Хмара схаваў у папку шылераўскія паперы, апрача адной. Гэта быў «загад» ЦШПР. Свежанькі. Ад яго яшчэ патыхала друкарскай фарбай. Гідліва, як нешта мярзотнае, узяў у рукі паперку (як дасканала ўсё зроблена!), яшчэ раз прачытаў ім жа, Хмарам, падкрэсленыя словы: «Строга сакрэтна... Цэнтральны штаб партызанскага руху... З А Г А Д В А Е М: ...Не распыляць сілы... Трымацца вялікімі групамі... Адыходзіць у непрыступныя для нямецкай тэхнікі забалочаныя лясы і чакаць зручнага моманту для сакрушальнага ўдару па ворагу... Варашылаў, Панамарэнка».
Кінуў «загад» на стол, злосна вылаяўся. Гады! Як лоўка скарысталі нашу ідэю! Нашу. Не Гімлер, не Готберг, і не гэты паршывы Бах — аўтары гэтых радкоў, хоць і надрукаваны яны ў сценах гітлераўскай рэйхсканцылярыі. Нямецкая разведка проста скарыстала нашы, маскоўскія, парады партызанам, пераклала іх у строгую форму загада і праз сваю агентуру заслала туды, куды трэба: выконвайце.
I выконваем. Хіба не ён сам, атрымаўшы вось такую паперку, накіраваў «у непрыступныя для нямецкай тэхнікі забалочаныя лясы» сваё злучэнне, апрача вось гэтай змардаванай брыгады, што трапіла ў акружэнне? Дзе яны зараз, яго «нераспыленыя сілы»? А дзе другія шматлікія брыгады, палкі і злучэнні? Хіба іх камандзіры менш дысцыплінаваныя, чым ён сам, палкоўнік Хмара?
Хмара падняўся, нервова паляпаў рукою па кішэнях, дарэмна шукаючы курава, сеў зноў. Абапёршыся на стол, сціснуў рукою лоб, заплюшчыў вочы. I адразу ж узніклі перад ім вузкія разбітыя прасёлкі, а на іх — абозы, абозы, абозы... З жанчынамі і дзецьмі, з параненымі і хворымі, з бедным партызанскім рыштункам: скрынкі з патронамі, ручнымі гранатамі, мінамі, мяхі бульбы, мукі ці проста не расцёртага жорнамі жыта.
Абозы... Абозы... Абозы. I ўсё туды, у «забалочаныя лясы». I хутка ўся гэта шматтысячная «нераспыленая сіла» ляжа ў халодную мутную балотную твань, будзе чакаць зручнага моманту для нанясення сакрушальнага ўдару...
I сакрушальны ўдар будзе. Уся гэта бахаўская зграя, што зараз вольна гуляе па вёсках і толькі зрэдку падганяе абозы: туды, туды, на Палік, на балоты! — надзейна акружыць «забалочаныя лясы» і будзе біць. З усіх бакоў, усіх калібраў! I з паветра таксама. А каго не знішчаць снарады і бомбы — здохнуць з голаду. Ці, узняўшы апухлыя і набрынялыя вадою рукі, выйдуць на бераг, каб хоць легчы ў сухую магілу...
Леанід Пятровіч да болю сцяў зубы. Упершыню за ўсю вайну яму стала па-сапраўднаму страшна. Тысячы, многія тысячы людзей лезуць у пастку, ідуць на верную смерць, і няма ў яго, палкоўніка Хмары, сілы спыніць іх, уратаваць. Лавіну, што зрушыла з вяршыні гары, чалавеку, хто б ён ні быў, стрымаць немагчыма...
...Паціху адчыніліся дзверы. Увайшоў Павел Сіўцоў. Дубровіч, які, відаць, толькі яго і чакаў, адарваўся ад акна, зрабіў крок насустрач разведчыку. Павел апусціў галаву, ціха прамовіў:
— Не знайшлі... Сам шукаў... — Нібы баючыся, што камбрыг не паверыць яму, працягнуў мокрыя брудныя рукі: — Во, усю зямлю вакол школы абмацаў, пад кожны куст зазірнуў. Нідзе...
— Ладна. !дзі, Пашка... Не, пачакай, — Дубровіч павольна падышоў да фікуса, нахіліўся і нейкі час уважліва ўглядаўся ў твар мёртвага эсэсаўца, потым рэзка выпрастаўся, ударам нагі выбіў з яго рукі «парабелум», павярнуўся да Сіўцова: — Вазьмі, Пашка. Адпомсціш... Ведаю, ты любіў Віцьку... А гэтага... выкіньце са школы.
Дубровіч вярнуўся да акна, сеў на зацярушаную асколкамі шкла канапу. Барадаты абветраны твар яго ўжо быў непранікнёна-спакойны. I было дзіўна і страшна бачыць, як па гэтых бледных амярцвелых шчоках павольна, адна за другою, коцяцца белыя, як кроплі вераснёўскай расы, слёзы, бягуць і імгненна знікаюць у сівізне барады, нібы сарамліва хаваюцца ад чужога вока.
Хмара паціху падышоў да канапы, сеў побач з камбрыгам, паклаў руку на яго плячо. У мітусні бою, а потым за чыткай гэтых чужых трывожных дакументаў, ён неяк зусім забыўся пра страшнае гора гэтага чалавека. Фашысты замучылі жонку. Цяпер загінуў адзіны сын. Эх, Дубровіч, Дубровіч! Дарагі ты мой камбрыг! Віцька твой мог бы жыць ды жыць! Навошта было так? Хіба мала ў брыгадзе добрых разведчыкаў? Не мог паслаць каго іншага, больш вопытнага? Мусіць, не мог... Мусіць, другога выйсця не бачыў... Бываюць на вайне мінуты, калі камандзір ставіць на карту сваё і чужое жыццё. Помніш, палкоўнік Хмара, як ты, тады, даўно, калі быў яшчэ проста Лёнька, вучань сёмага «А», чытаў «Вайну і мір»? Генерала Раеўскага помніш? Ці не ты сам уяўляў сябе адным з сыноў гэтага генерала, ішоў па той легендарнай Салтанаўскай плаціне, пад пякельным агнём французаў? Дык чаго ж ты дакараеш сёння камбрыга Дубровіча?
Читать дальше