У цёмнай вадзе Ціхай Лані, залітай густым перадвячэрнім сонцам, дзеелася нешта неверагоднае. Вада як быццам кіпела. Сотні, тысячы жвавых малькоў выляталі з глыбіні, залаціста-белымі іскрамі ўспыхвалі на сонцы, і здавалася, што гэта нехта бяздумны стаіць вунь за тымі кустамі і шчодра рассявае па шырокім плёсе ракі адборны авёс.
Следам за аўсінкамі-малькамі, нібы шэрыя тарпеды, выляталі з вады шчупакі, прагна ашчэрыўшы ненасытныя клыкастыя пашчы. Там і тут вытыркалі з вады свае тупарылыя мызы язі, крадком хапалі тапельца-жука і імгненна знікалі, пакінуўшы на гладкай вадзе ледзь прыкметны пералівісты круг. Няшчадна глушылі хвастамі-кувалдамі бездапаможную дробязь браканьеры-жэрахі. Патрывожаныя шумам, ляніва выварочваліся з ямін абжоры-самы, злосна хапалі бестурботных качанят і вярталіся назад, у свае патаемныя сховішчы.
Васіль ажывіўся. Прытуплены нягодамі інстынкт рыбака нечакана ажыў з новай, неадольный сілай. Хапатліва абмацаў кішэні гімнасцёркі і расцвіў у шчаслівай усмешцы. Ёсць! Цэлы пакецік выдатных фабрычных кручкоў. Неяк выпадкова знайшоў іх у разбураным спартыўным магазіне, яшчэ пад Масквой, у якімсьці райцэнтры. I збярог.
Васіль асцярожна высыпаў кручкі на далонь, доўга глядзеў на іх з нямым замілаваннем і раптам, пераможна ўзняўшы сціснутую ў кулак руку, усклікнуў:
— Соня! Мы выратаваны!
Дзяўчына са здзіўленнем глядзела на капітана, а той ужо ўсхапіўся на ногі:
— Мы выратаваны! Цяпер нам сам чорт не брат! — Ён вырваў з ножнаў свой адмысловы корцік і рашуча пашыбаваў у густыя кусты арэшніку.
— В-вудзільны? — не паверыла сваім вачам Соня, калі Васіль, вясёлы і ўзбуджаны, зноў з’явіўся пад дубам.
— А хіба кепскія? — Крамнёў памахаў доўгім раўнютнім дубцом, эфектна ўзняў вялікі палец рукі: — Арэхавае вудзільна, як сказаў бы Астап Бэндар, — мара рыбака.
— Ды хіба ў такі час пра гэта можна думаць?
— Зразумей, не дзеля пацехі выразаў я гэтыя дубцы. Колькі ў нас прадуктаў? То-та. Два-тры дні — і зубы на паліцу. А з чым у дарогу, дарогу цяжкую, не блізкую? То-та. Карацей, — абарваў ён самога сябе, — я рыбачу. А ты набірайся сіл. Ой, як спатрэбяцца!..
Васіль садраў з вудзільнаў кару, паставіў іх на сонца, а сам падаўся да вузкага глыбокага яра, куды, ведаў ён, партызаны ў час блакады кідалі рэшткі ад з’едзеных коней. Тут, спадзяваўся Васіль, ён знойдзе ўсё неабходнае.
I не памыліўся. У высокай траве валяліся конскія хвасты, самыя розныя па колеры і даўжыні. Тут жа, пад грудай касцей, аказалася і выдатная нажыўка.
Важная знаходка канчаткова пераканала Крамнёва, што ён прыняў правільнае рашэнне. Ёсць усё неабходне. Ёсць і рыба ў рацэ. Ну а рыбацкага вопыту — і таго больш.
Нажыўку сабраў у пустую гільзу ад гарматы-«саракапяткі», акуратна замаскіраваў травою і, вярнуўшыся, аж да позняга вечара віў пад дубам валасяныя вуды: на рыбу вялікую, ну, і на так сабе, што возьмецца. I калі на вастраверхую вяршыню старой яліны ўсеўся вірлавокі месяц, у яго ўжо ўсё было гатова.
Ноч выдалася ціхая, светлая і даволі халодная. Пад лёгкай старэнькай коўдрай (яго добры пухавік цяпер грэў радыстку) Васіль хутка замёрз. З журбой глядзеў на свой блізкі «адсек», дзе была жалезная печка, сухія бярозавыя дровы, добрыя нары і ўпотай злаваўся на Соню: чортава дзяўчо, прымусіла гібець пад гэтым карабатым дубам!..
Нарэшце не стрываў, паціху гукнуў:
— С-соня?
Радыстка маўчала. «Ну, здаецца, угаманілася», — уздыхнуў з палёгкай, паціху ўстаў са свайго мяккага, хоць не дужа ўтульнага ложа, і, стараючыся не шумець, пачаў збіраць рыбацкія прычындалы: лепш гадзіну-другую пасядзець ля ракі, чам гібець пад гэтым акасцянелым дрэвам. Ды і ведаў: гусцяра няблага бярэцца і ноччу.
Зборы занялі мала часу (усё даўно было падрыхтавана), і ён, праверыўшы, ці не разбеглася з гільзы яго жвавая нажыўка, палез у бліндаж за вядром. I не паспеў зноў з’явіцца пад дубам, як з-пад коўдры высунулася галава радысткі і прагучаў яе ціхі, але зусім не сонны голас:
— А не рана?
— Ды не, не рана. Пакуль выберу добрае месца, глядзіш, і світаць пачне... А ты ўсё не спіш? — спытаў са шчырай заклапочанасцю. — Холадна? Я ж казаў... Вазьмі і маю коўдру.
— Выспалася. Ты пачакай, я зараз.
Васіль выпусціў з рук вядро; усё, што хочаш, але такога павароту ён не чакаў. Соня ідзе на рыбалку! Не, сапраўды бабу сам чорт не разгадае. Некалі, яшчэ студэнтам, ён не раз прасіў яе паехаць з ім у Лазавое, на гэтую самую раку. Не паехала. I вось на табе!..
«Стоп, а чаго ты расхадзіўся? — раптам спыніў сябе Васіль. — Ды гэта ж добра нават. Выдатна! I мне спакойна, ды і ёй... чаго ёй адной тырчаць сярод гэтых мёртвых бліндажоў?»
Читать дальше