— Не хачу! — нарэшце злосна агрызнуўся Васіль і кінуў на траву вудзільна. Адзін з паплаўкоў, нібы спалохаўшыся неспадзяванага шуму, уздрыгнуў і неяк бокам-бокам пакавыляў далей ад берага. Ад здзіўлення Крамнёў на імгненне застыў, потым, нібы рыбачок-пачатковец, які ўпершыню такое ўбачыў, схапіў кінутае вудзільна...
Калі сонца павярнула на поўдзень і клёў паціху суняўся, вядро было поўнае ды яшчэ пад кустом у цяньку закіданыя пякучай крапівой ляжалі Сонін лешч і добры дзесятак ладных акунёў, якія праглынулі кручок Васіля.
— Ой, Вася! I што мы з ёю будзем рабіць? — шчасліва пазіраючы ў вочы Крамнёву, захаплялася Соня. — Тут жа рыбы — кілаграмаў дзесяць!
— Дадзім рады! — паважна гудзеў капітан. — Я па гэтай частцы — мастак. А пакуль што бяры мой корцік і чысці драбязу. Я пайду, назбіраю ламачча ды зазірну ў свой адсек. У тваім ранцы я, здаецца, бачыў крыху солі...
ХІ
За некалькі дзён, што яны правялі на рацэ сярод цішыні, кветак, сонца і дрэў, Соня непазнавальна змянілася. Нібы юная маці, налілася прывабнай сілай, была бадзёрай і вясёлай — той самай Соняй Кавалёвай, якую ён помніў з часоў свайго недалёкага юнацтва.
Яна ўжо не баялася спаць у бліндажы, зрэдку адна блукала па выспе, забіралася ў пустыя зямлянкі, дзе некалі жылі яе шматлікія сябры і сяброўкі. I толькі сваю «радыёкеллю» — разварочаны бомбай бліндаж — абыходзіла бокам.
Назіраючы за радысткай, за тымі зменамі, што з ёй адбываліся, Васіль і радаваўся, і баяўся. Ён адчуваў, што той невыказны страх, які ахапіў яго, калі ўбачыў разбураны радыёцэнтр і ў ім нерухомае цела радысткі, знік, а ў сэрцы з новай сілай абудзілася былое і, мусіць, ужо незваротнае. Соня-Сонейка!.. Першы букет, куплены для яе за бедныя студэнцкія рублі... Першыя падарункі, набытыя на небагатыя літаратурныя ганарары... Першая ноч, праведзеная з ёю ў маленькім садку, на Сонінай дачы...
Як блізка было іх шчасце! Васіль Крамнёў спадабаўся Соніным бацькам, асабліва старому Кавалёву. Вопытны рэдактар, вядомы крытык, прачытаўшы першую аповесць Крамнёва, зразумеў, што ў літаратуру ідзе здольны пісьменнік, і пачаў дапамагаць. Даваў камандзіроўкі, падказваў цікавыя тэмы, друкаваў яго творы на старонках часопіса, асцярожна прыкладваючы да іх сваю вопытную рэдактарскую руку.
Блізка, зусім побач было іх поўнае шчасце, да яго заставалася некалькі крокаў — да дома насупраць, да ЗАГСа, бліскучую шыльду якога яны бачылі амаль кожную раніцу, калі пасля чарговай бяссоннай начы развітваліся каля пад’езда Сонінага дома.
...Выбух фашысцкай бомбы ўшчэнт разнёс дом насупраць. Рассыпаліся на чорным асфальце чатыры загадкавыя залатыя літары. Рассыпалася і шчасце...
Але ці назаўсёды знікла яно, тое былое? Вось жа яна, яго Соня, яго мара, яго першае каханне. Працягні вусны — і кранешся яе гарачай шчакі, яе аголенага пляча, яе тугіх, налітых жаночай пяшчотай грудзей.
«А можа, так і зрабіць?» — спыніў ён сябе, бо ў адно нейкае імгненне, як прывід, як дакор, з’явілася Валя, у вушах выразна прагучалі яе апошнія словы, сказаныя каля самалёта, на лядовым партызанскім аэрадроме:
— Кахаю, чакаю і чакаць буду вечна. Паклічаш, уцяку са шпіталя, босая прыйду сюды да цябе па вось гэтым снезе!..
I ён заціх, з галавою зашыўся пад салдацкую коўдру. Доўга ляжаў нерухома, баючыся дакрануцца да мілага цела, потым, пераканаўшыся, што Соня спіць, асцярожна падняўся усцягнуў боты і так жа нячутна выйшаў з бліндажа.
«Не шукай, Крамнёў, дарогі назад, — апынуўшыся на беразе Чорнага возера, думаў з горыччу Васіль. — Позна. Былое не вернецца. Усё спапяліла вайна, развеяў попел ваенны віхор. Позна!..»
XII
Крамнёў не ведаў, дзе шукаць сваіх, не ведаў, куды падалася брыгада Дубровіча, што вырвалася з блакады, дзе зараз штаб партызанского злучэння. Па плане ўсе брыгады на чале з палкоўнікам Хмарай павінны адысці на Палік, у Барысаўскія лясы, дзе была база знакамітай брыгады дзядзі Колі і куды, ведаў Крамнёў, павінны прыйсці многія партызанскія злучэнні Віцебшчыны.
Але штабы плануюць, а вайна жорстка ўносіць у іх планы свае карэктывы...
Гаварыць Соні пра скоры паход Васіль пакуль не хацеў. Няхай яшчэ дзень-другі спакойна адпачывае, а ён, Васіль, тым часам уладкуе свае асабістыя справы.
Разведчыку на вайне весці дзённік катэгарычна забаронена. I ўсё ж многія з іх парушалі гэты суровы закон, мелі і дзённікі, і фотаздымкі дарагіх ім людзей, праўда, усё гэта старанна хавалі ў патаемных мясцінах не толькі ад вока чужога.
Читать дальше