да вады. Бераг быў нізкі, парослы крамяным высокім аерам, але сухі. Дубровіч абняў левай рукой худыя плечы палкоўніка:
— Глядзіце за возера. Бачыце на тым беразе адзінокі дуб?
— Пачакайце, — вінавата ўсміхнўся Хмара. — Вазьму бінокль. Пасля кантузіі нешта вочы сталі падводзіць... Ага, бачу.
— На гэты дуб і кіруйцеся. На возеры асцерагайцеся. Чорт яго ведае, можа, дзе і сапраўды дрыгвяніста. I такіх азёр у гэтай пушчы хапае. Дык вы роўненька, адсюль і туды. Зараз зусім стане цёмна, дык не марудзьце, дарога не лёгкая... Ага, ледзь не забыўся. Вось, вазьміце. Вада яшчэ дужа халодная, выйдзеце на бераг — пагрэецеся...
Дубровіч сунуў у кішэню палкоўніка недапітую бутэльку каньяку, на момант прыгарнуў яго да сябе, павярнуўся і знік за густымі ялінкамі.
***
Адшукаўшы Сіўцова, Дубровіч уладкаваўся на тоўстым паваленым дрэве сярод яшчэ зялёных духмяных калючых лап, ціха спытаў:
— Далёка яны?
— Немцы? Далекавата. Чамусьці не дужа спяшаюцца. Самі фрыцы даўно спыніліся, залеглі на перашыйку ад вады да вады, паставілі кулямёты. Цяпер ідуць толькі г э т ы я. Асцярожна ідуць. Наперадзе — разведка, чалавек адзінаццаць. Вядзе афіцэр. А потым ужо, мо за паўкіламетра, цягнуцца яшчэ чалавек сто, а можа, троху і больш, таксама т а к і х. Ракеты паляць. I немцы, і г э т ы я. Пад нагамі шышкі можна збіраць...
Читать дальше