— Ты сапраўды ідзеш ці жартуеш? — для поўнай упэўненасці дзелавіта спытаў ён.
— Я не хачу заставацца тут адна. Разумееш? Мне страшна.
Васіль ажывіўся:
— Тады, дзевачка, апранайся як след. Бяры ватоўку. I шапку.
— А ты вуду мне дасі?
— Вуду? — Васіль раўніва агледзеў вуды і пакрывіў усё ж душой, выбраў горшую: маўляў, для такой рыбачкі і гэткая задужа добрая.
— Вася, — ужо каля самай ракі нясмела азвалася Соня. — Ты... ну, чарвякоў гэтых, будзеш чапляць на мой кручок? Я іх баюся...
— Буду, буду. Хадзем хутчэй, днее. Так і клёў праваронім.
Х
— С-соня! Ну што ты робіш? Шшшто ты ррробіш?! — шыпіць з куста Васіль Крамнёў. — Хіба ж так закідваюць вуду? Ды ты ж на сорак вёрст разгоніш усю рыбу!..
— Ды я, Вася, стараюся. Ды бачыш...
Соня раптам замаўкае, і яе вочы, і так не дужа маленькія, робяцца проста вялізнымі: чорны паплавок на куртатай вудзе, што, зачапіўшыся за травінку, мірна спаў каля самага берага, раптам ажыў, скасабочыўся, ляніва паківаўся з боку на бок, нібы той п’яны качагар, і весела падаўся на плёс.
— Вася! — спалохалася Соня. — Глянь, чаго ён туды папёрся?
— Падсякай! — вылецеў з куста Васіль. Соня падняла вудзільна. Яно адразу ж катастрафічна сагнулася, а тонкая валасяная жылка зазвінела, нібы нацягнутая струна.
— Вася! Нехта адбірае вуду! — упёршыся нагамі ў зямлю, заплакала Соня. — Бяры, сам цягні!..
Крамнёў выхапіў з Соніных рук вудзільна і адразу ж зразумеў трывогу радысткі. Там, у цёмнай глыбіні ракі, бушаваў нехта моцны і ўпарты.
«Лешч! А можа, і язь. Не, усё ж, мусіць, лешч, не скрануць з месца... Чччорт вазьмі, і чаму я даў Соні гэту вуду? Збіраўся ж лавіць на яе плотак. Лёска — чатыры валасінкі. Хіба яна ўтрымае такога ўпартага асла?»
Спадзявацца цяпер можна было толькі на вопыт і майстэрства, і Васіль прымусіў сябе супакоіцца. Ён ужо не стараўся цягнуць рыбіну да берага, а проста трымаў на месцы, не даючы ёй волі.
Асцярожна пачаў прыўзнімаць слабенькае вудзільна. Хвіліна, другая, і вось з вады высунулася шэрае тупое рыла. Стомлена пазяхнула, і на ціхай вадзе разлёгся вялізны лешч.
«Падсак! Ці хоць бы паршывенькі багорчык! — моўчкі стагнаў Васіль. — Можа, прашыць вострым канцом вудзільна?».
Нібы адгадаўшы яго каварны намер, лешч асцярожна паварушыў хвастом, нібы правяраў астатак сіл.
«Усё. Зараз дасць нырца, сігане ўбок, і ад вуды...» — Крамнёў коса зірнуў на Соню, што, анямелая, стаяла побач, потым асцярожна перакінуў вудзільна ў левую руку, а правай расшпіліў кабуру.
...Сухі пісталетны стрэл прагучаў ціха, як пуга ў руцэ маладога пастушка. Ад нечаканасці лешч падскочыў і тут жа зноў плюхнуўся на ваду, а яго шырокі, як далонь чалавека, плаўнік развітальна і сумна памахаў сонцу, прыбярэжным кустам, збянтэжаным рыбакам.
Хапатліва схаваўшы пісталет, Крамнёў за лёску падвёў рыбіну да берага, выкінуў у высокую мокрую траву.
— Эх ты, рыбачка! — усміхнуўся, нагой адкінуў рыбіну далей ад вады, рашуча загадаў: — Бяры сваю здабычу, ідзі на новае месца.
— Чаму на новае? — здзівілася Соня. — Тут жа ловіцца!
— Лавілася. А цяпер усё жывое, што было тут, мы разагналі. I раней, як праз гадзіну, нават жук-плывунец не пакажацца.
— А я адсюль нікуды не пайду, — катэгарычна заявіла Соня. — Мне тут падабаецца. А ты хочаш — шукай новае месца.
Васіль з насмешкай паглядзеў на радыстку, нічога не сказаўшы, падаўся да свайго кудлатага лазовага куста. Няхай! Няхай блазнота пераканаецца, што вопытнага рыбака не грэх і паслухацца!
Соня, зразумеўшы, што цяпер прасіць у Крамнёва дапамогі не варта, сама сяк-так начапіла брыдкага белага чарвяка, рашуча, цераз галаву, закінула вуду, ды так няўмела, што тонкі хліпкі канец вудзільна стралой урэзаўся ў ваду.
— Так іх! Глушы гадаў! — ядавіта гукнуў з-за куста Васіль і тут жа прыкусіў язык. Паплавок на Сонінай вудзе, які яшчэ не паспеў і ўладкавацца на вадзе, зноў захадзіў хадуном, весела падскочыў і спрытна даў нырца. Соня рэзка тузанула вудзільна, і з вады, нібы корак з бутэлькі шампанскага, куляй выляцеў маленькі паласаты акунёк.
Рыба, падсечаная няўмелай рукою, часта зрывалася, Соня войкала, смяялася і, не папраўляючы на кручку нажыўку, закідвала вуду зноў. I зноў пачыналася тое ж.
«Ну, гэта ўжо чорт ведае што! — шыпеў у сваім кусце Крамнёў. — Такое і ў рыбацкіх анекдотах не знойдзеш!..»
А наіўная шчаслівая Соня, якая зусім і не ведала, што сыпле соль на сэрца заўзятага рыбака, раз-пораз здзіўлена пытала:
— Вася! А чаму не ловіш ты?
Читать дальше