Так усоўваецца ён, як што ўжо блізіцца трэцяя гадзіна пасьля полудня, у сваю чорную хабіту зь белым каўняром; бярэ з сабой і срэбраны крыжык, каб злачынец, перш чым вырупіцца ў цяжкую дарогу, мог пацалаваць яго, хоць няма пэўнасьці, што жыд захоча рабіць гэта. І прыйшоўшы на рыначны пляц, там ужо вялікі натоўп; такое ўражаньне, быццам стлуміўся цэлы горд Шлезьвіг перад крывавым месцам, — дзеці, мужчыны й старыя, з жанкамі, каб пацешыцца з ваеннай гульні, якая павінна там адбыцца. Сцягнутыя ўжо й жаўнеры, выбраныя паводле росту, каб удары шпіцрутэнамі таксама клаліся ў правільным парадку, каб ня было так, што даўгалыгі злачынец мецьме супраціўнікам ніжэйшага; толькі хлопчыкі тамбурысты, якія павінны будуць сыпаць пошчак падчас працэдуры, у сваіх стракатых куртах, як зласьлівыя гномы, снуюць, скачуць, мацней падцягваюць скуру на барабанах, каб гучаньне было добрае. І жаўнеры, заўважае Айцэн, у кароткіх мундзірах, пры ўсёй скураной сваёй збруі, але бяз зброі; інакш многія зь іх, магчыма, захацелі б, падазраючы, што й іх чакае такая самая доля, як і асуджанага, павярнуць мячы і ўтварыць фронт супроць сваіх капралаў і афіцэраў і супроць гера супэрінтэндэнта. А над усім гэтым вісіць неба, шэрае як сьвінец, з хуткаплыннымі хмарамі, якія ледзь не напаўзаюць на дахі дамоў і не спавяшчаюць нічога добрага.
Тым часам гер прафуз палка, які ўсім камандуе, бачыць гера супэрінтэндэнта й падыходзіць разам з суб-прафузамі, да яго, вітае ветлівымі словамі й запрашае на чарку пасьля выкананьня абавязку.
— Яна вам спатрэбіцца, сьвяты гер доктар, — кажа ён зь лёккім «хо-хо» і «ха-ха», — выгляд у вас ня дужа здаровы.
А суб-прафуз з такім самым «хо-хо» і «ха-ха» ляпае Айцэна па плячы, аж у таго ледзь калені не падсядаюць. Пасьля чаго прафуз дае знак, і афіцэры й капралы становяць сваіх людзей у два рады, адзін рад у трыста футаў даўжынёю, тварам да такога смага другога; маміж імі праход, вуліца, шэсьць крокаў ушыркі, і жаўнеры на невялікай адлегласьці адзін ад аднаго, але так, каб кожны мог добра замахнуцца.
— Ідзіце за мною, сьвяты гер доктар, — кажа прафуз, — гер суб-прафуз стаіць у тым канцы «вуліцы» і пасылае да нас хлопца, каб вы, калі ён дойдзе да нас яшчэ жывы, маглі сказаць яму ваша «пахвалёны будзь».
Прынесьлі дубцоў, сьвежа нарэзаных зь вербаў унізе каля рэчкі Шляй і акораных, чатыры кашы зь пяцьцюдзесяцьцю дубцамі, кожны дубец даўжынёю ў чатыры з палавінаю футы й таўшчынёю зь вялікі палец мужчыны. Прафуз асабіста дастае з каша то адзін дубец, то другі й прабуе яго, прасьвістваючы ім у паветры па драўляным слупе, наверсе якога лунае герцагскі трыкалёр, чырвона-бела-блакітны штандар, каб ён мог чуць, як сьвішчуць дубцы, і бачыць, як яны будуць шморгаць па целе няшчаснага грэшніка, калі ён пабяжыць па вуліцы.
На вежы сабора прабіла тры гадзіны, і шум і галасьня на пляцы ўлегліся і спакваля аціхлі зусім. Адтуль, дзе Гаторпская вуліца ўліваецца ў рыначны пляц, паказаўся эскорт, дванаццаць конных з аголенымі шаблямі, пасярдзіне іх на возе з драбінамі з кучарам-гіцлем, злачынец, стоячы на поўны рост са зьвязанымі рукамі, бледны як сьмерць, але зь цьвёрдым позіркам паўзьверх застылага ў чаканьні натоўпу. Так і едуць яны сярод людзей, праз натоўп, які толькі неахвотна расступаецца перад конямі, аж туды да чалавечай «вуліцы», якую ён павінен прайсьці восем разоў, чатыры разы туды, чатыры разы назад і за кожным разам атрымаць дзьвесьце шпіцрутэнаў па сьпіне, кожны ўдар лічаны й разьмераны, бо за кожнымі двума жаўнерамі стаіць капрал, які сочыць, каб па слабасьці альбо са спагады ня сьвіснуў слабы ўдар. Два слугі прафуза сьпіхваюць ліхамысьніка з воза, і вось ужо яны стаяць адзін супроць аднаго, гер супэрінтэндэнт і Агасфэр, Агасфэр толькі ў кашулі й портках, і неяк раптам Айцэну не стае сілы зірнуць таму ў вочы, ён апускае галаву, і тут бачыць босыя скалечаныя ногі з тоўстымі закарэлымі ступакамі, якімі яны зрабіліся ў жыда за паўтары тысячы гадоў вандраваньняў, і яму на душы так, быццам ён павінен упасьці на калені перад асуджаным і цалаваць яму ногі, але тут прафуз штурхае яго ў бок і кажа:
— Маліцеся, сьвяты гер доктар, маліцеся!
І Айцэн ломкім голасам пытаецца ў Агасфэра, ці ня хоча ён паспавядацца й атрымаць дараваньне, і хоць той стаіць моўчкі, Айцэн лічыць яго маўчаньне за згоду й пачынае:
— Усемагутны Божа, Айцец мілажальны, я бедны, гаротны, грэшны чалавек прызнаю табе ўсе мае грахі й ліхадзействы, якія я ўчыніў помыслам, словам і ўчынкам, чым прагнявіў цябе й заслужыў у цябе кару прысна і навекі вякоў.
Читать дальше