Разьдзел дваццаць пяты. У якім вентылюецца пытаньне пра тое, што можа крыцца за інтэнсіўнымі заняткамі комплексам Агасфэра, і мы даведваемся праз вучоны абмен пісьмамі паміж прафэсарамі Байфусам і Лёйхтэнтрагерам наконт вяртаньня рэбэ Ёшуа й ягоныя думкі пра Армагедон
Геру
праф. д-ру Dr. h. c. Зігфрыду Байфусу
Інстытут навуковага атэізму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлін
4 верасня 1980
Дарагі таварыш Байфус!
З прычыны адпускнога перыяду многіх нашых супрацоўнікаў наша рэагаванне на працу кіроўнага Табою Інстытута «Рэлігійныя элементы ў сіянісцкім імперыялізме са спецакцэнтам на Агасфер-легендзе і Кумранскім рукапісе 9QRes», рэдакцыя якога па нашай ініцыятыве была ў сакавіку гэтага года, запазнілася. Пасля таго, як перад намі аказаліся многія ацэнкі і меркаванні і нават я сам меў магчымасць пазнаёміцца з працай, я павінен паведаміць Табе, што мы не разглядваем гэты ўзнос у яго існуючай форме як дастаткова кваліфікаваны, каб прадстаўляць яго ў наступным годзе на канферэнцыі ў Маскве.
Перш за ўсё не хапае галоўнага раздзела, які праз адмысловае завастрэнне ўвагі на Агасфер-легендзе і рукапісе 9QRes дэталёва прааналізаваў іншыя важныя аспекты тэмы; і сацыяльныя і нацыянальныя сувязі распрацоўваюцца ў працы недастаткова ўсеабдымна і паглыблена. Так, напрыклад, не хапае базіснага аналізу першага захопу Палестыны Ізраілем, прычым выкарыстанне сакрэтна-службовых сродкаў нападаючымі заслугоўвала б спецразгляду, як і аналіз анексіянісцкага характару другой яўрэйскай дзяржавы, як і яе саюзніцкай палітыкі з імперыялістычным Рымам, што магло б праліць характэрнае святло на сённяшнюю практыку.
У сувязі з гэтай праблематыкай у нашым пісьме Табе ад 8 ліпеня гэтага года мы рэкамендавалі дыстанцыраваць гераў праф. Лёйхтэнтрагера і яго прыяцеля Агасфера ад візіту ў сталіцу ГДР на канферэнцыю, маючую адбыцца ў панядзелак у 14 гадзін.
З сацыялістычным прывітаннем
Вюрцнер
Кіраўнік галоўнага аддзела,
Міністэрства вышэйшай
і прафесійнай школьнай адукацыі.
Геру
праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру
Hebrew University
Jerusalem
Israel
10 верасня 1980
Дарагі, шаноўны калега Лёйхтэнтрагер!
Я даўно павінен быў бы адказаць Вам на Ваша змястоўнае пісьмо ад 3 ліпеня, але важныя справы і нервозныя перажыванні, якія мяне амаль штомесяца трымаюць далёка ад інстытута, змусілі мяне адкласці такі намер. Але ўвесь гэты час тэма Агасфера не пакідала мяне; мой урач нават выказаў падазрэнне, што маё здароўе можа быць у нейкай, хай нават аддаленай, сувязі з ёю, і сказаў пра фіксацыю, як яна ўжо была Вамі адзначана, і распытваўся, ці не з'яўляецца мне Вечны Жыд начамі ў снах ці як-небудзь інакш. З чыстым сумленнем, праўда, я мушу гэта адмаўляць.
Тым не меней застаецца пытанне, чаму Вы, дарагі калега, і я ўжо працяглы час інтэнсіўна займаемся комплексам праблем з Агасферам, бо калі ўжо можна гаварыць пра нейкую фіксацыю, маю зацыкленасць, як раней у Вас, калі Вы сцвярджалі пра рэальнае існаванне перажылага стагоддзі цуда-чалавека і спрабавалі пераканаць у гэтым мяне. А ці нельга было паставіць гэта пытанне па-грамадску мякчэй? Адкуль гэтая заўсёды ў прыкметна павышанай меры цікавасць да Агасфера, яго паходжання, яго гісторыі, яго ўздзеяння?
Паколькі ў свеце не бывае спантаннага развіцця, а паводле законаў дыялектычнага матэрыялізму адно заўсёды вынікае з другога, варта было б прадумаць, што крыецца за цэлым і чыім інтарэсам яно ў дадзеным выпадку служыць. Больш дакладна па гэтым пункце Вы, паважаны гер прафесар Лёйхтэнтрагер, праўдападобна, нават не маючы намеру, прыслалі адказ, калі ў сваім ліпеньскім пісьме ў кантэксце з магчымым візавым пытаннем да ўстановаў Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі пісалі пра сябе як пра прадстаўніка парадку і законнасці, а Агасфера разглядалі як антытэзу да гэтага, як чалавека не-парадку і разбурэння, нецярплівасці і неспакою, як сімвалічны вобраз анархіі, значыцца. Але такія тыпы, падумайце толькі пра Троцкага і да яго падобных, зноў і зноў робяцца прыладамі ў руках самай цёмнай рэакцыі і імперыялізму, і пры ўсёй прыязнасці да Вас, шаноўны гер калега, якую я, спадзяюся, прыдбаў праз нашу доўгую і змястоўную перапіску, я даю Вам параду, яшчэ раз падумаць і пры выпадку даследаваць, ці сённяшні, вельмі рэальны Агасфер — ад яго самых розных папярэднікаў я цяпер абстрагуюся — не мог бы быць нечым большым, чым толькі бяскрыўдным абутковым гандляром-камашнікам.
Читать дальше