Пасля заняткаў Ада пайшла ў выдавецтва, дзе пакінула прозу. Сустрэлася з галоўным рэдактарам, быў ён у песімістычным настроі, сказаў, што макет кніжкі гатовы, тыраж збіраюць па Беларусі і Украіне, таму што прозвішча аўтара не рускае.
— А ўвогуле, — падвёў ён рысу, — не ведаю, ці выстаім. Такая імклівая інфляцыя, што ніякіх прыбыткаў выдавецтва не мае, адны страты. Да таго ж сувязі з былымі рэспублікамі СССР абрываюцца, немагчыма працаваць.
Ада зразумела: мала надзеі на тое, каб тут выдацца, падзякавала за клопат, пажадала поспехаў і пакінула выдавецтва...
На наступны дзень адбыўся апошні семінар па паэзіі, куды Ада прыйшла з новым зборнікам. Кіраўнікі семінара — паэт Сераброў і крытык Махонькін прынялі прыхільна яе новыя вершы, асабліва адзначылі радок «Я надзеі знасіла на шляху да нязбытнага шчасця». Толькі Алік абурана сказаў, што Ада ўсё выдумляе ў сваіх творах, бо нікога не кахае і нічога не адчувае. Аўтарка толькі ўсміхнулася на ягоную рэпліку. Пакрыўджаны саракагадовы хлопчык дробна помсціў ёй, некалі ж заляцаўся да яе, ды марна, гэта было смешна.
Усё цяпер было ў апошні раз: залікі, экзамены. Нарэшце настаў апошні дзень, калі ім выдалі пасведчанні аб заканчэнні курсаў, на якіх было напісана залатымі літарамі «Саюз пісьменнікаў СССР». Яны атрымалі дакументы аб адукацыі ўжо неіснуючай дзяржавы...
Вечарам Ада патэлефанавала ў Гомельскі тэатр і на другі дзень пакінула Маскву. Спяшалася пачаць новае жыццё.
* * *
Праз год, ужо працуючы ў Гомелі, Ада даведалася, што ў горад прыязджае Касьян Цымбалевіч з гуртам «Наўда». Адзін з канцэртаў адбудзецца ў памяшканні тэатра. Ада не ведала, як сябе паводзіць. Ці трэба паказвацца яму на вочы? Ці варта згадваць тое, што быллём парасло? Калі ён за тры гады не пацікавіўся ёю, дык навошта ёй нагадваць пра сябе? Прыхільніц у яго, мабыць, хапае. Але канцэрт вырашыла паглядзець.
Яна не думала, што будзе з такім хваляваннем і любасцю слухаць ягоны голас. Пазнавала знаёмыя вершы, якія ён ператварыў у песні. Асабліва ёй падабаўся тэкст з рэфрэнам: «Мяне абмінула жанчына, мяне абмінула жыццё». Хацелася думаць, што гэта напісана пра яе. Словы песень ліліся шчыра, дападалі да сэрца, давалі глебу для роздуму.
Касьян быў вельмі прыгожы, жанчыны не зводзілі з яго вачэй. Гурт пры сабе ён стварыў таксама даволі прыемны, яшчэ адзін гітарыст, флейтыст і барабаншчык. Мабыць, сабраць музыкаў з аўтэнтычнымі інструментамі не ўдалося...
Ада глядзела толькі на Касьяна і не магла на яго нагледзецца. Няхай бы гэты канцэрт ніколі не канчаўся! Але прагучалі апошнія акорды. Зала ўзарвалася воплескамі і крыкамі: «Біс! Брава!» Артысты колькі разоў пакланіліся, але больш спяваць не сталі. Ада не адважылася пайсці за кулісы, чакала ў фае каля чорнага выхада. Калі ўбачыць яе Касьян, праходзячы міма, дык тады ўжо ўсё будзе залежаць ад яго; не заўважыць — такі лёс. Трэба змірыцца і не трызніць немагчымым шчасцем, бо ў Цымбалевіча сваё жыццё, сям’я, праца.
Касьян спяшаўся, несучы вялізны ахапак букетаў, шаргацеў цэлафанам, Аду не заўважыў. Яна правяла яго позіркам і толькі зараз згледзела, што ў двары шмат жанчын і дзяўчат. Як толькі Касьян з’явіўся ў дзвярах, фанаткі кінуліся да яго. Ён абрынуў на іх кветкі, а хлопцы гурта, хоць і з цяжкасцю, адцяснілі натоўп, і Касьян хуценька схаваўся ў салоне машыны. Ужо праз акно ён пачаў даваць аўтографы. Распісваўся на паперках, сурвэтках, далонях, адна вар’ятка нават лоб падставіла. Ада глядзела на любага Лятаўчыка, і вялікае яе каханне захлыналася ад радасці сузірання. Аднак яна не жадала быць у натоўпе фанатак, які акаляў яго.
Нарэшце машына пачала сігналіць і паціху кранулася з месца, паехала. Прыхільніцы ледзь не клаліся пад колы, а потым беглі ўслед за машынаю. Ада з горыччу адчула, што яе шчасце назаўсёды ад’ехала ў чорным лімузіне. Яна разгублена глядзела ўслед і разумела, што менавіта гэтыя гады, калі яна кахала, пакутавала, пісала вершы, былі сапраўдным жыццём. Выйшла на ганак, села на лаўку, акінула ўсхваляваным позіркам апусцелы двор, дастала з сумкі агульны сшытак, у якім распачала пісаць раман пад назваю «Царыца Марына», на апошняй старонцы накідала новы верш. Ён узнік раптам сам сабою і нязмушана выліўся на паперу:
Я цябе сярод тысяч шукала,
Не стуляла стамлёных павек,
Заклікала, маліла, гукала:
Адпусці! Дай мне волю навек!
І прыклікала дух твой нарэшце.
Ты з’явіўся, як прывід, чужы.
Сэрца ўзнёслае грудзі не месцяць.
Читать дальше