Стэфан Гайм
Агасфэр (Вечны Жыд)
Разьдзел першы. У якім паведамляецца, як Бог на радасьць анёлам стварыў чалавека, і пра разнамыснасьць двух рэвалюцыянэраў у прынцыповым пытаньні
Мы падаем.
Праз бясконцасьць верхняга неба, вогненнага, са сьвятла, з такога самага сьвятла, зь якога было саткана наша адзеньне, слава якога ўзятая намі, і я бачу Люцыпара ва ўсёй галізьне і абрыдлівасьці ягонай, і мне робіцца вусьцішна.
Ты каешся? кажа ён.
Не, няма ўва мне каяты.
Бо мы ж былі першыя роджаныя, створаныя ў першы дзень, разам з усімі анёламі й арханёламі, хэрувімамі й сэрафімамі, сонмамі й войскамі духаў, створаныя з агню й подыху Бясконцага, паводле нічыйго вобразу й падабенства, створаныя да таго, як зямля была аддзелена ад нябеснай цьвердзі й воды ад водаў, яшчэ да таго, як сталіся цемра й сьвятло, ноч і дзень, вятры й буры, мы, неспакой, вечнае кружляньне па-над сфэрамі, вечнае зьмяненьне, вечна-творчае.
Які твор! кажа ён. Чалавек!
І пры гэтым пачало рабіцца так жахліва велічна, як калі б сьвет рыхтаваўся спарадзіць новы сьвет. Голас у прасторы, Ягоны голас, у дзень шосты, каля другое гадзіны: Дай нам зрабіць чалавека паводле нашага вобразу, паводле нашага падабенства. Нам!.. Але быў толькі Ён, было толькі Яго Самога рашэньне, мы ня мелі ў ім сваёй долі. А на анёлаў нагарнуўся вялікі страх, найшло трымценьне, і яны сказалі: Сёньня нам явіцца цуд, вобраз Бога, нашага Творцы, бо паводле Свайго вобразу й падабенства стварае Ён чалавека.
І я бачу, як Люцыпар, павярнуўшыся ў падзеньні да мяне, зьедліва крывіць рот.
З праху! кажа ён.
Але цуд, як і ўсе Ягоныя цуды, пачаўся страшным і велічным відовішчам, як толькі з прасторы прасьцерлася Божая правіца, сягнула праз цэлы сьвет, і ўсе стварэньні сабраліся ў Яго руцэ. Пасьля ўся неабсяжнасьць звузілася, і, як штукар дастае свае аксэсуары — парашочкі й пудэлачкі з эліксірам і костачкі, альбо як кухарка муку, яйкі, алей, так, убачылі мы, Ён узяў з усёй зямлі грудачку пылу й з усіх водаў адну кропельку й з усяго паветра ўгары адну паветрынку й з усяго агню дробную жарынку й гэтыя чатыры слабыя элемэнты-стыхіі — холад, цяпло, сухасьць і вільгаць Ён паклаў сабе на далонь і з таго зьляпіў Адама.
І мы павінны былі яму служыць, кажа Люцыпар, усё яшчэ павярнуўшся да мяне, і мусілі былі пачалавечы падладжвацца й пахлебіцца й кланяцца яму й ганараваць яго!
І так сказалі анёлы перад абліччам новага Адама: дзеля якое мэты й прычыны стварыў Бог яго з гэтых чатырох стыхіяў, калі ня дзеля таго, каб усё на сьвеце карылася яму й слухалася яго? Ён узяў грудачку пылу зь зямлі, каб усе пылатворныя служылі Адаму, кропельку вады, каб усё ў морах і рэках давалася яму, подых-вятрынку з паветра, каб усё жывое ў паветры было ягонае, жарынку з агню, каб усе агнявыя істоты й духі й магуты падкладаліся пад яго. Хвалеце Госпада ў вышынях.
О, гэта бясконцае падзеньне бяз часу, бязь межаў, праз вечна роўнае, бліскучае сьвятло. Дзе верх, дзе ніз, дзе нябесная цьвердзь з зоркамі, хмарамі, салодкасьцю месяца, дзе глыбіні царства Люцыпара, дзе зямля, каб нагу на Яе прыткнуць, дзе распасьцёртая правіца Богава?
Любата было падзівіцца на творыва шостага дня, кажа Люцыпар, але ж было яно — з пылу.
Прыгожы ён, чалавек Адам, нават я быў ўзрушаны прыгажосьцю, угледзеўшы яго, бо ж я бачыў карціну яго аблічча, як яно ўспыхнула ў цудоўным сьвятле, пасьля сьвятло ягоных вачэй, падобнае на сьвятло сонца, і зьзяньне ягонага цела, як зьзяньне крышталю. І ён пацягнуўся і ўстаў пасярэдзіне зямлі, на гары Галгофе, там ён апрануўся ва ўбраньне царства, і там на галаву яму была ўскладзена карона цудоўнай велічы, цар, сьвятар і прарок, і там даў яму Бог уладу над усімі намі. Але Люцыпар, начальнік ніжняга парадку, валадар над глыбінямі, сказаў нам: Не шануйце яго й не хвалеце яго нароўні з анёламі! Яму сьлед ганараваць нас, нас, якія з агню й духу; а ня мы каб ганаравалі пыл, створаны з грудачкі пылу. Тут узвысіўся голас Бога й сказаў мне, кажучы: А ты, Агасфэр, што азначае тое самае, што й любасны, ці ж ты ня хочаш пакланіцца Адаму, якога Я стварыў паводле Майго вобразу й падабенства?
І я зірнуў на Люцыпара, які стаяў перад Госпадам, выпрастаны й вялізарны й цёмны, як гара, і падняў кулак, што аж працяў цьвердзь нябесную, і я адказаў Богу: Чаго Ты так насядаеш на мяне, Госпадзе? Я ня буду ні ганараваць ні шанаваць таго, хто маладзейшы за мяне й малейшы. Перш чым ён быў створаны, створаны быў я, ён ня рухае сьвет, а я рухаю яго, і наперад і назад, ён з пылу, а я — дух.
Читать дальше