У гэтыя дні было бачна, што асабліва самотнай адчувала сябе Агнія Дымава. Аднойчы яна прыйшла да Ады і сказала, што не знаходзіць сабе месца. Усё ў яе дрэнна.
— Пойдзем пройдземся, развеем тваю тугу, — прапанавала Ада.
— Зайдзі на хвілінку да мяне, паглядзі, як я жыву, — сказала Ада.
Жанчыны ўвайшлі ў пакой. Аду ўразіў шырачэнны ложак, які займаў амаль увесь пакой. Яна ўсміхнулася:
— Разумею, Агнешка, на такім ложку ўсялякі аптыміст засумуе. Гэта ж сапраўдны сэксадром!
— Не магу жыць адна, хілюся, як былінка пад ветрам.
Жанчыны пайшлі ў батанічны сад, які быў недалёка. Якраз заквітнеў бэз. Там расло мноства гатункаў духмяных і прыгожых кустоў самых розных колераў ад блакітных і ружовых да цёмна-фіялетавых. Пераважалі махровыя кветачкі.
— Агнія, мы тут на шчасце можам столькі кветак сабе за пазуху накідаць, што на ўсё жыццё хопіць! І не трэба шукаць няцотную колькасць пялёсткаў, кожная галінка мае іх без ліку, зрывай і загадвай жаданне.
— А што, давай, мо хоць бэз нас ашчаслівіць, — сказала Агнія.
Яны доўга хадзілі па садзе, наталяючы вочы і сэрцы незвычайнай прыгажосцю. Кветкі, мусіць, для таго і існуюць на свеце, каб радаваць людзей, цешыць і даваць спакой. А праз колькі дзён Ада заўважыла, што Агнія наведваецца да яе суседа Чубава, і парадавалася за аднакурсніцу, здаецца, знайшла яна сваё шчасце з дапамогаю бэзу. Адзіна ж удача ўсе яшчэ недзе блукала па свеце, а можа, яна проста не заўважала яе, аслепленая каханнем да Касьяна...
Вясной прыкметна актывізавалася Эма. З’яўлялася на заняткі ў нечым ружовым, у што хіба толькі немаўлят апранаюць, або ўсцягвала на таўставатыя ногі чорныя ласіны. Неяк спытала ў Ады:
— Як ты думаеш, хто ў нашай групе самы цікавы з мужчын?
— Гоша Строма, — адказала Ада не задумваючыся, — ён самы малады, але, як мне здаецца, мае найлепшую перспектыву. Да таго ж умее ўзяць сябе ў рукі і мэтанакіравана займацца патрэбнай справаю.
Пасля той гаворкі Ада заўважыла, што Эма распачала паляванне на Гошу. Лавіла яго ў калідоры на перапынках, падпільноўвала пасля заняткаў і неяк прыручыла, хоць была гадоў на дзесяць старэйшая. Аднойчы папрасіла Аду:
— Можна да цябе ў госці напрасіцца?
— Калі ласка, — адказала Ада.
Але гэта была толькі зачэпка, каб прыйсці ў інтэрнат. Эма заначавала ў Гошы. Як далей развіваліся гэтыя адносіны, Ада не ведала і не цікавілася. Зразумела толькі, што маскоўскай пані захацелася свежых уражанняў, яна іх сабе арганізавала. Паводзіны Эмы ў жыцці былі вельмі падобныя на дзеянні жаночых персанажаў у яе прозе.
Актыўна Чаркасава пачала прапагандаваць сваю творчасць у асяродку выкладчыкаў і нават прарэктару падаравала некалькі кніг. Ада здзіўлялася: чаго раптам Эма так пачала мітусіцца перад заканчэннем курсаў. А потым пра ўсё даведалася, калі зайшла да Наіны Андрыянаўны. Тая сядзела зажураная пад пальмаю, якая таксама выглядала сумна.
— Што здарылася? — спытала Ада. — Ваша пальма захварэла?
— Калі дрэнна мне, дык і пальма пачынае хварэць.
— А што ў вас?
— Нешта са здароўем, такая горыч у роце, — ухілілася ад адказу Наіна Андрыянаўна.
— Гэта выкід жоўці ў выніку нейкага раздражнення, незадаволенасці, мая мама часам скардзілася на такія сімптомы. Што не так?
— Мяне выжываюць з працы.
— Хто?
— Адна з курсантак.
Ада здагадалася:
— Эма?
— Так. Яна ўжо і да прарэктара хадзіла, прыносіла план рэарганізацыі курсаў, у яе, ці бачыш ты, свежыя ідэі, а я са сваім выхаваўчым падыходам даўно састарэла.
— Не варта вам перажываць з-за гэтага. У яе ж нават адукацыі педагагічнай няма: толькі курсы ды дзесяць класаў. Недавучка зайздрослівая, толькі і ўсяго! Я з ёю пагутару.
Наіна Андрыянаўна знешне супакоілася, падзякавала за спачуванне і разуменне, пачала гартаць нейкія паперы. Ада вярнулася ў аўдыторыю і спытала ў Эмы:
— Ты сапраўды думаеш заняць месца Наіны?
— А чаму б і не! Колькі ёй яшчэ тут сядзець?
— Яна сваё месца заслужыла шматгадовай працай, а ты хто? У цябе няма ні адукацыі адпаведнай, ні, як я бачу, душэўнай цеплыні, каб працаваць з людзьмі. Прабач, я не хацела цябе пакрыўдзіць, а проста сказала тое, што думаю.
— Табе няма справы да мяне. Не лезь, куды не просяць. Яна старая, няхай ідзе адпачываць.
— Дзякаваць Богу, не ты вырашаеш кадравыя пытанні ў Літінстытуце. Калі не спыніш свае інсінуацыі, дык я паклічу на дапамогу групу. Разам вырашым, што з табою рабіць.
Эма фыркнула і адвярнулася, не жадаючы працягваць гаворку.
Читать дальше