Спытаны наконт арыштаванага, ён кажа герцагу, які яшчэ ляжыць у ложку й сьнедае, а ён, фон Айцэн, і гер тайны радца Лёйхтэнтрагер чакаюць па левы й правы бок ложка, што, вядома, ня можа быць ніякага сумненьня: блазан і рыначны збродзень, які шлындаўся па ўсёй Еўропе як Вечны альбо Вандроўны Жыд і ўмыкаў у людзей грошы з кішэні з дапамогаю прынцэсы Трапезундзкай, і Пуфэндорфаў жаўнер, які стаяў у службе ў Яго герцагскай мосьці і ў ягонай сьвіце выправіўся ў галандскі паход, і менаніцкі прапаведнік-гарлапан, які ў Цёнінгу, бы вулічны маталыга набраўся нахабства бязь ніякага сораму выступіць сьведкам перад Яго мосьці духоўным судом і перад высакародным і шматшаноўным шталерам герцага й да таго ж яшчэ з дапамогай чорнай магіі ператварыў у гароднае пудзіла ва ўсіх адносінах камплектную і статэчную бабу, — адна й тая самая асоба, а значыцца, подлы дэзертыр, зь якім трэба абыходзіцца па законах ваеннага часу; гер тайны радца, які і ў ранейшыя часы шмат разоў сустракаўся з Агасфэрам, таксама можа пацьвердзіць яго ідэнтычнасьць і ягоную ж службовую ролю ў Пуфэндорфавым войску, у якім прыпісаны А. Агасфэр пазьней быў аб'яўлены прапалым бязь вестак.
Герцаг папярхаецца на кавалку вэнджаніны й пасьля таго, як, крэкчучы й адплёўваючыся, прачысьціў горла, патрабуе ад свайго тайнага радцы далажыць, ці ня было б мудрэй прыгрэць такога штукара-чарадзея, замест каб прапускаць яго праз строй; а што да пудзіла, дык у сваім герцагстве ён ведае процьму баб, якіх, размаляваных і расфуфыраных, хоць цяпер станаві ў любы гарод, так і так яны ўжо пажухлі й перасохлі — на іншы ўжытак негадзяшчыя. Але Лёйхтэнтрагер, зірнуўшы на Айцэна, аж той жахнуўся, кажа герцагу, што арыштаваны, шчыра кажучы, ня ўтрымліваецца пад вартай як чарадзей і чарнакніжнік; за ім проста прыглядваюць і назіраюць; чалавек сядзіць на ланцугу й гадзінамі вядзе нейкія перагаворы зь нейкім рэбэ Ёшуа, гэта жыдоўскі назоў нашага Ісуса.
Герцаг Адальф палохаецца: ад чалавека, які мае такія сувязі й зносіны, лепей трымацца далей, хай ім займаецца супэрінтэндэнт; але Айцэн раіць прыняць справу так, якою яна бачыцца цьвярозаму воку, чалавек быў у войску й больш ня ёсьць, дзе былі б тыя войскі на княскія войны, калі б кожны ўцякаў зь іх, калі яму засьвярбіць? Такое абгрунтаваньне, думае герцаг, нязгорш-такі, і ён бурчыць, што ж хай Агасфэр будзе прапушчаны праз строй іншым на пострах і геру супэрінтэндэнту на ўцеху. І як што герцаг ужо дасьнедаў, піва дапіў, ён ківае слузе, і той прыносіць яму тазік, ён абмывае рукі, доўга й грунтоўна, і кажа:
— Вы пазналі яго, Айцэн, і назвалі яго й паказалі на яго пальцам, дык глядзіце ўжо самі, як яно там далей.
Калі гер супэрінтэндэнт чуе гэта, яму робіцца млосна на сэрцы, ён азіраецца на прыяцеля Лёйхтэнтрагера, ці не паможа ён яму й цяпер; але вочы ў таго як мармур, а твар як ляднік, і калі ён пытаецца ў герцага, колькі ж разоў прапусьціць Агасфэра праз строй, два разы, чатыры разы, восем разоў, і герцаг, цяпер ужо знуджаны, кажа восем разоў, Айцэн ведае, што гэта сьмяротны вырак. Але адначасова таксама думае, ну, вось цяпер і выявіцца: сапраўды Агасфэр — Вечны Жыд ці не й ці праўда ён асуджаны нашым Госпадам Хрыстом жыць да яго канчатковага вяртаньня, яму ўсё адно ў такім разе нічым не абыдзецца, акрамя добрай лупцоўкі; калі ён сапраўдны шавец і цёмны дзялок і махляр, які пасьвіўся на людзкой даверлівасьці ды яшчэ й з Маргрэт вычвараў, што вычвараў, пакуль яна не ператварылася ў саламянае пудзіла, дык так яму й трэба, дык і не заслугоўвае нічога іншага, як быць забітым кіямі да сьмерці. Супакойваючы такім чынам сваё сумленьне, ці што там яшчэ замест яго ён носіць у грудзях, ён наступную ноч ціхамірна сьпіць, пасопваючы каля сваёй жонкі Барбары, і як што яна адчувае пад раніцу замілаванасьць і адпаведна дае яму цыцы й чагосьці яшчэ, гэта яму амаль удаецца; але як толькі яна пачынае варочаць кашчавымі клубамі й яго ўжо добра разьбірае, ён думае, што й на яе шыі нібыта бачыць крывавае колца, і спалохана адсоўваецца й садзіцца на ўскрайку ложка ў нагах, трасучыся і трымцячы й закаціўшы вочы; а яна думае, што яму заклініла штуку, і пытаецца:
— Як там у цябе, усё як сьлед, Паўль, яшчэ здаровы, і на сваім месцы, Паўль?
І ён спазнае, што яна ўсё яшчэ ў целе, хоць і ў худым, і з аднаго кавалка, бо яшчэ ніколі ніхто ня чуў, каб гаварыла адна галава, апрача хіба каня Фалады, але тая была прыбітая. Таму бурчыць, што за дурныя пытаньні й як там са сьняданкам; дзень сёньня будзе цяжкі, бо якраз падчас вячэрні аднаго там прагоняць праз строй, а герцаг хоча, каб ён, як вышэйшы прадстаўнік царкоўнага аўтарытэту аказаўся хлопцу духоўнай падтрымкай. Барбара звоніць служанку, і яны разам гатуюць Айцэну сьняданак, пасьля якога абсмокчаш усе дзесяць пальцаў, мучны кулеш зь яйкам і распушчаным маслам і півам і каўбасой і сьвежым хлебам; але тым ня меней яму нешта ня лезе ў рот, і ён адсоўвае ад сябе сьняданак; так і за рабочым сталом нічога ня йдзе ў руку, ні нядзельная казань, якую ён мяркуе сказаць у саборы паводле Лукаша 18, верш 10, пра пыхлівага фарысэя, які выхваляецца тым, што два разы на тыдзень посьціцца й аддае Богу дзесяціну з усяго, што набывае, тым часам як бедны мытнік можа толькі вымольваць у нябеснага айца літасьці за свае грахі, на што Ісус кажа: Кожны, хто ўзьвялічвае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца, ані пісьмо да пастара Ёгана Хрысьціяна ў Лёйце, якому Барбара паслала тры дзясяткі яек, бо скардзіцца, што ў яго пяць сыноў і тры дачкі, якім усім хочацца ням-ням, а ў Лёйце так усяго мала, хлеба няма, піва таксама няма, і таму ён цяпер хацеў бы мець яшчэ й кірху ў Боэлі, будзе прапаведаваць карацей, піша ён, два разы па дзесяць запаведзяў было б дастаткова, калі б дарога не такая доўгая, а на сымболе веры і sacramenta ён, так бы мовіць, падхалтурваў бы дадаткова да асноўнай казані. Аполудні Айцэну сапраўдная пакута; як бы ўсмакавала курачка, што яму прапануецца, далікатна запечаная, прыемна духмяная, калі ён думае, што яго чакае наперадзе: гэта першы раз, калі ён афіцыйна прадстаўлены на прагонцы пад шпіцрутэнамі, а ў яго ж душы струны танчэйшыя, чым у большасьці, ён чалавек міру й вучэбнага кабінета, а не гарласты, цьвёрдаступны палявы прапаведнік; але ніяк немагчыма адмовіць герцагу, калі Лёйхтэнтрагер, яго асабісты добры прыяцель і сябар, аж так вельмі прыбліжаны да Іх мосьці.
Читать дальше