Эма яе проста зачаравала выхаванасцю і ўвагаю. І ў першы ж дзень прапанавала наведацца на Чыстыя Пруды, дзе некалі жыў Міхаіл Булгакаў. Пасля заняткаў яны няспешна пайшлі па вуліцы. Ада заўважыла галантарэйную лаўку і прапанавала зайсці. Памяшканне было маленькае, але набітае розным дробным таварам: ніткамі, стужкамі, напарсткамі, іголкамі. Ада звярнула ўвагу на карункі, прыцанілася, набыла два метры і сказала:
— Куды-небудзь прышыю.
Выйшлі з крамы і сутыкнуліся з Наінай Андрыянаўнай.
— Гуляеце, дзяўчаты? — спытала яна.
— А вы куды? — пацікавілася Эма.
— У гастраном купіць якіх харчоў.
— Ахвота вам цягнуць адсюль харчы, у вас жа Басманны рынак пад бокам.
— Ніколі не хаджу на рынак. У тым раёне мой былы муж жыве, не хачу з ім сустракацца.
— Чаму вы развяліся? — спытала Ада.
— Смешная гісторыя. Мы з ім жылі і не мелі дзяцей. Дактары казалі, што ён бяздзетны. А тут раптам ягоная сакратарка зацяжарала. Ён ёй паверыў і пайшоў да яе. Вось і ўсё. З таго часу мы з Віктарам не бачыліся.
— Вы вельмі перажывалі? — спачувальна спытала Эма.
— Спачатку трохі бедавала, а пасля палюбіла і ацаніла волю. Куды хачу паеду, куды хачу пайду, калі хачу вярнуся. Можа, толькі трохі шкадавала, што не мела сваіх дзяцей. Але ў мяне столькі было курсантаў, бездапаможных, як дзеці, што ім я аддавала душу і вольны час. Шмат хто з былых выхаванцаў тэлефануе мне, заязджае, гэта прыемна. З працаю мне пашанцавала. Я ж нават дысертацыю напісала. Магла б падацца ў выкладчыкі, лекцыю прачытала — і вольная! А мне гэтага мала. Хацелася працаваць з людзьмі і дзеля людзей. Тое мне Бог і даў. Ну, шчасліва. Мне на той бок, — сказала Наіна Андрыянаўна, узмахнула рукою на развітанне і пашыбавала да пераходу.
Эма вяла Аду па старых вуліцах, расказвала пра маскоўскае жыццё, распытвала пра Бабруйск.
— У мяне там засталася маці, — уздыхнула Ада. — Жыве яна на ўскрайку горада ў сваёй хаце. Бацька загінуў у аварыі, разбіўся на матацыкле з сябрам, малады яшчэ быў. Вось так мы і жывём як бы ў горадзе, але па-вясковаму, садзім грады, трымаем курэй, парася, іншы год дык і качак разводзім, але яны занадта пражорлівыя.
— А муж? Ты ж замужам, Наіне Андрыянаўне казала.
— Муж аб’еўся груш. Не пускаў мяне сюды, мы пасварыліся, а што будзе далей, час пакажа.
— Муж ды жана — адна сатана. Перамелецца.
— Ды я не бядую, жыву адным днём. Мне добра тут. І гэтага дастаткова. Між іншым, Чыстыя Пруды ў сярэдневечча называліся Паганым стаўком, мусіць, тут былі язычніцкія капішчы. Таму і ўбачыў Булгакаў тут розную нечысць.
Эма здзіўлена зірнула на Аду і спытала:
— Адкуль ведаеш?
— Чытала... У сярэдзіне XVI стагоддзя тут знаходзіўся Літоўскі двор, куды прыязджалі прадстаўнікі Вялікага Княства Літоўскага. Яго тэрыторыя была агароджана высокім плотам, ахоўвалася царскімі вартаўнікамі, так што жыццё паслоў трохі нагадвала існаванне вязняў. Нашы купцы прывозілі тавары на знарок створаныя Панскія і Смаленскія іншаземныя гандлёвыя рады, бо і Смаленск тады быў яшчэ ў складзе ВКЛ. Туды наведваліся не толькі маскавіты, але з’язджаўся люд з ваколіц. У лютым 1584 года сюды прыбыў дваццацісямігадовы Леў Сапега на чале вялікага пасольства, згодна са звычаямі таго часу прывёз у падарунак Івану Грознаму пародзістых коней з пазалочанай вупражжу, пістолі, срэбны посуд ды іншыя скарбы. Зараз ужо дакладна не помню, што там было яшчэ. Дамову падпісаў, дзякуючы прыроднаму розуму, эрудыцыі і выхаванасці...
— Цікавішся гісторыяй? Дык пішы творы пра гэта.
— Так, цікаўлюся. Можа, калі і напішу...
Непрыкметна яны прыйшлі да сажалкі з мутнай вадою, спыніліся, Эма паказала на будынак насупраць:
— Тут жыў Булгакаў. Можам зайсці ў пад’езд.
Расчынілі дзверы, увайшлі ў паўцёмную прастору лесвічнай пляцоўкі, убачылі сцены, спісаныя спрэс прыхільнікамі вялікага празаіка.
— Што робіцца! — ахнула Ада. — Гэта трэба так спаскудзіць жытло! Эма, калі-небудзь і твой пад’езд такім чынам размалююць!
— У нас дамафон, не атрымаецца. Пайшлі, пастаім ля дзвярэй. Калі яшчэ сюды збяромся.
Яны падняліся па прыступках, пастаялі на пляцоўцы. Ада падумала, што жыў на свеце выдатны пісьменнік Булгакаў. Але розныя палітычныя і сацыяльныя акалічнасці не дазвалялі яму існаваць вольна і шчасліва, п’есы не ставілі, кніжкі не выдавалі. А пасля, калі ён памёр, успомнілі, пачалі ствараць кінафільмы і ставіць п’есы, кніжкі выдаваць. Хоць бы хто яму на той свет занёс гэтую радасць! Сказала Эме:
Читать дальше