Усё гэта й тое, што ён, шталер і прэфэкт Іх герцагскай мосьці, уласнай пэрсонай будзе сядзець на судзе над ератыкамі, Айцэн дазнаецца ад шматшаноўнага й высакароднага Каспара Гоера падчас іхняга шпацыру да гавані, а было іх двох гераў саліднага ўзросту, у поўным суладзьдзі паміж сабою і зь сьветам, дзе яны глядзелі, як рыбакі выцягвалі на бераг улоў, — прыгожыя тоўстыя рыбіны ўсіх відаў і цэлая плойма розных сьлімакоў і крабаў, якія, добранька пачышчаныя і вылушчаныя, пад адпаведна моцным соўсам — чыстае разьядзеньне.
Прыемны настрой трымаецца яшчэ й на раніцу, калі Айцэн выпраўляецца ў штатгальтарства, дзе павінен засядаць суд; занач ён глыбока і ўсмак выспаўся, часткова ад віна й вострай вадзіцы, сервіраванай яму шматшаноўным Каспарам Гоерам, а часткова і галоўным чынам таму, што яго добрае й чыстае сумленьне — гэта лепш за ўсякія мяккія падушкі. Не, ён не ненавідзіць усіх гэтых Катэ й Шыпераў і Петэрсаў, і як там яны яшчэ завуцца, хутчэй за ўсё, калі толькі яны акажуць згоду вярнуцца на дарогу правільнай веры, а ён глядзіць на іх вачыма пастуха, які знайшоў сваіх згубленых авечак на небясьпечным схіле, ён ставіцца да іх зь любоўю, але ж і з клопатам і спагадай, бо вось жа яны ў два рады пад аховай узброеных шталеравых галаварэзаў-паліцыянтаў, а справа й зьлева ад іх, адкінуўшыся на зручных крэслах, pastores Мумзен і Молер і іншыя духоўныя геры, якія прыйшлі, каб павучыцца ў свайго супэрінтэндэнта абыходжаньню зь ератыкамі. Абвінавачаныя, праўда, выглядаюць менш уміратворана: цёмная вежа прыбледніла ім твары, здаецца, яны нават мерзнуць, паціраюць сабе локці, нацёртыя занадта кароткай вяроўкай.
Шматшаноўны шталер і прэфэкт на сваім судзьдзёўскім крэсьле нахіляецца да Айцэна, які ў якасьці інквізытара сядзіць леваруч і крыху ніжэй пад ім, і шэпча яму, што, калі дойдзе да допыту, хай ён, калі хоча, крыху падцісьнецца з розным там духоўна-апытальным хламам, бо шталерыха на абед зафундавала выдатныя смакошчы, вэнджаная ласасіна найперш, такая далікатная, што сама на языку растае, а пасьля фаршыраваная качка зь зелянінай. Пасьля чаго, на што ён гучным голасам указвае судоваму пісару, загадвае агалошваць імёны абвінавачаных, ці на месцы кожны, і ці ўласнай асобай, пасьля прачытаць абвінавачаньне. У рэдагаваньні яго Айцэн браў актыўны ўдзел, як яно й відаць з тэксту, які кішыць рознымі пабожнасьцямі і ў якім абвінавачаным пастаўлена ў віну ня толькі ўхіленьне ад чыстага вучэньня Аўгсбургскага веравызнаньня, але й прыналежнасьць да змустоўнай сэкты перахрышчэнцаў без намеру й жаданьня адмежавацца ад яе, хоць усіх іх пастаянна падобраму й прыязна й пахрысьціянску сур'ёзна папярэджвалі іхнія душарадцы; яны, аднак, тым больш упарціліся і заціналіся ў сваіх заблудах і адмаўлялі сьвятое хрысьціянскае хрышчэньне дзяцей.
Як толькі закончылася чытаньне, шталер пытаецца, ці ня выкажацца каторы альбо каторыя з абвінавачаных што да сутнсьці абвінаваўчага акта, можа, нават хто хацеў бы выказаць сваё раскаяньне; калі хоча, калі ласка, зрабіце гэта да таго, як пачнецца апытаньне. Падымае руку Клаўс Петэр Катэс, які быў як бы галоўны сярод іх, і заяўляе, што ўсе яны простыя людзі, а менавіта сяляне й рамесьнікі, нават адзін зь іх майстар-шпалернік, таму не такія ўвішныя ў прамовах і аргумэнтацыях, як вучоныя геры, хоць ужо ж такі ведаюць слова Бібліі, але лепей было б, каб за іх сказаў слова нехта зь іхніх прапаведнікаў, калі ўжо заходзіць пра сэнс і значэньне апошняй вячэры Хрыста ці пра спадчынныя грахі; а таму яны сьпісаліся са сваімі братамі менанітамі ў Галандыі, каб прыслалі каго такога, хто паслужыўся б ім тут адвакатам у духоўных справах, і ім было абяцана, што пашлюць такога ім на падтрымку; вучоны муж яшчэ ўчора меўся прыбыць, але самае позьняе — сёньня; таму яны просяць некалькіх гадзін адкладу да прыбыцьця іхняга абаронцы.
— Што! — абураецца Айцэн, бо ўжо адчувае, што шэрсьць на ім закурэла, як тады ў Альтоне. — Ці не дастаткова гэтых ухілак і выкаўзак абвінавачаных, якія хочуць ў асьвечаных і ардынаваных службітоў царквы й высокіх начальстваў адабраць права, на якім трымаецца ўся боская пабудова, такімі сваімі субверсіўнымі намерамі? Яны яшчэ маюць прывалачы нам сюды ў герцагства галоўнага й вярхоўнага ератыка, каб дыспутам і цяжкасьцям канца ня было? Альбо, можа, яшчэ загадаеце прывесьці яго ў суд як expertum legis divinae. Мы самі тут разьбіраемся дастаткова ў справах Божых і нам не патрэбна нікога адкуль бы там ні было збоку, каб павучаў нас, а ўжо зь Нідэрландаў, дзе праклятая ерась цьвіце й пахне, стакроць не й не.
Читать дальше