— А ты чаго лезеш пад самы іх нос? — папракнуў Дубровіч.
— Ды так, цікава, — сумеўся Павел. — Па-руску гавораць...
— Ціш-ш-ш, — паклаўшы руку на плячо разведчыку, насцеражыўся камбрыг. Не дужа далёка, за купчастымі ялінамі, пачуўся ціхі плёскат вады, нібы гульнула ладная рыбіна. Нехта прыглушана мацюкнуўся, і зноў стала ціха, нібы чорная вада, зарослая рагозам і цінай, імгненна праглынула ўсіх, хто наважыўся патрывожыць яе адвечны спакой.
— Нашы «купаюцца», — ціхенька засмяяўся Сіўцоў. — Ох і неахвотна ў ваду лезуць! Яна ж яшчэ халодная... Але малайцы, ціха зашыліся. Навучыліся балоты мераць.
Недалёка, метраў, можа, за дзвесце, раздаўся кароткі сухі стрэл, над вострымі вяршынямі старых ялін павісла, паволі разгараючыся, зялёная ракета. Дубровіч імгненна кульнуўся з дрэва на зямлю, лёг побач з Сіўцовым:
— Ты там каго-небудзь...
— Пакінуў, — перахапіў Сіўцоў. — Галіулін там і Бурцаў. Ды вунь яны, сюды паўзуць. — Сіўцоў хуценька стаў на калені, лодачкай склаў далоні, і ў цішыні прагучала пакрэктванне патрывожанай качкі. Тыя двое, што паўзлі сярод рослых папаратнікаў, на імгненне замерлі, потым папаўзлі да завалу больш весела.
Ракета раптам патухла, як быцца нехта там, у небе, намацаў кнопку выключальніка, і наўкол стала так цёмна, нібы ўся зямля правалілася ў тартарары.
— Бурцаў, ты? — прыўзняўшыся на локці, ціха паклікаў Сіўцоў.
— Ды я, — азваўся Бурцаў. — Залез у нешта калючае, морду абдзёр... Ты адзін? Рыхтуйся, уласаўцы побач.
Уперадзе зноў суха трэснула, ужо значна бліжэй, узвілася, павісла ў чорным небе ракета, і на гладкай пляцоўцы, дзе-нідзе парослай жоўтымі, як бронзавыя калоны, мачтавымі соснамі, узніклі, нібы на экране, я н ы. Адзінаццаць. Шэрыя рускія шынялі, рускія, царскіх часоў, пагоны, рускія шэрыя шапкі з какардамі. I толькі зброя ў руках не даўняя — аўтаматы ППШ.
Яшчэ сухі трэск, яшчэ ракета, другая, яшчэ, яшчэ і яшчэ. I ўсё бліжэй і бліжэй шэрыя шынялі, какарды, суровыя, халодныя рускія твары. Вось яны ўжо і зусім блізка.
Дубровіч рыўком падняўся на ногі, акінуў вачыма сваю абарону. Таксама адзінаццаць. Рускія, беларусы, татарын, узбек. Фуфайкі, кажушкі, аблавушкі... Божа, а што калі яны не стануць страляць, страляць у рускіх, у гэтыя шэрыя, з дзяцінства знаёмыя, шынялі?
Гэта страшная думка, нібы агнём, апякла сэрца камбрыга. Ён рыўком расшпіліў на грудзях скуранку, вырваў з кабуры наган і, ускочыўшы на тоўсты камель забуранай ветрам яліны, здушана выдыхнуў:
— Па здрадніках Радзімы!..
***
Яшчэ не дагарэла ў небе ракета, а бой ужо скончыўся...
У трох кроках ад яліны, на якой усё яшчэ стаяў былы матрос Мірон Дубровіч з дымным наганам у руцэ, ляжаў малады афіцэр. Уткнуўшыся тварам у некалі родную зямлю, нібы цалаваў яе, маліў дараваць яго хаця б цяпер, пасля смерці...
Побач пажылы, з пасівелымі скронямі фельдфебель. Раўнадушна глядзіць пустымі вачыма ў знаёмае, але, відаць, ужо даўно чужое яму неба...
Русавалосы салдат, другі... трэці...
Ракета патухла. Дубровіч саскочыў на зямлю, і ў нос, нібы з пекла, хлынулі густыя пахі гарэлага пораху...
VII
Было далёка за поўнач, калі Дубровіч вывеў сваю невялічкую групу партызан на другі — усходні — бераг Гнілога балота, як ужо хтосьці паспеў абазваць гэта, няхай сабе і не дужа прывабнае, лясное возера.
— Сіўцоў, пералічыце людзей, — ціха, стрымліваючы цяжкія дрыжыкі, прамовіў камбрыг. — Як бы хто не адстаў...
— Усе тут, Мірон Ігнатавіч, адразу ж азваўся Сіўцоў. — Сядзяць пад дубам.
— Параненыя ёсць?
— Ды не. Бурцаў сослепу ў куст ажыны залез, морду акрывавіў, нібы яго шалёны кот падрапаў. Астатнія цэлыя. Пойдзем?
— Пачакаем... Прыляж, адпачні. Хоць і малады, ды і ты, відаць, прытаміўся...
Дубровіч стомлена прыхіліўся спінай да нізкарослай гарбатай сасны, заціх. Нецярпліва глядзеў на возера, у той бок, дзе, ведаў, была магістраль і дзе ён нешта хацеў і ўсё ніяк не мог убачыць. Там, за возерам, было ціха, чорна і мокра. Роўна шумеў дождж, ён даўно перайшоў у лівень і як быццам патушыў ракеты, што ўвесь час вольна гулялі ў небе над змрочным перашыйкам. Цяпер і тут, як і над магістраллю, было ціха, чорна і мокра.
— Чаго гэта яны прыціхлі? — расчаравана спытаў у Сіўцова Дубровіч, нібы спадзяваўся, што ён, разведчык, мог гэта ведаць.
— А чорт іх ведае. Шумелі, гарлапані... — Сіўцоў не скончыў. На захадзе, дзе, ведаў ён, была магістраль, узвівіліся адна за другой тры чырвоныя ракеты. Адразу ж грымнуў дружны артылерыйскі залп, і праз якую мінуту ўвесь перашыек, ад краю да краю, запалаў ад разрываў мін і снарадаў. Снарады, заблытаўшыся ў магутных лапах ялін, часта рваліся, не даляцеўшы да зямлі, і тысячы гарачых асколкаў, нібы іскры ад электразваркі, рэзалі чорную мокрую тканіну начы, упіваліся ў ствалы дрэў, ляцелі аж на сярэдзіну возера.
Читать дальше