— Добра, потым дык потым.
Ада выйшла з рэдакцыі разгубленая. Няма месца. Ну што ж, там будзе відаць...
Яна падалася на чыгуначны вакзал і купіла білет на цягнік на заўтра ў Маскву. Затым з задавальненнем прайшлася па горадзе, зазірнула на двор сваёй школы, але не затрымалася там, баючыся выпадкова сустрэцца з Мечыславам. Зараз яна добра разумела Наіну Андрыянаўну, якая пазбягала сустрэч з былым мужам нават праз шмат гадоў пасля разводу.
Нічога не змянілася ў горадзе за час яе адсутнасці, хіба толькі зніклі чырвоныя транспаранты з камуністычнымі лозунгамі. Раней іх было ў горадзе шмат. Зайшла ва ўнівермаг, убачыла пустыя паліцы, ля якіх стаялі без справы прадаўцы і нешта між сабою ціха абмяркоўвалі. Ведала, што і тут, як і паўсюль, харчовыя прадукты даюць па талонах. І не толькі прадукты. «Што ж такое атрымліваецца? — здзіўлялася Ада. — Людзі сеюць, убіраюць, прамысловасць працуе, а чамусьці нічога не хапае... Мабыць, нешта не тое робіцца... Як тут людзям быць?.. І што будзе са мной?.. Мяне ж нішто, акрамя літаратуры, не цікавіць. Ці павінна я гвалціць душу і прымушаць сябе займацца, напрыклад, вытворчасцю нейкіх рэчаў, гандлем і яшчэ Бог ведае чым?.. Гэта ж не маё. Ёсць тыя, хто да гэтага здатны... Не варта думаць пра тое, што будзе праз год і больш?... Час пакажа, нешта прыдумаю.» — адмахнулася ад вярэдлівых думак Ада і заспяшалася дамоў. Пад нагамі рыпеў снег. Яе ціхі гарадок, у якім пераважала аднапавярховая забудова (толькі ў цэнтры ўзвышаліся трохпавярховікі), драмаў пад белым покрывам зімы.
16
На заняткі ў першы дзень пасля канікулаў з’явіліся не ўсе, некалькі чалавек з розных рэспублік, мабыць, яшчэ не паспелі прыехаць. Армянскі паэт Ара хадзіў змрочны, як хмара.
— Што гэта з ім? — спытала Эма.
— Не ведаю, — адказала Ада.
— Ты ж побач з ім жывеш.
— Толькі сёння яго ўбачыла.
У аўдыторыю ўвайшла Наіна Андрыянаўна, павіншавала ўсіх з Новым годам, выказала добрыя пажаданні, паглядзела, хто адсутнічае і выйшла.
Ара, праходзячы каля стала, за якім сядзела Ада, раптам спыніўся і сказаў:
— Буду чытаць твае вершы, нават перакладу на армянскую мову.
— Бог з табою! Навошта, каб чытаў ды яшчэ перакладаў, калі сам казаў, што арганічна не выносіш жаночых вершаў? Нельга здзеквацца з сябе, Ара.
— Мяне адлічваюць з курсаў! Што мне трэба зрабіць?..
— Прабач, я не ведала, — адказала Ада.
Ара пайшоў, сеў за свой апошні стол. Эма паднялася, не кажучы ні слова, выйшла. Вярнулася праз некалькі хвілін і паведаміла:
— Ару і Грышу Веправа збіраюцца адлічыць з курсаў за п’янства і дрэнную вучобу. З Гошам Стромам пакуль не ведаюць, што рабіць. Ён з некім пабіўся ў інтэрнаце, размалаціў акно. Ён таксама п’е.
— Адкуль ведаеш?
— Хадзіла да прарэктара.
— Ён табе ўсё гэта сказаў?
— А што, хіба гэта сакрэт? Ужо загад на стале ляжыць.
Праз колькі хвілін прыйшоў професар Выдрын і пачаў чытаць лекцыю па філасофіі. Тэма была цесна звязаная з гісторыяй Расійскай дзяржавы.
Ада, з жалем думаючы пра Гошу Строму, слухала няўважліва. Думала, мабыць, варта напісаць у дэканат калектыўны ліст ад усёй групы, каб хоць гэтага хлопца ўратаваць. За Грышу Веправа не было сэнсу прасіць, ён амаль месяц не з’яўляўся на заняткі, залікі і экзамены не здаў. Ара таксама лічыў за лішняе хадзіць з заліковай кніжкаю, думаў, што яго і так атэстуюць, занадта ганарысты. Памыліўся. Гошу было шкада, здольны хлопец, да таго ж самы малады ў групе. Так, задзірысты, але адстойвае свае меркаванні, не хітруе...
...Пасля апошняй лекцыі ў аўдыторыю ўвайшлі Наіна Андрыянаўна і прарэктар, які абвясціў, што за дрэнную вучобу, разбэшчанасць і п’янства Ару Васкерчана і Грыгорыя Веправа адлічылі з курсаў. Усе ўтрапёна маўчалі, таму што былі сведкамі, як гэтыя хлопцы ігнаравалі вучобу. Калі Наіна Андрыянаўна сказала, што цяпер рашаецца, як быць з Гошам Стромам, Ада не стрымалася, прамовіла:
— Не ведаю, чым правініўся Строма, але я перакананая, што ён вельмі здольны, эрудыт, да таго ж самы малады сярод нас. І калі ён у нечым правініўся, дык мы можам заручыцца за чалавека ды апекаваць яго.
Пачуліся галасы:
— Гошу не дамо! Не чапайце Строму!
— Ціха! Ціха! — супакоіла ўсіх Наіна Андрыянаўна.
— Я буду скардзіцца, — выкрыкнуў Ара і выйшаў з аўдыторыі.
Ада паглядзела на Гошу Строму. Ён апусціў галаву. Рукі бездапаможна ляжалі на стале.
Яна паглядзела на яго, такога знерваванага, безабароннага і зноў пашкадавала Гошу. Мабыць, ён не зусім вызначаўся ў жыцці, трапіў пад чужы ўплыў. Цягнуўся да старэйшых, прапіваў з імі стыпендыю, галадаў... Прапіваў і ганарары, зрэдку і заробленае на разгрузцы вагонаў... Што галадаў, дык бачна: вакол пазногцяў гнайнікі, а гэта — авітаміноз...
Читать дальше