— Дурань? — Дубровіч хітравата зірнуў на Васільева. — Не, Павел Ьанавіч, я так не думаю, бо ўжо трошку ведаю немцаў. Не дурань-немец, а б а в я з к о в а асядлае магістраль якраз там, дзе мы можам яе перайсці, рукамі і зубамі за яе ўчэпіцца!
— Цікава, — ажывіўся палкоўнік, які да гэтага часу моўчкі слухаў размову камбрыга са сваім начальнікам штаба. — Гэта, калі не памыляюся, варыянт нумар адзін. Ну а варыянт нумар два?
Камбрыг са здзіўленнем, нават з дрэнна схаванай трывогай, паглядзеў на палкоўніка. Гэты «маскоўскі штабіст», шэранькі, худы, з адзінай рукой і Залатой Зоркай на грудзях, якая неяк не стасавалася з усёй яго незайздроснай паставай, выклікаў у сэрцы старога ваякі глыбока затоены, нават яму самому мала зразумелы недавер. Ён бачыў, што партызанскі камандзір з палкоўніка яшчэ слабаваты, а таму ў гэты момант вельмі баяўся, каб ён не зблытаў усе яго, Дубровіча, планы. «Дзіўна, — не мог зразумець камбрыг, — адкуль Хмара ведае, што ў яго, Дубровіча, ёсць нейкі «варыянт-2», які ён яшчэ сам да канца не абдумаў і пра які нікому не гаварыў ні слова».
— Варыянт два? — нарэшце, усё яшчэ насцярожана пазіраючы на палкоўніка, перапытаў Дубровіч. — Два... Можа, яшчэ і не два... — Ён неахвотна расшпіліў сваю пашматаную сумку, доўга ў ёй корпаўся, нешта шукаючы, а можа, і проста бавячы час, нешта абдумваючы, потым кінуў сумку на канапу, забраў з рук Васільева аловак: энергічна схіліўся над картай і рашуча крыжнакрыж перакрэсліў на ёй лічбу 271:
— Бачылі?
Васільеў і Хмара не зразумелі яго.
— Гэта — вышыня. А па-нашаму, па-мясцоваму, Барсучыныя горы.
— Бачу, што вышыня. I горы бачу. Ну і што? — усё яшчэ не разумеючы, куды вядзе камбрыг, перасмыкнуў плячыма Васільеў.
—А далей тое,—падкрэсліваючы кожнае сваё слова, загаварыў камбрыг, — што тут мая «аварыйная» база. База багатая, і немцам, — ён асцярожна тузануў за ражок карту Шылера, — невядомая. Прынамсі, вось тут, — ён яшчэ раз тузануў ражкі карты, — яна не пазначана.
— Дык у чым жа справа?
— У чым справа? Ёсць і справа... — Дубровіч акуратна згарнуў карту Шылера, перадаў яе палкоўніку і ціха спытаў:
— Можна вас на хвілінку?
Яны адышлі да дальняга акна, і Дубровіч усё так жа ціха загаварыў:
— Справа вось у чым, Леанід Пятровіч. База то ёсць, багатая, надзейная, ды на шляху яе — сто перашкод, а адна з іх куды больш горшая, чым тая магістраль. І калі яе не пераадолець, не бачыць і базы. Ну ды гэта ўжо мой клопат. Да вас у мяне адна просьба: не перашкаджайце. Усю адказнасць бяру на сябе. Не атрымаецца — карайце, толькі яшчэ раз прашу, не...
Дубровіч не скончыў. Школа падскочыла ад блізкага абвальнага выбуху,
з акна на падлогу за звонам пасыпалася пасечанае асколкамі шкло, дзверы ў пакой расчыніліся, і на парозе, заняўшы сабою амаль увесь праём, вырас... немец! Гэта адбылося так нечакана, што ўсе ў пакоі анямелі, нават забыліся пра аўтаматы.
Першым ачомаўся Васільеў. Вінавата зірнуўшы на сваіх камандзіраў, ён грозна падступіў да дзвярэй, злосна прашыпеў:
— Хто цябе выпусціў? Чаго ты сюды прывалокся? Вось гэтага захацеў? — Васільеў сунуў пад нос немцу свой невялічкі кулак.
— Пачакай, Павел Ьанавіч, — зразумеўшы, што нічога страшнага не здарылася, спыніў свайго начштаба камбрыг і падышоў да немца: — Ты — хто?
— Я? — шчыра здзівіўся немец. — Язык. Вашы людзі злавілі мяне і сюды прывялі, вось да іх, — кіўком галавы паказаў на Васільева. — Фунт я, Ганс Фунт.
— Пецька Сіўцоў, чортаў сын, прывалок гэты мех з г... — злосна зірнуўшы на немца, буркнуў Васільеў. — Стары, пашкадавалі...
Немец, відаць, не слухаў Васільева. Яго займала нешта зусім іншае, куды больш важнае, чым нейкія, няхай сабе і абразлівыя словы гэтага маладога чалавека. Ён, гэты чалавек, ужо ведаў Фунт, не такі і злосны, як хоча казацца, а таму пачаў глядзець то на Хмару, то на Дубровіча, відаць, вырашаючы, хто з іх больш важны і больш яму патрэбны. Нарэшце яго неспакойныя вочы спыніліся на раскошнай барадзе Дубровіча, і ён паспешліва загаварыў:
— Пан генераль! Я немношко слюшаль вас. Сценка тонкі, слюшно корошо...
— I што ж ты чуў? — насцеражыўся Дубровіч.
— Пан генераль, сценка тонкі, і я поняль... Той зальдат, што шукаль мальчык... Я знаю, дзе мальчык.
Дубровіч хіснуўся, нібы немец ударыў яго ў грудзі. Нейкі момант ашалела глядзеў на палоннага, потым ірвануўся да парога, упіўся пальцамі ў яго вялыя плечы, здушана прашаптаў:
— Дзе?
— Я пахаваль яго... Яны... — Фунт палахліва зірнуў пад фікус, на бліскучыя боты Шылера, апусціў вочы долу: — Яны кінулі мальчык у ваду. Там густой трава... Ноччу я дасталь яго і пахаваў...
Читать дальше