На дварэ хутка стала цёпла. Зацвіў стары сад каля дома Герцэна. Усё навокал імкліва мянялася, але любавацца дзівоснай парою адраджэння прыроды было некалі, трэба было здаваць экзамены і залікі. Да таго ж пераважная большасць курсантаў засумавала па сямейніках, усе, як кажуць, мелі чамаданны настрой.
Ада паспяхова здала ўсё, што патрабавала навучальная праграма, і з лёгкай душою паехала на лета ў Бабруйск. Маці зноў пачала яе ўгаворваць вярнуцца да Мечыслава, казала, што ён ужо сустракаецца з нейкай дзяўчынаю, маўляў, не будзе такі мужчына марнаваць сваё жыццё на недасяжнае каханне.
— Мне ўсё роўна, як і з кім ён жыве.
— Застанешся адна век векаваць, пашкадуеш, ды будзе позна, — ушчувала дачку маці.
— Лепш адной, чым з ім, — адрэзала Ада і падалася ў рэдакцыю газеты, каб пакінуць новыя вершы.
Галоўны рэдактар знаходзіўся ў адпачынку. Застала толькі адказнага сакратара пажылога мужчыну Анатоля Савельевіча Хмеля, які мудраваў над макетам новага нумара газеты.
— Прывітанне, Ада. Прынесла нешта новае?
— Ёсць трохі вершаў.
— Без цябе раскідалася літстаронка. Ніхто не хоча ёю займацца. Я вяду яе сам. Але вершы — не маё. Калі ты ўжо вернешся?
— Калі я і вярнуся, дык невядома, ці знойдзецца тут для мяне месца.
— Не турбуйся, я на пенсію хутка пайду і табе месца вызвалю.
— Працуйце, калі ласка, маё месца мяне не міне.
— Ты нават не ўяўляеш, як цяпер лёгка працаваць! Ніякай цэнзуры! Няма забароненых тэм, — сказаў Хмель.
— Гэта добра, аднак жыццё рухаецца хвалямі. Трэба чакаць перамен да лепшага, — заўважыла Ада.
— Як там Масква? — раптам спытаў Хмель.
— Масква неспакойная, мабыць, нешта там наспявае. Я не цікаўлюся палітыкаю, але, мяркуючы па мітынгах і дэманстрацыях, нейкія там перамены будуць.
— Ну, мы цяпер самастойная дзяржава. Няма чаго на іншых азірацца.
— І то праўда. Шчасліва вам. Прывітанне ад мяне ўсім супрацоўнікам.
Ада не затрымалася ў рэдакцыі, прайшлася па горадзе, завярнула да будынка гасцініцы, пабудаваным у стылі сталінскага ампіру, але не надта высокая, адаптаваная да малапавярховай забудовы гарадка. Тут яна сустракалася з Касьянам, чытала яму інтэрв’ю, згадвала дыялогі і тую пяшчоту, якою яны безразважна дзяліліся.
Дома патэлефанавала Ярыне Макаўцы ў Мінск. Тая пазнала яе па голасе, радасна спытала:
— Як там курсы?
— Стаяць на месцы. Што ў цябе, хто нарадзіўся?
— Дачушка. Назвала Хрысцінкаю.
— А як твой Сполахаў?
— Спачатку быццам нічога, вывозіў каляску ў двор. А потым як панесла яго. Пачаў вадзіць нейкіх бамжоў, усю кватэру запаскудзілі, карацей кажучы, выгнала я яго. Будзеш у Мінску, заходзь.
— Дзякуй, Ярынка, пры нагодзе зайду паглядзець на твой найдасканалейшы твор — дачушку. Будзьце здаровыя і шчаслівыя.
На другі дзень Ада з’ехала да цёткі Тамары, дзе ёй працавалася спакойна і плённа. Найперш вырашыла даправіць вершы, якія пісаліся на працягу года. Пакуль іх дапрацоўвала, напісалася сёе-тое новае. Потым занялася перакладам сваёй прозы, каб даць пачытаць Эме. Раніцай і вечарам выходзілі з цёткаю на грады, палолі ды палівалі, гэта была прыемная змена заняткаў. Час ляцеў хутка, творчыя справы рухаліся. Ада была вельмі задаволеная, што прыехала менавіты сюды, бо маці не дала б ёй спакою.
19
У канцы жніўня Ада вярнулася дамоў і на тыдзень раней тэрміну выехала ў Маскву. У інтэрнаце адразу ўбачыла перамены. Замест стараватых вахцёрак яго цяпер ахоўвалі маладыя хлопцы ў чорнай уніформе. Яны ўважліва разглядалі пропускі курсантаў, перш чым дазволіць зайсці ў інтэрнат...
З задавальненнем яна наведвала гістарычную бібліятэку, каб працягнуць росшукі матэрыялаў пра Марыну Мнішак. Чытала часопісы «Русская старина», шмат неверагодных звестак знаходзіла, але на тэму, якая яе найбольш цікавіла, нічога новага не траплялася...
За дзень да пачатку заняткаў забегла Ада на курсы, дзе яе гасцінна сустрэла Наіна Андрыянаўна, частавала гарбатаю, доўга распытвала пра тое, што адбываецца ў Беларусі.
— Людзі жывуць, працуюць, — адказвала Ада. — Як усюды...
Затым Наіна Андрыянаўна пацікавілася:
— Як там Ярына?
— Усё добра. Нарадзіла дачушку, назвала Хрысцінкай, прагнала п’янтоса Сполахава. Жыве, гадуе дзіця...
— А ты куды збіраешся ісці працаваць пасля заканчэння курсаў?
— Пакуль не ведаю. Мо вярнуся ў газету ці ў Мінску пашукаю якую працу.
— Ну, няхай табе пашанцуе.
Ада развіталася з Наінай Андрыянаўнай і вырашыла прайсціся па вуліцы Горкага, пашыбавала міма помніка Пушкіну ў кірунку Краснай плошчы. На другім баку вуліцы раптам заўважыла маладога мужчыну, са спіны вельмі падобнага на Касьяна. Нават вятроўка такая ж чорная.
Читать дальше