Вярнуўшыся дамоў, напісала яму ліст і паслала некалькі вершаў, але ён на тое пісьмо так і не адказаў, проста па тэлефоне павіншаваў з Новым годам. Зрэдку тэлефанаваў позна ноччу, ведаў, што яна спіць у асобным пакоі, бо звыкла працаваць па начах. Гутарку пачынаў жартам:
— Падсунься трохі, дай побач паляжаць.
— Мой ложак занадта вузкі, — адказвала яна са смехам. — Як жывеш, Лятаўчык?
— Усё добра. Шмат ездзіў па гарадах і весях. У мяне жыццё, як у блазна, трэба публіку весяліць.
— Але ж ты нічога іншага рабіць не хочаш і не можаш.
— Мусіць, так.
— У такім разе табе няма на што крыўдаваць.
Начныя іхнія гаворкі доўжыліся гадзінамі, так што рука стамлялася трымаць трубку. Ён чытаў новыя вершы, часам спяваў новыя песні. Гэта былі хвіліны яе ціхага таемнага шчасця. У роце перасыхала ад хвалявання. І вельмі не хацелася развітвацца, бо невядома калі будзе новая сустрэча ці хоць такая ж вось цёплая размова па тэлефоне.
Ада паднялася на другі паверх, убачыла, што хлопцы-аднакурснікі кураць, у аўдыторыі сядзелі толькі Агнія і Тоня, яны нешта ціха абмяркоўвалі. Ада павіталася і села за свой стол.
— У цябе добрыя вершы, — сказала Агнія.
— Дзякую. Жанчыне жанчыну зразумець лёгка, а што скажуць мужчыны, невядома.
— Што б ні сказалі, ты ж пісаць не кінеш. Кожны сам стварае сваю долю, а паэты ў дадатак яшчэ пішуць вершаваны летапіс жыцця, а ўжо наколькі ў каго хапае таленту — справа іншага кшталту. Некаторым Бог нічога не дасць, дык ён сам возьме. Іншаму пашанцуе атрымаць вялікі талент, а ён яго змарнуе, жыўцом закапае.
— Мужчыны наогул лічаць жанчын людзьмі другога гатунку, дык што нам цяпер і не жыць? — спытала Тоня. — Будзем жыць і пісаць, як Бог на душу пакладзе.
Празвінеў званок. Хлопцы няспешна ўвайшлі ў аўдыторыю і адразу за імі з’явіўся высокі і змрочны, як скала, паэт Сераброў і маларослы крытык Махонькін. Ада наструнілася ў чаканні абмеркавання.
— Хто прачытаў вершы Ады Літвінкі? — спытаў крытык.
Паднялося некалькі рук.
— Нягуста, — адзначыў Сераброў. — Ну, нічога, затое мы прачыталі. Алег Мяфодзьевіч скажа першы сваю думку, а потым я далучуся.
Ад хвалявання ў вушах Ады ўсчаўся такі звон, што яна не разабрала першыя словы, занадта ціха сказаныя Махонькіным. Яна сцішылася, прыслухалася і зразумела, што водгук крытыка станоўчы, ён зачытваў асобныя радкі, адзначаў эмацыянальнасць, жаноцкасць, глыбіню пачуцця. Яна слухала і здзіўлялася, як хораша гэты маленькі чалавек з маршчыністым тварам яе зразумеў, мусіць і сам, маючы нягеглую знешнасць, перажываў закаханасць без спачування і ўзаемнай любасці. Крытык выказваўся занадта доўга, Ада разумела, што не вартая такой увагі.
Потым коратка выказаўся Сераброў, адзначыў вартасці, падкрэсліў, што адразу відно: вершы напісаныя жанчынаю, і гэта добра. Трэба каб сутнасць чалавека свяцілася ў падтэксце.
— Радкі «праз тугу маю бачу ў твар бяду, адвярнуся, як напаткаецца» магла напісаць толькі жанчына, бо мужчына хутчэй за ўсё кінуўся б у бойку. Хаця, безумоўна, і мужчыны розныя бываюць. Іншы не тое, што адвернецца, а кінецца бегчы з усіх ног, — Сераброў упершыню ўсміхнуўся, усмешка ягоная была па-дзіцячы адкрытая і даверлівая. — Карацей кажучы, вершы Ады Літвінкі нас парадавалі. Хто яшчэ хоча выказацца?
Устала Агнія і хораша расказала пра свае жаночыя перажыванні, з якімі пераклікаліся Адзіны вершы. Лірычная гераіня была блізкай яе душы настолькі, быццам аўтарка падслухала яе думкі і выклала на паперу.
Больш ніхто выказвацца не пажадаў. Крытык Махонькін трохі расказаў пра творчасць Аляксандра Блока, чаго патрабавала навучальная праграма. Але Ада не здатная была нешта чуць і ўсведамляць. Яна перажывала хвіліны шчасця, што яе зразумелі, што пішацца ў яе не нейкая рыфмаваная лухта, а ўсё ж вершы. Бо заўсёды сумнявалася ў сваёй творчай працы, а маці і муж пераконвалі, што яна дарэмна марнуе час і паперу.
Увечары да яе прыйшоў Сеня Хмурноў без папярэджання і запрашэння.
— Прабач, што я экспромтам, — пачаў ён. — Мне сказалі, што сёння разбіралі твае вершы. Сераброў з Махонькіным хвалілі. Я прыйшоў папрасіць, каб ты мне іх пачытала.
— Ну, добра, пачытаю. Можа, пад гарбату?
— Гэта было б цудоўна.
Ада разліла вар у кубкі, дадала заваркі.
— Табе паболей? — спытала яна.
— Ага, ты заўважыла, я люблю моцныя напоі.
— Чым ты займаўся да курсаў?
— Працаваў мастаком-афарміцелем у будаўнічым упраўленні. Потым пачаўся развал, не было чаго будаваць. Мяне скарацілі першым. Вось і прыехаў сюды ад нуды.
Читать дальше