Хто такі гэты Бах, маскоўскі палкоўнік Леанід Пятровіч Хмара ўжо ведаў. Першае афіцэрскае званне, значыцца ў адной з даведак, здабытых аператыўнай разведкай Гештаба якраз напярэдадні адлёту Леаніда Пятровіча ў Беларусь, ён, Генрых Бах, у мінулым — турэмны наглядальнік, атрымаў у пачатку 30-х, калі нявечыў дубінкай на вуліцах Мюнхена рабочых-тэльманаўцаў. Генералам стаў значна пазней, якраз у той дзень, калі палкоўніку Хмары, адказнаму работніку разведупраўлення, загадалі ляцець у тыл ворага і стаць камандзірам партызанскага злучэння. Так яны, брыгадэфюрэр Бах і палкоўнік Хмара, з’явіліся ў адным і тым жа месцы і амаль у адзін час.
Гэта ўсё, што было дагэтуль вядома палкоўніку пра брыгадэнфюрэра Баха. Больш падрабязна пр яго распавялі дакументы, што захоўваліся ў папцы Ганса Шылера.
IV
...Калі дужа ўважліва прыслухацца да слоў Генрыха Баха, якія ён сказаў рэйхсфюрэру Гімлеру і якія старанна запісаў стэнаграфіст, то можна здагадацца, што паліцэйская служба Баху падабалася не вельмі, хоць ён ужо і даслужыўся да обер-фюрэра. У душы Бах лічыў сябе афіцэрам баявым і здатным не толькі на тое, каб займаць нейкую пасаду ў Бухенвальдзе, няхай сабе і не малую. На фронт, няхай сабе і на Усходні! — клікаў яго гарачы арыйскі тэмперамент. — На аператыўны прастор. А там ён пакажа, на што здатны Генрых Бах. Ён жа ўмее не толькі эфектна сцёбаць хлысцікам па бліскучых халявах сваіх паліцэйскіх ботаў, як балюча кальнуў яго былы сябра, «акопны пацук» з Рыцарскім крыжам...
I ці то пачуў Генрыха Баха сам міласцівы германскі бог, ці так захацелася рэйхсфюрэру Гімлеру, а можа, і проста дапамог Мікола Скакун, які даканаў генерала Штаўфэна, толькі патаемныя мары паліцэйскага служкі неспадзявана збыліся.
...Ціхім сакавіцкім вечарам, калі ён, выслухаўшы рапарты сваіх падначаленых і пераканаўшыся, што ў лагеры «ўсё ідзе па плане», намацаў у кішэні ключы, каб зачыніць кабінет, на яго рабочым стале раптам патрабавальна ажыў тэлефон:
— Бах? Чакаю вас заўтра. Роўна ў дзесяць.
Бах асцярожна паклаў трубку, прыкра паморшчыўся. Не, званок не ўстрывожыў яго. Такія званкі раздаваліся часта. Але сёння... Гінуў так добра задуманы вечар! Падпісваючы чарговы нарад на адпраўку ў газавую камеру чарговай партыі вязняў, обер-фюрэр ужо бачыў сябе ў сваёй багатай утульнай кватэры, любаваўся юнай Гертрудай фон Герберг, яго новенькай сакратаркай. I вось на табе. Кідай усё, сядай у машыну і скрозь ноч каціся чорт ведае куды! Ну ды з Гімлерам жарты кароткія. I назаўтра роўна ў дзесяць раніцы обер-фюрэр Генрых Бах сядзеў у прыёмным пакоі рэйсфюрэра Гімлера, ляніва прыкідваў, куды на гэты раз пашле яго круты на паваротах няўрымслівы шэф. Новыя канцлагеры раслі на акупаваных тэрыторыях, як у сырое лета грыбы, і ўсюды, дзе меліся ўзнікнуць гэтыя новыя лагеры, Гімлер чамусьці пасылаў менавіта яго, обер-фюрэра Баха: дапамагчы, параіць, арганізаваць. I Бах матляўся з адной краіны ў другую. Быў у Францыі, Чэхаславакіі, Югаславіі. Куды цяпер?
Бах увайшоў у кабінет рэйхсфюрэра.
— Сядай, Генрых, — проста, як добраму знаёмаму, стомлена прапанаваў Гімлер. — Параіцца трэба. У Беларусі, пад Мінскам, відаць, трэба будзе ствараць... Скардзіцца Кубэ, шмат дрэні там развялося... Лясы кішаць партызанамі... Пачысціць трэба... Ды і ў горадзе Кубэ ноччу на вуліцу выйсці баіцца. Дык дапамажы ім там, — нарэшце падвёў рысу рэйсхфюрэр. — Пад Мінскам лагер ёсць, ды, відаць, працуе не вельмі. Арганізуй, дапамажы... Дакументы ў канцылярыі. Шчаслівай дарогі.
— Усё будзе зроблена! — падняўся і грукнуў абцасамі Бах. — Толькі...
— Што толькі? — нахмурыўся Гімлер.
— Вы гаворыце пра партызан. Я пра іх таксама думаю...
— Ты глядзі! I Баха ў Бухенвальдзе беларускія партызаны напалохалі!
— Вы не так мяне зразумелі. Валэндаемся мы з імі доўга. А калі ўзяцца як след, ды з галавой...
— Ну-ну, цікава. Сядай, вызваляй сваю галаву ад думак. — Гімлер наваліўся грудзьмі на стол, уважліва паглядзеў на обер-фюрэра, потым на расшыфраваную радыёграму, што ляжала перад ім на стале: «...генерал Штаўфэн загінуў... мы з Бушам параіліся і думаем, што яго можа замяніць Готберг... Трэба распрацаваць новы план новай аперацыі. Кубэ». Алоўкам адсунуў паперку ўбок, зноў узняў на Баха свае лядзяна-халодныя вочы.
— Не падумайце, што я хачу кінуць цень на нашых людзей, што знаходзяцца ў тым пекле, — уздрыгнуў Бах. — Гэта храбрыя людзі, многіх я добра ведаю. Але, здаецца мне, не ўсе з іх улічваюць адну невялічкую акалічнасць...
Читать дальше