Так Ада вучылася, не вельмі сыходзячыся з аднакурснікамі. У яе з імі — ні агульных спраў, ні агульных інтарэсаў. Хіба толькі прыемным было тое, што Эма прачытала Адзіны пераклады прозы, пахваліла і выказалася:
— Вельмі ж ты любіш сваіх персанажаў, кожнага імкнешся зразумець.
— Сапраўды, гэта так. Толькі любоў і з’яўляецца прычанаю ўсялякай творчасці, — адказала Ада.
А сама падумала: «Калі Эме спадабалася мая проза, дык мо варта занесці яе ў якое выдавецтва?» Яна гэта зрабіла неадкладна. Рукапіс прынялі, сказалі зайсці праз месяц. Калі якасць задаволіць рэдактара, дык будуць збіраць тыраж. Усцешаная, Ада на другі дзень пахвалілася Эме пра свой магчымы поспех, але гэтую навіну аднакурсніца ўспрыняла з крывою ўсмешкай, у якой змяшаліся зайздрасць і пагарда. Ада ўмела чытаць настрой людзей па вачах і міміцы, таму зразумела, што з Эмы добразычлівая сяброўка не атрымаецца.
У мінскім выдавецтве рыхтаваўся да друку яе зборнік вершаў, Ада хвалявалася і з-за яго. Патэлефанавала — аказалася, што зборнік ужо выдалі і прапанавалі прыехаць, каб атрымаць ганарар.
Ада адпрасілася ў Наіны Андрыянаўны і паехала ў Мінск. У выдавецтве ёй выдалі дзесяць аўтарскіх экзэмпляраў кніжкі і грошы, якіх магло хапіць хіба толькі на адны зімовыя боты. Заехала да Ярыны. Тая ўзрадавалася, паказала Адзе сваю прыгожанькую дачку, паскардзілася, што бацька ёю не цікавіцца.
— Нічога, буду жыць з дачушкай, — усміхнулася Ярына, узнімаючы малую. — З ёю не засумуеш. Яна такая вясёленькая ў мяне.
Дзяўчынка заўсміхалася, замахала пухленькімі ружовымі ручкамі.
— Добра ў цябе, толькі я спяшаюся.
— Паначуй у мяне. Куда ты паедзеш?
— Заеду да маці на дзянёк. Вучоба ў чэрвені заканчваецца, лічаныя месяцы засталіся, — сказала Ада і дадала: — Падпішу табе свой новы зборнік, мо калі пачытаеш.
— Віншую! Гэта добрая навіна. Паабедала б хоць з намі...
— Дзякуй, Ярынка, як сапраўдны бедуін, я амаль не ем у дарозе, каб не мець лішніх клопатаў. Гадуй дачушку. Шчасця табе!
Ада развіталася і паспяшала на вакзал, дзе купіла білет у Бабруйск, і нарэшце ў чаканні цягніка як след разгледзела сваю новую кніжачку, велічынёю з далонь, беленькую з вельмі сціплым афармленнем. Было спакойна і радасна ад адчування, што яе думкі і пачуцці зафіксаваліся на паперы. Цяпер не толькі яна, а магчыма, і нехта іншы здолее прачытаць іх і адгукнуцца сэрцам.
У купэ, дзе яна сядзела, увайшла жанчына годоў пяцідзесяці, высокая, мажная, павіталася, паставіла валізку, зняла паліто, села, прыгледзелася да спадарожніцы. Між тым, Ада адразу пазнала яе, гэта была дырэктар аднаго абласнога драмтэатра.
— Недзе я вас бачыла, — прамовіла спадарожніца.
— Я вас таксама пазнала. Помніце, калі ваш тэатр прыязджаў у Бабруйск на гастролі гадоў пяць таму, я брала ў вас інтэрв’ю.
— Было, было. Сёлета таксама да вас збіраемся. А вы па-ранейшаму ў газеце працуеце?
— Не, заканчваю Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літінстытуце ў Маскве.
— Цікава там?
— Вельмі.
— А пасля вучобы куды?
— Пакуль не ведаю. Мо зноў у газету вярнуся.
— Нам у тэатр патрэбны загадчык літаратурнай часткі. Ці не зацікавіла б вас такая пасада?
— З задавальненнем пайду да вас на працу. Толькі як быць з жытлом?
— Што-небудзь прыдумаем.
— Вы калі заканчваеце вучобу?
— У канцы чэрвеня.
— Вось вам візітка. Патэлефануйце мне папярэдне і прыязджайце. Я буду вас чакаць.
— Дзякуй, абавязкова аб’яўлюся... А ў мяне новы зборнік выйшаў, я падпішу вам на памяць.
— Вельмі прыемна, дзякуй.
Ада паставіла аўтограф на кніжачцы і аддала спадарожніцы. Тая падзякавала, адразу пачала з цікаўнасцю гартаць зборнік.
Ада выйшла ў Бабруйску з вагона амаль шчаслівая. Яе будучыня пачала вымалёўвацца даволі прывабна. Працуючы ў тэатры, у чужым горадзе яна нават не будзе выпадкова сустракацца з Мечыславам, не будзе чуць матчыны папрокі наконт неўладкаванага жыцця і страчанай кватэры. Хутка пачнецца яе новае жыццё, на новай пасадзе, з іншымі людзьмі. Хаця мо і дарэмна яна адразу пагадзілася ехаць у той горад, можа, трэба было пашукаць працу ў Мінску. Там усё ж бліжэй да выдавецтваў і розных часопісаў. Мінск — сталіца, а гэты горад — правінцыя, але і там людзі жывуць.
21
У апошнія месяцы перад заканчэннем вучобы кожны курсант быў устурбаваны сваёю будучыняй. Кожны збіраўся вяртацца ў сваю рэспубліку, цяпер ужо самастойную, далёкую ад Масквы... Ада ведала, што многія адчуваюць сябе самотна.
Читать дальше