«Добры дзень, Зара-Зараніца! Шкадую, што так бязглузда, так недарэчна развітаўся з табою. Некуды бег, некуды спяшаўся, так хацелася шмат што сказаць, а слова далі, калі ўжо і людзей амаль не было... І цябе — таксама...
Цяжка... Дайшоў да нейкай мяжы, да глухога раздарожжа, а тут яшчэ «прэласці» сямейнага жыцця. Я не скарджуся. Мой дзед казаў: «Кожны мае тое, што заслужыў».
А далей быў верш, дзе лірычны герой звяртаўся з любоўю да невядомай жанчыны, называў планетаю любові і недасяжнаю зоркаю. Але Ада ўжо не хацела думаць, што гэтыя параўнанні тычацца яе, не хацела верыць радкам хаця б таму, што Касьян не напісаў, што прысвячае іх ёй. Можа, ён проста хацеў паказаць ёй свой новы твор.
Трывожны дзень, ашчодраны дажджом.
Ты адплыла планетаю любові,
Адцятая бязлітасным нажом
Сляпога лёсу. Божа, што з табою?
Шалёны вецер. Скроні студзіць золь.
Маўчыць прастор. Заві — не дазавешся.
Як балагол за мной вандруе боль,
Брыдзе услед па гарадах і весях.
Каго люляюць рэкі добрых рук?
Каму світае светлае прадонне
Душы тваёй?.. Гудзе настылы брук.
Золь-літасцівіца суцешыць і прыгорне.
Над раздарожжам лёсаў і надзей
Палае зорка, што была табою.
Самотны, я малюся на цябе,
Планета запаветнае любові.
Яна падзякавала яму за ліст, паслала некалькі сваіх новых вершаў, але адказу не атрымала. На наступнае лета Касьян не прыехаў. І яна зразумела, што зорка яе душы назаўсёды згасла на ягоным небасхіле, перастала існаваць. Яе ахапіла дэпрэсія, не хацелася ні працаваць, ні варушыцца. Адзінае, што змагла, дык напісала спавядальныя радкі не для друку, сабе:
Зноў цемрай знішчана святло,
А смерць зацягвае сіло
Ды кліча йсці за ёю ўслед,
Каб сэрцу смуткам не смылець,
І абяцае вечны рай.
Памры і болей не ўмірай!
Ні звад, ні бедаў, ні пакут,
Увесь цяжар пакінеш тут.
Так лёгка крок у крок ступіць.
Жыць ці не жыць?..
Яна ўяўляла, як яе будуць хаваць, як збяруцца калегі, знаёмыя, суседзі, толькі Касьяна між іх не будзе. Ён нават не даведаецца, што яна памерла. Гэта спыняла яе. Як жа можна памерці і не развітацца з ім? «Ах, Лятавец, колькі тугі прынёс ты мне? Навошта ў нябёсы паклікаў, а потым пакінуў на грэшнай зямлі?» — з горыччу думала яна і трывала з апошняй сілы. Калі боль станавіўся невыносны, зноў прыходзілі страшныя думкі:
Даўно ўжо мне няма куды ўцякаць,
Няма куды схаваць гаркоту думак.
Трымаю лёс, як амфару ў руках,
Разглядваю з усмешкаю і сумам.
Што там, на дне? Дапіць ці пачакаць?
А голас глухне ў малітоўным тлуме.
Трымаю лёс, як амфару ў руках,
Разглядваю з усмешкаю і сумам.
Нарэшце ўсё ж знайшла выйсце, зразумела: трэба нешта мяняць, нельга хаваць сябе зажыва. Вось і наважылася паехаць вучыцца ў Маскву, тады і паклікала яго з сабою.
Ён не адказаў на яе ліст. Яна зразумела, што яму ейная прапанова не спатрэбілася і больш не турбавала, нічым не нагадвала пра сябе. Толькі калі ў ліпені атрымала паведамленне, што залічана на курсы, паслала Касьяну паштоўку, павіншавала з днём нараджэння і паведаміла, што едзе вучыцца. Дзіва дзіўнае — атрымала адказ.
«Дзень добры, Сонейка!
Атрымаў тваю паштоўку. Яна такая шчымлівая і сонечная і адпавядае майму настрою. Дзякуй!
Зайздрошчу табе, цэласнасці тваёй натуры. Змагла вырвацца з такога цёплага балота паўсядзённасці, працуеш, спеліш душу, імкнешся да мэты. А ў мяне не атрымліваецца так, за два гады нашкрабаў адзін вершык — вось і ўвесь набытак.
Самотніка чакала кара Наканавання
Быць толькі сведкам
І рабом свайго маўчання.
Нядаўна сустракаўся з сябрамі, трохі мы перабралі за сталом, палезла з нас брыдота. А раней мы так добра разумелі адно аднаго. Мяняецца час і мяняе нас. Вось такая «геніяльная» выснова. Зазвычай я не п’ю, а тут як з ланцуга сарваўся. Цяпер разумею, што ўсё можна было зрабіць па-іншаму, але, мусіць, планіда ўжо такая. Не так даўно мне трапілася на вочы цытата, здаецца, Канфуцыя: «Усё будзе так, як будзе, нават, калі будзе не так». Бачыш, цягне мяне на філасофію, можа, у гэтым вінаватая твая паштоўка, бо сяджу і пішу гэты ліст, гледзячы на яе. Згадваю Вязынку, Бабруйск, Бярэзіну і цябе над ёю... Даруй асталопу. Плёну табе. Да пабачэння».
Гэты ягоны ліст быццам абяцаў працяг адносін, таму і думала Ада пра Касьяна ў Маскве, хоць і забараняла, адгаворвала сябе, але не здолела перасіліць парыванне. Напісала яму ліст да запатрабавання, расказала пра першыя дні вучобы, паведаміла адрас і тэлефоны, па якіх яе можна адшукаць. Спадзявалася, раптам знойдзе магчымасць і прыедзе да яе ў Маскву хоць на дзень. Якое гэта было б шчасце — пахадзіць па горадзе, пагутарыць, наслухацца і нагледзецца на яго! На ўсялякі выпадак праз тыдні два яшчэ і патэлефанавала яму, папярэдзіла, што ліст чакае яго на пошце, але тады нехта быў дома з ягоных сямейнікаў, таму размаўляць доўга не маглі. Ён запісаў адрас і нумары тэлефонаў і развітаўся. Ада засталася чакаць.
Читать дальше