Пасля заняткаў яна не заўважыла, куды падзелася Ярына, а потым ужо на вуліцы ўбачыла, што тая пайшла некуды з Латыфам. Ада падумала пра зямлячку, што, мабыць, яна — вельмі дзейсная і мэтанакіраваная натура, ведае чаго хоча і без асаблівага разбору імкнецца дасягнуць жаданага, але гэтая неразборлівасць хутчэй за ўсё ёй шкодзіць.
З гэтага дня самотнае жыццё Ады трохі парушылася, бо Ярына магла прыбегчы ў любы момант, каб нешта спытаць ці нечым падзяліцца. Родам яна была з чарнобыльскай вёскі, якую закапалі, пераехала з бацькамі жыць у Мінск. Ёй пашанцавала, што паспела там атрымаць кватэру як маладая пісьменніца.
Канечне, і ў правінцыі жыць можна, але цяжка і нязручна, далёка ехаць да выдавецтваў, часопісаў і газет, якія могуць надрукаваць твае творы.
Ада часам адчувала: што і Ярына глядзіць на яе як на правінцыялку-няўдаліцу, але не звяртала ўвагі. Ведала, час усё расставіць па месцах. Зрэшты, кожны робіць сваю справу. А тут, на курсах, здаецца, ніхто нікому не замінае, бо нікога тут не друкуюць і не выдаюць, усяго і радасці, што пахваляць на семінары.
На другі дзень Ярына на заняткі прыпазнілася, прыйшла і расчаравана заўважыла, што побач з Адаю сядзіць Эма. Сеня Хмурноў перасеў ад Гошы за апошні стол і саступіў месца Макаўцы побач з Гошаю. Слухалі лекцыю па філасофіі прафесара Выдрына, не спрачаліся і не пярэчылі. На перапынку Ярына паклікала Аду ў калідор і ціха сказала:
— Латыф мяне вельмі расчараваў. Уяві сабе: даўно жанаты і мае чацвёра дзяцей. Чаму гэтыя азіяты так хутка размнажаюцца пры іхняй беднасці?
— Гэта ў іх адзіная радасць у жыцці. Ежы і вады не густа, затое жонка пад бокам. Краіна ваюе, патрэбны салдаты. Кажуць, у вайну нараджаецца больш хлопчыкаў.
— Чаго, дзяўчаты, шэпчацеся? — спытала Наіна Андрыянаўна, якая незаўважна падышла да іх. — Ужо сакрэты завяліся?
— Не, проста разважаем пра жыццё, — адказала Ярына.
— Як уладкавалася? Як адчуваеш сябе? — спытала ў яе Наіна Андрыянаўна.
— Выдатна.
— У суботу едзем на экскурсію ў Леніград, рыхтуйцеся.
— Прыгожы горад, я там была адзін раз. Так уразіў мяне, што потым нават прысніўся, — сказала Ада.
— Паедзем цягніком туды і назад, там будзем два дні, — сказала Наіна Андрыянаўна і адышла да гурту хлопцаў, якія дымілі цыгаркамі.
Ехалі на экскурсію ноччу, нічога за цёмнымі вокнамі не бачылі. Ленінград сустрэў пранізлівым ветрам і шэрымі фарбамі пахмурнага дня. Але да абеду вызірнула сонца, і настрой ва ўсіх палепшыўся. У першы дзень наведалі Эрмітаж, на другі дзень планавалі азнаёміцца з экспазіцыяй Рускага музея і пабываць у Ісакіеўскім саборы.
Ада і Ярына вячэралі ў рэстаране пры гасцініцы, дзе было шумна, іграла музыка, спявала жанчына з непрыемным рэзкім голасам.
— Пройдземся па горадзе? — спытала Ярына.
— Згода.
Яны звярнулі на паралельную вуліцу і няспешна пайшлі ўдоўж гранітнай набярэжнай. У чорнай вадзе масляніста адлюстроўвалася святло ліхтароў. Наперадзе віднеўся прыгожа акрэслены мост.
— Паглядзець бы, як разводзяцца масты, — сказала Ада.
— Мусіць, трэба чакаць да апоўначы... Ды хіба пешкі тыя масты аббяжыш?
Раптам перад імі ўзнік невысокі чалавек у цыліндры з парасонам у руцэ. Такі рухавы, што немагчыма было разгледзець ягоны твар, пайшоў поруч і спытаў:
— Вы ўпершыню ў Ленінградзе?
— Я ўпершыню, — адказала Ярына, — а мая сяброўка ўжо была раней тут на экскурсіі.
— Хочаце паглядзець, як разводзяцца масты на Няве?
— Гэта вельмі цікава, — сказала Ярына.
— Я вам дапамагу, калі вы не супраць. Буду вашым Сусаніным у лепшым сэнсе гэтага слова, — засмяяўся ён.
Чалавек спыніў таксі, якое імчала міма, запрасіў іх у машыну. Сеў побач з шафёрам, сказаў, куды ехаць, і яны паімчалі ў процілеглы бок. Паспелі своечасова пераскочыць мост, таксі спынілася, усе выйшлі з машыны. Назіралі, як марудна разыходзіліся дзве палавіны моста, як нахіляліся ліхтары, здавалася, вось-вось пакоццяцца ўніз. Але нічога не рушылася. Мост велічна ўзняў крылы і замёр.
— Паедзем да наступнага моста, — загадаў чалавек у цыліндры.
Таксіст завёў машыну, і яны паляцелі па начным горадзе насустрач новай прыгодзе. Ада збілася з падліку, колькі было тых мастоў, толькі запомніла асобныя назвы: Дварцовы, Ліцейны, Біржавы, Охцінскі, Валаданскі, Фінляндскі... Калі ад’ехалі ад апошняга, было далёка за поўнач. Чалавек у цыліндры спытаў, у якой гасцініцы яны спыніліся і адвёз іх туды. Дзяўчаты не паспелі як след падзякаваць, як таксі знікла з вачэй.
Читать дальше