Застаюся, як заўсёды з найлепшымі пажаданнямі
Адданы Вам
(праф. д-р Dr. h.c.)
Зігфрыд Байфус
Інстытут нав. атэізму
Берлін, сталіца ГДР
Геру
праф. д-ру Dr. h. c. Зігфрыду Байфусу
Інстытут навуковага атэізму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлін
German Democratic Republic
3 ліпеня 1980
Паважаны друг і калега Байфус!
У Вашым пасланні ад 9-га мінулага месяца, якое я адразу па атрыманні ўважліва і грунтоўна прачытаў і змест якога з задавальненнем прыняў да ведаму, Вы тлумачыце, выступаючы адначасова і ад імя Вашага Інстытута, што Агасфера трэба разглядаць як сімвал-вобраз, да таго ж вельмі тыповы. Гэта Вы робіце пасля таго, як пры ранейшай нагодзе ахарактарызавалі яго як «рэальна існуючага, хоць і не вечнага» і зноў жа ў іншым пісьме як «фактар, кампаненты якога яшчэ недастаткова асветленыя».
Калі я разглядаю ход Вашых думак у гэтым аспекце, я магу толькі зрабіць выснову, што Вы і Ваш Інстытут у пытанні наяўнасці Вечнага Жыда дэ факта, хоць і павольна, але набліжаецеся да ісціны, і я разважаю, ці не павінен я прадпрыняць спробу ўгаварыць Вашага сябра на паездку ва Ўсходні Берлін, каб Вы пазнаёміліся з ім і задалі яму некаторыя пытанні, якія маглі б зрабіць зразумелымі эвэнтуальна яшчэ недастаткова асветленыя кампаненты гэтага рэальна існуючага сімвал-вобраза. Угаворы, хай ужо будуць за мною; не думайце, калі ласка, што гер Агасфер пасля не заўсёды радасных перажыванняў у нямецкіх землях прадпрыняў бы паездку туды з лёгкім сэрцам.
Але вернемся да Вашых новых перакананняў, хоць уключэнне Вамі Агасфера ў катэгорыю з маладзёжным героем Зігфрыдам, які вельмі высока каціраваўся ў часы нацыянал-сацыялізму, мне не асабліва да смаку. Натуральна Агасфер, побач з іншымі, таксама сімвал-вобраз; паколькі ён яўрэй і быў ім спрадвеку, дык і ягоны лёс яўрэйскі па вызначэнні, пункт погляду і паводзіны — яўрэйскія, яго незадаволенасць існуючымі адносінамі, ягоныя намаганні змяніць іх — адпаведна яўрэйскія. Але ён, хоць гэта ўжо не выключная яўрэйская якасць, — учалавечаны неспакой; парадак рэчаў для яго такі, каб сумнявацца ў ім і пры выпадку абвяргаць яго.
Я для маёй пярсоны маю зусім іншае ўстанаўленне — хачу супакоіць Вас і Ваш калектыў і ўстановы Вашай рэспублікі, якія, мабыць, пры выдачы візы на ўезд грамадзянам Ізраіля паводзяцца асабліва асцярожна. Для мяне самае пажаданае — парадак; чым больш дзе-небудзь парадку, тым мне прыемней. Ужо сам мілы Бог, якога Вы не хочаце прызнаваць, ствараючы свет, адразу стварыў для яго і законы, пунктуальна і, дзякаваць Богу, планамерна. Майму сябру Агасферу гэта прыкрасць, але я заўсёды суцяшаю яго тым, што Вы як дыялектык таксама прызнаяце, што менавіта ўсякі тэзіс нясе ў сабе і антытэзіс, трэба толькі мець цярплівасць; але ён як сімвал-вобраз, якім ён ёсць, нясе ў сабе яўрэйскую нецярплівасць.
Але ў справе з сімвал-вобразам ёсць свае закавыкі. Як я ўжо ўпамінаў у сваіх сціплых зарысах пра Агасфера ў Hebrew Historical Studies, а Вы больш шырока разглядаеце ў раздзеле «Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда» ў вашай высокапахвальнай кнізе «Самыя вядомыя іудэа-хрысціянскія міфы ў святле прыродазнаўчага і гістарычнага пазнання», Агасфер-легенда паўстала з самых розных элементаў, якія маюць толькі тое агульнае, што датычацца праклёнаў вечнаму жыццю на зямлі, асабліва бадзянню і пакутам да канчатковага вяртання Ісуса Хрыста. Вы самі ў сваім пісьме ўказваеце на Яна, любімага вучня, пра якога рэбэ Ёшуа даволі двузначным манерам сказаў апосталу Пятру (Ян 21:22–23): «Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?». Гэтае выказванне ёсць зародкавая клетка думкі пра зямное далейшае жыццё сучаснікаў укрыжаванага да яго канчатковага вяртання.
Вучань Ян, як і шавец Агасфер абодва несумнена былі яўрэі; а вось ці былі яўрэямі ўсе астатнія, пра якіх паведамляецца, што яны падганялі Ісуса ў яго дарозе на Галгофу альбо нават білі і ўжо вядомым спосабам былі праклятыя, гэта, прынамсі, пад пытаннем. Можа, яўрэем быў Малх, называны таксама і Маркам, паліцэйскі шпег, якому Пётр у Гефсіманскім садзе адсек мечам вуха і які, пасля таго як Ісус на вачах ва ўсіх прыставіў яго на месца і загоіў, наступнага дня свайму дабрачынцу на допыце ў першасвятара Каяфы жалезным кулаком ударыў у твар? Яўрэйская паліцыя была да заснавання сучаснай дзяржавы Ізраіль толькі ў гета, дзе яе арганізавалі нацысты; яўрэйская традыцыя хутчэй — нехарошую, часта брудную працу ката і паліцэйскага шпіцаля даручаць неяўрэям, на якую сваім часам меў сваіх крэці і плеці, з крыцянаў і палесцінцаў, сам цар Саламон. Альбо Картафілус, па-грэцку Karta Philos, шматлюбасны, які служыў брамнікам пры Пілаце і ў гэтай сваёй якасці вельмі няласкава абышоўся з Ісусам? Неверагодна, каб такім важным чыноўнікам рымскага намесніка ў Юдэі мог быць яўрэй; як ужо гаворыць само яго імя, быў ён хутчэй грэк, а таму — язычнік; пазней, як вядома, пры Ананіі, які хрысціўся ў апостала Пятра, ён быў навернуты і называў сябе Язэпам. Альбо той невядомы, які пазней будзе называцца ў Італіі Джыавані Батадыё альбо Бутадэўс, што па-нямецку — Богазабойца, ён што? быў яўрэй? Малх, — як паведамляе аўстрыйскі барон Торнавіц, у 1643 годзе была паказана яму ў Ерусаліме туркамі за вялікі бакшыш, «патайная забрукаваная зала пад зямлёю, дзе ўтрымліваліся нявольнікі ў сваіх старых рымскіх хабітах і гінулі і былі бітыя часам аб сцяну, часам у грудзі, — там быў прыведзены да прызнання, што ён, Малх, біў Ісуса бязвінна ў яго святы твар». Пра Картафілуса, пазнейшага Язэпа, піша англійскі манах Ражэ дэ Уандовэр ў «Flores Historiarum», якая разглядае падзеі ад стварэння да 1235 года, што anno 1228 у кляштар св. Альбана ў Англіі прыбыў адзін армянскі арцыбіскуп, і, будучы апытаны пра Картафілуса-Язэпа, тлумачыць, што ён яшчэ незадоўга да свайго ад'езду частаваў яго за сваім сталом. Картафілус жыве сярод біскупаў і прэлатаў Арменіі і іншых краін Усходу, чалавек святой маралі і святога красамоўства, які пры нагодзе расказваў і пра бліжэйшыя акалічнасці ўкрыжавання і ўваскрэсення, прычым ён не рабіў ніякай тайны са сваёй сумнай ролі. Але Ганс Богазабойца альбо Джыавані Батадыё ў 1267 годзе ў італьянскім горадзе Форлі ў час паездкі да святога Якава сведчыць, а менавіта астролагу Гвіда Банацці з таго ж горада, сваім часам ён быў вядомы чалавек, бо Дантэ ўпамінае яго ў Песні XX свайго «Іnferno» ў адным радзе з чарадзеем Міхаэлем Скотусам.
Читать дальше