— Ты павінен іх абавязаць, — кажа сябар, пяшчотна пагладжваючы па галоўцы крошку Маргарэту, якая, кавыляючы ножкай, увайшла ў пакой са сваім горбікам на сьпіне, падносячы госьцю віно: з запасаў герцага, бо царкве заўсёды нешта перападае. — Звязаць абавязкам праз прысягу й подпіс, — кажа тайны радца, — ці ж бо не прысягае жаўнер сьцягу й ці ж пасьля ня слухаецца свайго камандзіра?
У Айцэна ўсё роўна як шоры спадаюць з вачэй, як бы нябеснае прасьвятленьне находзіць, што, калі ягоныя пастыры й прапаведнікі будуць запрысягнутыя на догматах веры й сьвята паабяцаюць строга давесьці іх да сваіх вернікаў, каб і зь іх ніхто ня ўхіліўся, ніхто не спатыкнуўся, інакш на іх будзе данесена вышэйшым начальствам, дык царства божае хутка дабярэцца й да Шлезьвіга, герцагу на ўцеху й Богу на ўпадабаньне. І ён думае, як жа глыбока пранікае яго сябар у душы людзкія наогул і ў душы пастараў і прапаведнікаў у прыватнасьці, бо пасьля такой прысягі нікога больш ня трэба будзе пераконваць, бо чалавек можа лёгка страціць свае прыбыткі й прывілеі, калі завінаваціцца альбо палезе на ражон; так ці інакш вядома будзе, чым усё можа скончыцца.
І паколькі сябар, засьцерагаючы гешэфты, пасьля гэтага жартаўліва дае крошцы Маргарэце пад срачку й разьвітваецца з фраў Барбарай, Айцэн яшчэ таго ж вечара садзіцца за пульт і сьвежа завостраным пяром накідвае на паперы, што кожны, хто хоча ў герцагстве Шлезьвіг пасьвіць божых авечачак, павінен будзе ўрачыста пацьвердзіць прысягай, як ён будзе верыць і за што трымацца: па-першае, за сьвятое біблійнае пісаньне й за сьвятое апостальскае веравызнаньне, далей — за сапраўдны symbola і за ўстанаўленьні, да таго — за непадзельнасьць яднаньня боскай і чалавечай прыроды ў асобе Хрыста й за Аўгсбургскае веравызнаньне, і за абодва катэхізісы Лютэра. І падпісвацца гер кандыдат павінен ня толькі ўнізе ў канцы паперы, а пад кожным абзацам асобна, каб пазьней ня мог сказаць, што нечагась там выпадкова недагледзеў.
Перачытваючы пасьля свой сьпіс, Айцэн думае, што там яшчэ не хапае духу рупнасьці й строгага адмежаваньня ад ерасі й што ён зусім не павінен баяцца называць імёны й гаварыць адразу пасьля хрысьцінаў і прычасьця, бо ці ж не пакоіцца ўся будоўля сьвятой царквы й яе службітоў на тым, што толькі яны адны, у сілу свайго пакліканьня, могуць ставіць перад сабою задачу ачышчэньня дзетак ад спадчыннага грэху й расказваць пра ператварэньне хлеба й віна ў іншае, Божае цела й кроў? Інакш бо любы ератык мог бы дайсьці да таго й кожны парафіянін, ня прысьвечаны ў тайнасьць і не рукапаложаны, мог бы адчыніць сваю кірху.
І піша: Але ў сувязі з тым, што нашым часам хітры сатана ўзбуджае ўсемагчымыя агідныя і аблудныя кламствы пра найвышэйшыя ўстанаўленьні нашага хрысьціянскага вучэньня і рэлігіі, я (імя так і так) прысягаю; па-другое: фальшывыя дактрыны ўсіх тых, што ўхіляюцца ад ісьцінаў вышэйназваных сьвятых пісаньняў, сымболя веры, confessiones і Catechismi, асабліва ж ілжэвучэньні богаадступных цьвінгліянаў, кальвіністаў, фанатыкаў тайнасьцяў і перахрышчэнцаў, якія адмаўляюць неабходнасьць і сілу сьвятога хрышчэньня й прысутнасьці Хрыста пры выдзяленьні й прыманьні ягоных сапраўдных дзейсных цела й крыві ў сьвятой эўхарыстыі й якія такім чынам разбураюць адзінства веры й ўводзяць у аблуду простых людзей, я абавязуюся з сапраўдным дбаньнем ненавідзець, асуджаць і праклінаць.
Гэта, радасна думае ён, ёсьць мова, якую яшчэ яго настаўнік, добры доктар Марцінус, так магутна скарыстаў і яна, як удар плёткай, для леных сэрцаў і прыдатная, каб навучаць гераў pastores, як сёньняшніх, так і будучых, баяцца; таму абавязвае й гэтых прысягнуць таксама, што яны будуць ахоўваць давераныя ім парафіі ад такіх аблудаў і не пацерпяць, каб хоць адзін хто з даверанага статку прыляпіўся да богамярзотнага гурту ці сэкты.
І калі цяпер, рупліва ўсё гэта запісаўшы, ён перачытвае ўсё яшчэ раз, здагадваецца раптам, якую сілу дасьць гэтая прысяга яму як судзьдзю, які вырашае, каму належаць да праведнікаў, а каму да ліхамысьнікаў; і каб гэта таксама занатаваць дакладна, дадае яшчэ адно ўказаньне сьвецкім уладам што да падтрымкі духоўннага пастуха, і піша, дробненькімі літарамі, бо ўжо й месца мала на аркушы: У заключэньне я прысягаю, што буду ў поўнай вернасьці й паслушэнстве хрысьціянскаму загаду й мандату Яго сьветласьці князя герцага Адальфа, нашага літасьцівага валадара, і буду кіравацца разам зь Сьвятым Пісаньнем і Аўгсбургскім веравызнаньнем толькі хрысьціянскімі царкоўнымі парадкамі княства Шлезьвіг-Гольштэйн. І ў якасьці маргіналіі ўнізе на полі ліста надрапаў: На ўсё гэта прысягаю бяз усякага фальшу й хітрыны з добрым сумленьнем, і хай дапаможа мне Бог. Аман.
Читать дальше