Але з гэтага месца далей гаварыць ня можа, бо раптам яму прыходзіць у галаву, што ён, бадай, больш моліцца за сваю шчаснасьць, чым за шчаснасьць ліхамысьніка, і падымае вочы ўгору да неба ў надзеі, што суцяшэньне прыйдзе адтуль, але позірк яго падае на твар Агасфэра, няўмольны й поўны цьвёрдасьці й насьмешкі, і зноў яго забірае злосьць на жыда, які заўсёды рабіў яму насуперак і прагнаў нашага Госпада Хрыста ад сваіх дзьвярэй, калі той толькі хацеў трошкі адпачыць ад крыжа, і ён пасьпешна завяршае, толькі дзеля таго, каб выканаць прафузаў наказ, і камячыць тэкст, як Бог дзеля сваёй міласэрнсьці й дзеля бязьвінных горкіх пакутаў і сьмерці свайго любаснага сына Ісуса Хрыста да нас, бедных грэшных людзей, хоча быць літасьцівым і мілажальным і дараваць нам усім нашыя грахі й даць нам моцнасьці духу дзеля нашага паляпшэньня. Аман.
Пасьля чаго прафуз абвяшчае, што годзе пабожных слоў, і што ваенная юстыцыя і прагны да відовішчаў люд хочуць таксама дастацца да свайго права. Два слугі становяць Агасфэра якраз на пачатку «вуліцы» тварам у яе, і прафуз камандуе, і голас яго гучыць далёка:
— Гатова да прабегу вуліцы — марш!
Агасфэр бачыць перад сабою бясконцую «вуліцу», справа жаўнеры, зьлева жаўнеры, вочы, вочы, вочы, два муры з вачамі, і ўсе глядзяць на яго, і паднятыя для ўдару дубцы, якія далей здаюцца ўсё больш кароткімі, пакуль усё, вуліца й жаўнеры й прылады, ня ўліваецца ў адну чорную пропадзь, якая праглыне яго. Спачатку ён адчувае кожны ўдар так, быццам дубец апаясвае яго, і кожнага разу яму займае дух, і ён адчувае, як набухае й лопаецца скура й выступае кроў, густая і гарачая. Пасьля боль зьліваецца ў хвалі, якія пракочваюцца па ім і душаць, пакуль ён ня ўскрыквае, як зьвер, крык разьдзірае горла, вочы лезуць з вачаніц, мяса на сьпіне лопаецца й рвецца, а канца вуліцы ўсё яшчэ няма. Міласэрнасьці, шэпча ён, і ведае, што ніхто яго ня чуе, а калі б і пачуў, не ўмілажаліўся б, і хістаючыся тупае далей, і зноў удары, зноў посьвіст дубцоў, кляск, які ўжо ён чуе, быццам гэта не ягоная сьпіна, якая прымае ўдары, не свае мускулы, якія разрываюцца валакно за валакном.
Вось, нарэшце, дайшоў. І ўсё яшчэ жыве. Ён дыхае з хрыпам, сэрца ў грудзях дзіка б'ецца, боль вакол яго ўсяго як паліто з жару. Але тут ужо паказваецца гер суб-прафуз і хапае яго пяцярнёй, паварочвае й высьпяткам пасылае назад у вуліцу. Ён спытыкаецца, падскоквае. Што ён яшчэ можа бачыць каменьне пад нагамі, зьдзіўляе яго самога, можа чуць глухое віраваньне барабанаў, думаць можа, столькі крыві, колькі ж крыві ў чалавеку. Яго сьпіна суцэльнае чырвонае месіва: кашуля, скура, чырвонае мяса; скора аголяцца косьці, ясна. Пасьля, калі падымае галаву, каб разгледзецца ў страшнай дарозе, ён бачыць Айцэна, чорнага й малюсенькага ў аддаленьні, але ён робіцца ўсё большы й большы, з кожным крокам падрастае, з кожным ударам, рысы твару робяцца больш пазнавальныя, востры нос, сьцяты рот, маленькія бліскучыя вочы. І калі ён падыходзіць да яго, апускаецца яшчэ апошні ўдар на ягоныя плечы, ён падае на калені перад ім і просіць, кусаючы губы:
— Дайце мне адпачыць крыху каля вас, бо я ў ранах і змогся да сьмерці.
Словы гэтыя Айцэн ведае добра, і раптам яму зноў робіцца страшна і ўжо нічога іншага ня хоча, як толькі адпусьціць жыда з вачэй, з жыцьця, і ён выкрыквае:
— А што вы сказалі, калі наш Гасподзь Ісус прыйшоў да вас з крыжам на сьпіне й папрасіў у вас таго самага.
— Я, — кажа Агасфэр, спрабуючы ўсьміхнуцца, — любіў рабі.
Айцэн крывіць твар; гнеў Госпада адолеў яго за такую жыдаву крамолу:
— Прэч, сказаў ты, і прагнаў нашага Госпада Ісуса ад тваіх дзьвярэй, і ён пракляў цябе…
І змаўкае, бо Агасфэр падняўся і стаіць перад ім, увесь у крыві, і падымае руку й кажа, тым часам як геры прафузы разьзяўляюць пашчы ад зьдзіўленьня:
— Будзьце ж праклятыя і Вы, Паўлюс фон Айцэн, і чорт возьме вас, гэта так жа пэўна, як і тое, што Вы цяпер тут бачыце мяне, і я буду пры тым, калі ён прыйдзе, каб забраць Вас.
Пасьля гэтых слоў ён паварочваецца не марудзячы, назад у вуліцу, і калі на яго падае ўдар, на небе разрываюцца хмары, і ляскае маланка, і падымаецца вецер, і многія кажуць, што Бог даў азнаку, і ліхі будзе канец з Садомай і Гаморай на рацэ Шляі.
Пазьней, калі ўжо ўсё скончылася, пры восьмым праходзе вуліцы, гер прафуз пхнуў ботам труп ліхамысьніка й такім чынам пераканаўся, што той мёртвы да сьмерці, пасьля чаго абвясьціў:
— Атрад — увага! Кара закончана! — і жаўнеры памаршыравалі з трупам на драбінах, і дождж змыў з бруку кроў Агасфэра, і былі спалены шпіцрутэны на вогнішчы на рыначным пляцы, яны гараць дрэнна й дымяць і сьмярдзяць, думае Айцэн, яму здаецца кашмарным сном і ўсё гэта разам і тое, што хлопец быў толькі прахадзімцам і махляром, бо сапраўдны Агасфэр ніколі ня мог бы памерці насамрэч, нават пасьля восьмага праходу вуліцы.
Читать дальше