— Тоня, а дзе твой муж? — спытала Ада.
— Чорт яго ведае, мо ў Ізраіль з’ехаў. Ён быў яўрэй. А як тваё сямейнае жыццё склалася?
— Звычайна, толькі дзяцей яшчэ не завяла, такая вось бясплодная смакоўніца.
— Ты яшчэ маладая, у цябе ўсё наперадзе. Колькі табе?
— Трыццаць.
— А мне ўжо за сорак. Іншы раз адчуваю сябе перастаркам...
— Што ты, Тонечка, ты вельмі добра выглядаеш.
— Стараюся...
Размаўляючы, яны непрыкметна даехалі да інтэрната, дзе іх сустрэла вахцёрка-армянка сярэдняга веку, захутаная ў шэрую пуховую хустку.
— Замерзлі, Марыета Арамаўна? — спытала Тоня.
— Так, цяжка пераношу пахаладанні.
— Тут столькі хлопцаў бегае, можна пагрэцца.
— Вой, дзяўчаты, я ўжо і майткі лянуюся зняць, а вы кажаце. Для мяне ўсё лепшае мінула. Даседжу тут адзін год да пенсіі ды і падамся ў вырай на поўдзень.
Ада зірнула на палічку, дзе паштальёнка пакідала лісты для насельнікаў інтэрната. Ад Касьяна па-ранейшаму нічога не было. Яна з сумам падумала: «Крыніца Лятаўчыкавага кахання перасохла, а мо і не было зусім нічога, толькі гульня, пісаў жа ён у лісце, што душа ягоная заснула, а мо і не прачыналася».
Ада развіталася з Тоняю і накіравалася ў свой пакой.
У пакоі было холадна. Ацяплення яшчэ не ўключалі. Аду, як і вахцёркуармянку, таксама даймалі раннія маскоўскія халады. Яна падумала, што трэба купіць нейкі абагравальнік ці хоць гумаваю грэлку, каб класці ў пасцель пад ногі.
Ада папіла гарбату пад ціхі гоман радыёпрыёмніка, прыслухалася і са здзіўленнем пачула, што інтэрв’ю бралі ў прафесара, кандыдата мастацтвазнаўства, пісьменніцы Молевай Ніны Міхайлаўны, той самай, у якую ў час вучобы быў закаханы Уладзімір Караткевіч. Слынны навуковец апавядала пра расійскіх мастакоў-авангардыстаў, аб’яднаных вакол студыі «Новая рэальнасць». Ада ўважліва ўслухоўвалася ў голас жанчыны і думала: «У рамане Караткевіча жанчына, якую пакутна кахае беларускі пісьменнік, памерла ад аперацыі на сэрца. Закаханы герой павёз сваю каханую-нябожчыцу, каб пахаваць у Беларусі. Не мог пакінуць яе ў Маскве, хоць мёртвую забраў з сабою. Такая сумная гісторыя... »
9
Група на чале з Наінай Андрыянаўнай раніцай выехала ў Ясную Паляну. Эма адмовілася ад экскурсіі, казала, што шмат разоў была там з мужам. Ада сядзела адна ля акна і азірала наваколле, якое мільгала за вокнамі. У аўтобусе было шумна, асабліва ззаду, дзе рэй вёў Гоша Строма. Хлопцы гулялі ў карты, часта спрачаліся, нешта выкрыквалі незразумелае, казалі, што карыстаюцца «блатной феняй».
Краявіды былі вельмі падобныя да беларускіх: лясы, палі, часам маляўнічыя ўзгоркі, як пад Мінскам. У нейкім невялічкім гарадку спыніліся ля кафэ паабедаць. Там Ада ўпершыню ў жыцці пакаштавала медавуху, напой ёй вельмі спадабаўся. Закусіла славутым тульскім пернікам, таксама вельмі смачным.
Аўтобус пакаціў далей. Зноў мільгалі палі, лясы у восеньскай красе, селішчы, і раптам нехта выгукнуў:
— Ясная Паляна!
Ада і сама ўжо ўбачыла шыльду на ўзбочыне і ўзрадавалася, што нарэшце яны прыехалі, куды імкнула яе душа. За вокнамі замільгалі вясковыя хаты, мусіць, тут жылі нашчадкі тых прыгонных сялян, якія належалі графу Льву Мікалаевічу Талстому. Аўтобус спыніўся на шырокай пляцоўцы, разлічанай на вялікі паток турыстаў. Але на гэты раз тут нікога не было. Мабыць, перабудова адбіла ў людзей ахвоту да падарожжаў.
Хлопцы і дзяўчаты высыпалі з аўтобуса, мінулі браму з дзвюх белых вежаў, накрытых зялёнаю бляхай, пайшлі па бярозавай алеі міма вялікага саду, дзе людзі абіралі жаўтаватыя сакавітыя антонаўкі і складвалі ў драўляныя скрынкі. З-за дрэваў ужо віднеўся зялёны дах белага будынка, таго самага, у якім некалі жыў Талстой з вялікай сям’ёй і слугамі. Ада набліжалася да дома пісьменніка, і хваляванне ўсё больш ахоплівала яе. Яна міжвольна спытала сама ў сябе: «А калі б знакаміты пісьменнік жыў не тут, а ў іншай мясцовасці, якія былі б ягоныя кнігі? Ці ўплывае месцажыхарства на творчасць? Безумоўна, уплывае. Таму што самая нязначная з’ява можа стаць фактам паэзіі ці празаічнай замалёўкі. Але трэба, каб тая ці іншая падзея закранула душу, неяк адбілася ў свядомасці, сфармавалася ў пачуццё і выявілася думкай, якую можна было б запісаць на паперы».
Пакуль Наіна Андрыянаўна хадзіла ў адміністрацыю і дамаўлялася, каб курсантам дазволілі прайсціся па пакоях, яе выхаванцы некалькі разоў абышлі вакол двухпавярховага будынка, прыглядаючыся да дэталяў даху, падваконняў, аздобы сцен, адкрытай веранды з ажурнай агароджаю і вельмі простага ганку. Усярэдзіне жытло графа Талстога таксама выглядала даволі бедна. Простыя посцілкі на ложках, звычайныя шторы, старая і сцёртая падлога, белы абрус на абедзенным стале. Ада разумела, што гэтыя сціплыя рэчы тым і каштоўныя, што да іх дакраналіся рукі вялікага пісьменніка. Столькі часу і падзей мінула: рэвалюцыя, дзве вайны, нават Чарнобыль не абмінуў гэтыя мясціны, а жытло працягвае існаваць...
Читать дальше