Хмара асцярожна паціснуў плячо Мірона, вярнуўся за стол, зноў схіліўся над картай. I думаў. Так, Дубровіч і яго сын вывелі брыгаду, уратавалі многія сотні людзей, і людзі назаўсёды захаваюць у памяці іх імёны. Складуць песні, напішуць кнігі і вершы, створаць легенды. I будуць яны жыць у народнай памяці доўга-доўга, можа, і вечна. А ты? Ці ўдасца табе, палкоўнік Хмара, уратаваць злучэнне, якое паслаў вось сюды, на Палік, у гэты гіблы кут, куды Буш, Готберг і нейкі там Бах нацэлілі свае смяротныя тлустыя чорныя стрэлы?
— Што гэта ты тут такое ўгледзеў, што не можаш ад карты вачэй адарваць?
Хмара ўздрыгнуў. Побач, абапёршыся на аўтамат, стаяў Мірон Дубровіч і таксама глядзеў на карту.
— Ды вось... Я, камбрыг, тут шмат чаго ўгледзеў, — стрымана азваўся палкоўнік і паглядзеў у вочы Мірону: расказаць? «Не, пакуль не трэба...» — Карту падарыў нам Шылер. Вывучаю. Многа цікавага, можа, што і нам спатрэбіцца.
— Бачу, бачу... — Дубровіч паклаў на стол аўтамат, запусціў руку ў глыбокую, як торба, кішэню скуранкі, доўга там нешта шукаў. Нарэшце вывернуў кішэню і асцярожна высыпаў на газету нейкую бледна-карычневую пацяруху, падміргнуў палкоўніку:
— Во, а такое ты бачыў? Закурвай, хопіць на двух. Скруціць табе?
— Э, ды я і сам! Налаўчыўся, — павесялеў Хмара. — Ведаеш, аж вушы апухлі. Тыдзень дыму ў роце не было.
— Ды не, здаецца, не вельмі апухлі, — пакратаўшы бледнае вуха палкоўніка, жартаўліва заўважыў камбрыг. — Трошку падвялі, факт. Як падмарожаныя апенькі.
Скупа ўсміхнуліся і закурылі.
Дзесьці на краю вёскі, відаць, каля Лазоўскага моста, адзін за адным разарваліся тры цяжкія снарады. Гарматы ўдарылі аднекуль здалёк, іх стрэлаў у школе ніхто не пачуў, але ўсе насцярожыліся.
— Прыстрэльваюцца, — з’явіўся на парозе заклапочаны начштаба. — Снарады леглі каля самага моста, з нашага боку. Відаць, хочуць адрэзаць нам шлях за раку.
— За раку, кажаш? Ну і няхай сабе рэжуць. — Дубровіч ляніва развеяў рукою смярдзючы дым ад самакруткі, трошку паслухаў і, не дачакаўшыся новых разрываў, спытаў у Васільева: — Сіўцоў тут?
— Тут, таварыш камбрыг! — вынырнуў з-за дзвярэй разведчык.
— Загадай сапёрам зараз жа падпаліць мост. У школьным двары машына стаіць, вазьміце бензіну і абліце насціл. Мост драўляны, а на вуліцы суха. Загарыцца. А камандзірам атрадаў скажы, няхай выводзяць людзей на луг, што за школай. Там канава ёсць, ты яе павінен ведаць. Цягнецца аж да лесу. Вось у гэтай канаве няхай і залягуць. Зразумеў? Ну, дык бяжы. А ты, — павярнуўся ён да Васільева, — далучайся да нас. Думаць будзем.
— Таварыш камбрыг, — пераступіўшы з нагі на нагу, азваўся Сіўцоў. — Там мае хлапцы фрыцаўскі склад надыбалі. Патроны розныя ёсць, зброя ды яшчэ і прадукты. Я сам праверыў. Паставіў вартавых. Баюся, расхапаюць.
— Во, гэта, брат, добра, — ажывіўся Дубровіч. — Падзяліце ўсё паміж атрадамі. Скажы камандзірам, каб людзей табе выдзелілі. Ды пароўну дзялі, чуеш? Я тваіх шалапутаў ведаю.
— Слухаю! — відаць, за ўсю сваю партызанскую службу грукнуў абцасамі Павел, спрытна крутнуўся і вылецеў за парог.
— Бачыў? — зірнуў на палкоўніка Дубровіч. — Кажуць: п а р т ы з а н ы! Паручык! — Крыху памаўчаўшы, уздыхнуў: — Эх ма! Жраць усе хочуць!.. Ладна, цягнем, хлопцы, канапу да стала, часу мала.
Дубровіч разгарнуў на стале паверх карты Шылера сваю карту, замурзаную «двухвёрстку», запытальна зірнуў на палкоўніка.
— Калі ласка, — кіўнуў галавой Хмара.
— Ну калі так... Я, Леанід Пятровіч, тут пахадзіў нямала. На многіх сцежках-дарожках пакінуў след... — Употай кінуў на палкоўніка кароценькі погляд: не пакрыўдзіў? Здаецца, не. Дубровіч забраў у кулак левай рукі бараду, загаварыў больш спакойна, так, як заўсёды, калі гаварыў з тымі, хто п а в і н ен быў яго слухаць: — З блакады вырваліся. Факт. Цяпер, пакуль нас яшчэ трымаюць ногі, трэба адрывацца ад карнікаў. Не паспеем — хана.
— Ну і куды пойдзем? — памаўчаўшы, відаць, чакаючы, што скажа палкоўнік, спытаў Васільеў. — За раку ты, здаецца, не хочаш?
— На Палік? Чаго? Там і без нас... — Ён нешта хацеў дадаць, але ўстрымаўся.
— Куды ж?
— Напрыклад, вось сюды, — Дубровіч нахіліўся над сталом, тыцнуў агрызкам алоўка ў карту-двухвёрстку. Васільеў прыўзняўся з канапы, зірнуў:
— На Вілейшчыну?
— На Вілейшчыну. Там, калі не памыляюся, яшчэ ціха. Ды і камандзір тамашняй зоны — чалавек мне добра знаёмы. Дапаможа. Вобласць багатая.
— Мірон Ігнатавіч, пачакай. — Васільеў паспешна стаў побач з Дубровічам, узяў з яго рукі аловак: — Бачыш? Магістраль Мінск—Масква. Аўтама-гі-страль. Разумееш? Яе не абыдзеш. Яе трэба будзе пе-рай-сці. Усёй брыгадай. Пятнаццать атрадаў! Даруй, але няўжо ты думаеш, што немец, які выдатна ведае, што мы больш за месяц былі ў блакадзе і што жываты ў нас даўно прыраслі да спіны, а значыць, кінемся адразу туды, дзе хлеб, а хлеб толькі там, у заходніх раёнах, бо Віцебшчына даўно спустошана бандамі Баха, Готберга, Хойзенгера, ужо такі дурны...
Читать дальше