Хваляванне ахапіла яе душу. Спярша хацела бегчы ў падземны пераход і даганяць, а потым перадумала. Калі гэта сапраўды Касьян, дык чаму не папярэдзіў яе, што прыедзе, чаму не знайшоў? Хутчэй за ўсё гэта нейкі чужы чалавек, таму не варта нервавацца і даганяць. І ўсё ж яна сачыла за тым чалавекам, пакуль ён не растварыўся ў натоўпе. Зноў нахлынулі згадкі, але ўжо не так востра і балюча перажывала іх Ада. Мабыць душа адаптавалася і змірылася з тым, што Касьян заўсёды будзе недасяжна далёка. Міжвольна склаўся кароткі верш:
Я пакінута сумам,
Ні званкоў, ні лістоў не чакаю.
Не баліць маім думам,
Калі да самоты звыкаю.
Занядбаная марай,
Я згубілася ў стомленым свеце.
Ні ратунак, ні кара
Мяне між людзьмі не прыкмецяць.
І няма ў мяне сілы
У мінулае згадкай вяртацца.
Я надзеі знасіла
На шляху да нязбытнага шчасця.
20
Пачаліся заняткі на курсах. У другі год навучання неяк асабліва ціха стала ў інтэрнацкім калідоры. Жыццё кожнага жыхара сёмага паверха ўсталявалася, набыло пэўны парадак. Некаторыя хлопцы вярнуліся з новымі кніжкамі. Як ні дзіўна, свой першы зборнік падараваў Адзе Мамед Задэ з аўтографам «На добрую память о первом откровении», хоць яна ніколі з ім ні пра што не размаўляла, мабыць, ён проста прыязна ставіўся да яе. І як жа ўдала легла ёй на душу ягонае чатырохрадкоўе:
В тёмном сгустке кипящей Вселенной
Ярких яростных солнц миражи —
Это тайной любви сокровенной
Бесконечная светится жизнь.
Гэтак ёй уяўлялася яе пачуццё да Касьяна, але так прыгожа сказаць не ўмела, а ў Мамеда атрымалася. Увогуле ягоныя вершы былі ўзнёслыя, заглыбленыя ў перажыванні і сягалі ў бязмежныя прасторы космасу. Азербайджанскі паэт пісаў па-руску, ніколі, мусіць, не здолее вывучыць родную мову. Гоша Строма хоць без цяжкасці засвоіў украінскую мову, але таксама піша па-руску, так яму зручней, вельмі дасціпна і дакладна ўкладае сваё разуменне рэчаў у рыфмаваныя радкі...
...Прыходзілі новыя выкладчыкі, чыталі лекцыі па новых дысцыплінах. Другарадныя прадметы, якія здаваліся не надта цікавымі, хлопцы стараліся прапускаць. Абыякава паставіліся яны да эканомікі, якую выкладала жанчына гадоў сарака пяці, вельмі прыемная і ўсмешлівая. Яна не крыўдавала, што на яе лекцыі ходзіць мала мужчын. Анойчы застала ў аўдыторыі толькі жанчын і сказала:
— Дзякуй за салідарнасць. Сёння лекцыю не буду чытаць, пасядзім пагамонім. Ведаеце, у эканоміцы ёсць такое слова «сінекура», гэта калі чалавек нічога не робіць, а яму зарплата ідзе. Дык вось і мы з вамі сёння пажывём як сапраўдныя сінекурцы. Я пакурыла б з вашага дазволу. Не паспела, так спяшала на лекцыю.
— Курыце, калі ласка, — сказала Агнія.
— Дзякуй, — адказала выкладчыца, дастала пачак з цыгарэтамі, прыкурыла адну цыгарэціну, прыадчыніла акно і выпускала дым на вуліцу. Яна маўчала і з насалодаю глытала дым.
«Не пашанцавала жанчыне, — падумала Ада, — займела дрэнную звычку, а цяпер яна ёю кіруе».
Выкладчыца быццам пачула яе думкі і сказала:
— Наіна Андрыянаўна — малайчына. Адпачывалі мы з ёю ў Дубултах. Прыехалі туды, смалілі цыгарэту за цыгарэтай. Аднойчы сядзелі на беразе, глядзелі на мора, я кажу: закурым. А яна мне спакойна так паведамляе: «Я кінула. І ўсё. Ніякіх праблем». Я, на вялікі жаль, не магу не курыць.
— А я і не хачу кідаць, — азвалася Тоня Суркова. — Наогул, калі нават няма чаго рабіць, курыш, дык быццам пры справе.
Дзяўчаты пасядзелі трохі для прыліку і разышліся, бо наступны меўся быць семінар па драматургіі, які наведваць ніхто не пажадаў, акрамя Ады. Выкладчыца, старая кабета, стомленая жыццём, акінула яе позіркам і спытала:
— Толькі вас адну цікавіць драматургія?
— Выходзіць, што так.
— Тады я вам раю проста пахадзіць па маскоўскіх тэатрах. Вы маеце права бясплатна наведваць спектаклі, варта толькі ў касе паказаць білет студэнта Літінстытута ці курсанта Вышэйшых літаратурных курсаў. Вам дадуць вольныя месцы.
— Вельмі добрая прапанова, я паспрабую арганізаваць аднакурснікаў.
Сапраўды, Ада падабрала добрую каманду. Па тэатрах пагадзіліся паха-
дзіць францужанка Наталі, югаслаўка Мірыям і Агнія Дымава. Найперш пайшлі ў МХАТ, ён насупраць Літінстытута. Але спектакль аказаўся такі невыразны, што Ада праз тры дні ўжо не магла ўспомніць сюжэт. Тое ж расчараванне спасцігла курсантаў і ў тэатры імя Маякоўскага, у іншых...
Ада вырашыла, што цяпер тэатральнае мастацтва перажывае крызіс, як і ўся краіна. Ды ці толькі тэатральнае? А літаратура?..
Читать дальше