ІХ
Крамнёў ніяк не мог зразумець, як ацалела Соня Кавалёва. Бомба трапіла акурат у цэнтр бліндажа, раскідала ўсе чатыры накаты, раструшчыла шматпудовыя валуны, а радыстка, слабая дзяўчына, кволае сэрца якой сцерагла толькі салдацкая гімнасцёрка, ляжыць вось на цёплай зялёнай траве пад зялёнымі бярозамі, не кранутая ніводным асколкам. Што гэта — сон? Дзіва?
— Ну, Соня, жыць табе тысячу год, — паклаўшы руку на гарачы лоб дзяўчыны, гаворыць капітан, а вочы яго туманяць слёзы. Соня мацней прыціскае руку Крамнёва і доўга глядзіць на бярозы, што абступілі яе карагодам, глядзіць на чыстае, высокае неба і раптам узнімаецца. Па яе вачах, па трымценні ўсяго яе цела Крамнёў зразумеў, што ў той непарушна-спакойнай блакітнай вышыні Соня раптам убачыла нешта страшнае, што ўзняло, адарвала ад зямлі яе слабае, знямоглае цела.
— Што, Соня? Што? — спалохаўся Васіль, калі дзяўчына, ухапіўшыся за нізкі бярозавы сук, стала на ногі. Ногі яе дрыжаць, як у толькі што народжанай лані, а вочы, поўныя жаху, нешта шукаюць. Пачуўшы голас Крамнёва, яна кідаецца да капітана, са стогнам шэпча:
— В-вася! Як с-страшна!..
— Супакойся... Ну што ты? Вакол жа так ціха, і я з табою... Супакойся. — Ён бярэ Соню на рукі і ідзе назад, цяпер да свайго бліндажа. Хутчэй. Соні патрэбен спакой. Зараз напоіць яе гарачым варам і пакладзе спаць.
Соня заснула ў яго на руках раней, чым ён паспеў увайсці ў бліндаж. Асцярожна паклаўшы дзяўчыну на нары і накрыўшы цёплай коўдрай, якую калісьці падараваў яму Міша Скакун, Крамнёў доўга сядзеў побач, з сумам углядаўся ў знаёмы і нейкі іншы цяпер твар. Кожная рыса на ім, гэтым прыгожым, як жартавалі студэнты універсітэта, антычным твары набыла ледзь улоўнае адценне. Чужая, зусім недарэчная складка перарэзала гладкі высокі лоб. Густыя цёмныя бровы з ледзь прыкметным залацістым адлівам сышліся над хваравіта закрытымі вачыма. Некалі пухлыя ружовыя вусны выцвілі, раз-пораз нервова ўздрыгвалі, і Крамнёву здавалася, што Соня зараз горка заплача.
Уздыхнуўшы, Васіль ціхенька ўстаў і выйшаў з «адсека». !шоў наўпрост, абы-куды, проста, каб зглуміць час, а калі стаміўся, то зноў убачыў перад сабою тую ж глыбокую чорную яму, якая ледзь-ледзь не стала для Соні магілай. Доўга глядзеў на бярвенне і камяні, раскіданыя бомбай, глядзеў засяроджана, нібы шукаў штосьці важнае, неабходнае.
— Дык вось што ўратавала цябе, Соня Кавалёва! — радасна ўсклікнуў Крамнёў, нібы тое, што ён «знайшоў», разам вырашала цяжкую праблему, што не давала яму спакою. — На тваё шчасце, яны памыліліся! I здраднік Скуратаў-Даноўскі, і лётчык-фашыст. Першы не папярэдзіў, а другі замест бомбы фугаснай кінуў на паказаную яму цэль бомбу асколачную.
Крамнёў радасна ўздыхнуў і ўжо зусім спакойна спусціўся ў халодную глыбіню разбуранага бліндажа. Там, пад абломкамі дрэва і каменя, ляжаць Соніны рэчы. Усё гэта трэба забраць. Асабліва — радыёстанцыю.
...Радыёстанцыя была раструшчана бервяном, раструшчана разам са столікам, на якім стаяла. Затое многія іншыя рэчы аказаліся цэлыя. Пад некранутымі, акуратна засланымі нарамі ляжаў аб’ёмісты ранец. На сцяне, над нарамі, вісеў аўтамат ППШ, а побач — запасны дыск у чахле.
Крамнёў уладкаваў на спіне ранец і аўтамат, згарнуў і звязаў кавалкам тэлефоннага кабеля Соніну пасцель, паглядзеў на знявечаную радыёстанцыю і, расчаравана махнуўшы рукою, асцярожна палез з разбуранай «радыёкеллі».
Калі вярнуўся ў свой бліндаж, Соня ўжо не спала.
— Божа, ну дзе ты быў?! — з адчаем і дакорам усклікнула яна, убачыўшы на парозе Крамнёва. — Куды так доўга хадзіў?
— Прынёс твае рэчы, — спакойна адказаў Васіль. — А ты спалохалася, што кінуў цябе?
— Канешне, спалохалася! Прачнулася, а тут — ні душы... Сядзь, пасядзі са мною.
— Супакойся, — ён асцярожна абняў Соню за плечы. — Цяпер ужо баяцца няма чаго. Мы тут з табою адны, як Рабінзон Круза з Пятніцай на бязлюдным востраве.
— Я так... Трасе нешта... — Соня зябка перасмыкнула плячыма, хапатліва схавала ў рукавы гімнасцёркі бледныя пальцы рук, насцярожана абвяла вачыма змрочны прасторны «адсек». У кожным яе руху, у кожным позірку адчувалася трывога, глыбока затоены страх, які яна хацела і не магла падавіць.
— Вось што, маё Сонейка! Давай мы з табою арганізуем вячэру, — відаць, стараючыся абудзіць дзяўчыну, развеяць яе страх і трывогу, энергічна саскочыў з нараў Васіль. — Я тут сёе-тое раздабыў. Нават такое... — Ён нахіліўся і дастаў з-пад стала бутэльку з прыгожай наклейкай.
Читать дальше