— Дзеці ў цябе, мусіць, ужо вялікія.
— Дачка ад першага шлюбу скончыла сёлета дзесяцігодку, ад другога — сыну год з паловай.
— Дык ты малады тата! — усміхнулася Ада, сама падумала, што недзе няшчасная жанчына гадуе дзіця і ніякай дапамогі не атрымлівае ад гэтага аматара моцных напояў.
— Так выйшла.
— А з кім твая маладая жонка засталася?
— З цешчаю, цесць нядаўна памёр. Старыя вельмі не хацелі, каб яна ішла за мяне. Бачылі, што нічога вартага я не ўяўляю. А яна закахалася, гэта ўсё і вырашыла.
— А ты кахаеш?
— Не ведаю, у мужчын гэта неяк інакш адбываецца.
Ада прачытала зусім новы верш, напісаны па вяртанні з Яснай Паляны, дзе рэфрэнам ішоў радок «выспелі яблыкі ў садзе графа Талстога». Старалася вымаўляць выразна кожнае слова, здалося, ён зразумеў і сказаў:
— Бач ты, ніхто з нас нічога не напісаў пра тую экскурсію, а ты паспела ўжо. Малайчына! Яшчэ што-небудзь...
Яна прачытала яшчэ адзін верш пра нязвыклую для яе маскоўскую халадэчу, у якім астылы ложак параўноўвала з магілаю.
— Гэта мы вінаватыя, што не сагрэлі цябе, — сказаў Сеня.
— Ды вы і сябе гарэлкаю грэеце, — засмяялася Ада. — Яшчэ гарбаты?
— Налівай, як заварнік вып’ю, тады і пайду, калі зусім з табою не ап’янею. Прыгожая ты, толькі вусны тонкія, прыдаюць твару строгасць. Але гэта ўжо характар такі. Давай я цябе намалюю.
— Не, не трэба! За той малюнак ніколі не разлічуся.
— Ай, Ада, добрая ты жанчына, але сухаватая. Ніякага ў цябе какецтва, гульні... Трэба заняцца тваім выхаваннем.
— Слухай, ішоў бы ты спаць і не тлуміў мне галаву, вольны мастак! Мне таксама хочацца быць незалежнай хаця б тут, на курсах. Я даўно замужам і вельмі стамілася ад празмернай мужчынскай увагі.
— Зразумеў, злачынна недаступная... Навязвацца не буду, гонар не дазваляе. Добрай ночы!
Сеня няспешна выйшоў, быццам чакаў, што яна верне яго. Ада хуценька прыбрала са стала, памыла на кухні посуд, замкнула дзверы, легла ў пасцель, узяла адну з кніжак Эмы Чаркасавай. Аўтарка найчасцей разглядала звычайныя жыццёвыя тэмы і сітуацыі, але дазваляла сваім героям рабіць пэўны выбар, адкрыта, амаль анатамічна дэманстравала напружаную працу душы і розуму ў момант пошуку выйсця з цяжкага становішча. Гэтую прозу Ада не проста чытала, а праз падтэкст і паміж радкамі даведвалася шмат пра аднакурсніцу. З таго досведу выходзіла, што Эма зацяжарала ў пятнаццаць гадоў, вымушана была ехаць да родзічаў у Свярдлоўск. Затое цяпер у сорак гадоў яна мела дарослага сына. Скончыла вячэрнюю школу, уладкавалася сакратароммашыністкаю ў газету, потым і сама паспрабавала пісаць. Кадраў не хапала. Яе ўзялі журналістам. Так пачалося новае Эміна жыццё. Асоба яна была імпульсіўная, нявытрыманая, што дадавала праблем. Але ўрэшце Эме ўдалося выйсці замуж за чалавека на пятнаццаць гадоў старэйшага за яе, што дазволіла ёй з’явіцца перад бацькамі з добрай рэпутацыяй. Хаця яна, мусіць, на іх вельмі крыўдавала, бо ніколі не згадвала ў гутарцы ні маці, ні бацьку, быццам іх зусім ніколі не было на свеце. Мужам яе аказаўся таленавіты тэлежурналіст, якога лёс добра паматаў па бяскрайніх прасторах Расіі, і цяпер у сталым узросце яму якраз не хапала хатняй цеплыні і ўтульнасці, што ён і атрымаў. Эма нідзе не працавала, бо не магла знайсці цікавую творчую працу ў Маскве, не маючы вышэйшай адукацыі. Прыйшла на курсы, каб займець дыплом.
Ада дзяліла празаікаў на два тыпы. Да першага адносіла аўтараў, абмежаваных у творчасці толькі падзеямі ўласнага жыцця, яны заўсёды пішуць толькі пра сябе. Да другога тыпу падыходзілі ўсе празаікі з шырокай фантазіяй і ўніверсальнымі здольнасцямі. Эма была празаікам першага тыпу, а таму не надта цікавым для Ады, хіба толькі ў тым плане, што гэтыя творы шмат што расказалі пра іхняга стваральніка. Зрэшты, пераважная большасць чытачоў мала цікавіцца асобаю аўтара. Гэта раней пісьменнікі былі багатыя людзі не толькі духоўна, але і матэрыяльна. Цяпер усё змянілася. Людзі мала чытаюць. Мінуў час лірыкаў, настаў час эканамістаў і юрыстаў.
11
У канцы верасня здарылася нечаканая прыемная падзея. На курсы прыехала Адзіна зямлячка Ярына Макаўка. Наіна Андрыянаўна прывяла дзяўчыну ў аўдыторыю, прадставіла. Ада была знаёмая з Ярынаю не толькі па публікацыях, некалькі разоў сустракаліся ў Доме літаратара ў Мінску.
Эма ў той дзень не прыйшла на заняткі, таму Ярына заняла яе месца. На перапынку спытала:
— Ці ёсць тут вартыя хлопцы?
— Ёсць, напрыклад, Грыша Вепраў, толькі апошнім часам ён чамусьці не ходзіць на заняткі. А вунь зірні, які прыгожы афганец Латыф, вочы цямней ад ночы! За намі сядзіць Гоша Строма ў акулярах — інтэлектуал. Ды хапае, кожны чалавек па-свойму цікавы, — адказала Ада.
Читать дальше