Ада ўвайшла ў пакой, пастаралася суняць хваляванне. Хто б там ні быў, а хацелася, каб прыехаў Касьян, яна павінна прыгатаваць вячэру і чакаць. Але нічога не паспела. У дзверы пагрукалі. Ада адчыніла і ўбачыла Мечыслава. Адразу ўзнікла жаданне зачыніць дзверы перад ягоным носам, але яна адступіла ўбок і запрасіла:
— Праходзь.
Мечыслаў увайшоў у пакой, агледзеўся, паставіў на канапу валізку, замест прывітання спытаў:
— Як ты тут жывеш? Агульныя кухня, прыбіральня, душ? Гэта ж проста ваенны камунізм.
— У спачуваннях патрэбы не маю. Мяне ўсё задавальняе.
— Швэндацца цэлымі днямі па Маскве табе падабаецца? Дзе была цэлы дзень?
— Спачатку ў гістарычнай бібліятэцы, а потым пахадзіла па горадзе. А ты прыехаў вучыць мяне жыццю? Дык я сытая тваёй навукаю па вушы!
— Дрэнна я цябе вучыў, трэба было кулакамі ўбіваць у галаву, што самае галоўнае для жанчыны — сям’я, сям’я, сям’я!
— Гэта ты сябе маеш на ўвазе? Ты — мая сям’я? Дык памыляешся! Можаш падаваць на развод! Я да цябе не вярнуся!
— Ужо знайшла тут замену?
— Ты чаго прыехаў?
— Каб узяць за каўтуны і завезці цябе дамоў!
— Табе спатрэбілася бясплатная служанка? Няма каму варыць абеды, прыбіраць кватэру, і жончына зарплата ў гаспадарцы не лішняя? А я, паскудная, усяго гэтага цябе пазбавіла! Абвыкай абыходзіцца ўласнымі сіламі!
Ада бачыла, што Мечыслаў закіпае, змяніўся з твару, пачырванеў, нават вочы наліліся крывёю, але не хацела саступаць яму і падпарадкавацца.
— Я кахаў цябе, — сказаў ён са злосцю.
— Кахаў? Ды ты ўяўлення не маеш, што гэта такое, каханне!
— А ты ўжо зведала?
— Паслухай, Мечыслаў, што я табе скажу, і зразумей мяне. Прыехаў, будзь госцем. Можаш і заначаваць тут, на канапе, я табе не вораг, але жонкай тваёю я больш не буду. Даруй, я сказала праўду і прыняла канчатковае рашэнне.
— Калі ты яго прыняла?
— Табе якая розніца?
— Мы ж добра жылі, пакуль ты не паехала ў Маскву.
— Ты добра жыў. А мне было блага. Што ў нас агульнага? Абедзенны стол ды пасцель? Нават па тэлевізары мы глядзелі розныя перадачы: ты футбол ды хакей, а я шукала што-небудзь пра гісторыю, літаратуру ды культуру. Мне нецікава з табою. Лепш я буду адна, чым так. У мяне няма часу на цябе, Мечыслаў!
— Як ты можаш закрэсліць столькі гадоў сумеснага жыцця?
— Гэта было не жыццё, а пакута не толькі для маёй душы, а нават для цела. Усе мае хваробы: страўнік, галава — ад таго жыцця.
— А цяпер ачуняла, разумная вельмі стала! Волю атрымала!
— Мечыслаў, не крычы, людзі за сценамі чуюць. Давай цывілізавана вырашым справу пра развод. Я пакідаю табе ўсё: кватэру і яе начынне. Мне нічога не трэба. Жыві, жаніся, усё ў цябе будзе выдатна. Я, можа, наогул не здатная для сям’і. Вырасла без бацькі, патрэбы ў мужчынах не адчуваю. Ты ж як педагог можаш мяне зразумець!
— Ты, крывадушная, маўчала, маўчала, а тут раптам — на табе! Я лепшыя гады патраціў на цябе!
— А ты хочаш, каб я табе ўсё сваё жыццё падаравала?
Мечыслаў заскрыгатаў зубамі, выкрыкнуў:
— Ненавіджу, ненавіджу, — схапіў валізку і выскачыў з пакоя.
— Ідзі з Богам, — сказала ўслед яму Ада і не адчула ў душы нічога, акрамя расчаравання.
13
Эма Чаркасава запрасіла Аду і Ярыну ў Дом літаратара. У той вечар збіраліся маскоўскія празаікі, чыталі апавяданні, а потым разбіралі іх. У невялікай зале сядзелі чалавек дваццаць старых мужчын. Твары іхнія былі зрэзаныя такімі жывапіснымі маршчынамі, што здаваліся неверагоднымі маскамі. Вельмі цікава было назіраць, як мяняюцца гэтыя абліччы ў залежнасці ад думак, на іх былі напісаны ўсе эмоцыі.
Стары чалавек сядзеў за сталом, прозвішча ягонае не называлі, бо ўсе тут адзін аднаго ведалі, акінуў позіркам прысутных, спытаў:
— Усе на месцы?
Яму адказалі, што нікога больш чакаць не будуць, і ён нудным гугнявым голасам пачаў чытаць. Апавяданне было нецікавае і невыразнае, надуманае, пра вясковую жанчыну, якіх гэты пісьменнік можа паўсотні гадоў не бачыў. Пасля чытання зрабілі перапынак. Усе выйшлі ў фае праветрыцца. Эма з цікавасцю зірнула на аднакурсніц і спытала:
— Як вам гэты твор?
— Недалугі, як і аўтар, — адказала Ярына. — Мусіць, гэтым дзядам няма чаго рабіць, вось яны і высмоктваюць прозу з пальца. Лепш бы ўжо мемуары пісалі, дык і то было б цікавей.
— А ты, Ада, што скажаш?
— Трэба надаць апавяданню больш дынамікі, руху, тады маладзіца ў апавяданні ажыла б, а то яна толькі сядзіць ды думае. А ў вёсцы няма калі асабліва задумвацца, трэба працаваць ды працаваць, калі і думаць, дык падчас працы.
Читать дальше