— Мэшыях, — кажа ён, — пра якога гаворыцца ў прарокаў, што ён будзе судзіць народы й зробіць так, што мячы ператворацца ў аралы, а дзіды ў сярпы? — І Айцэн ня ведае, што зь ім робіцца, горача ці холадна, і ён глуха маўчыць, а той кажа далей: — Я любіў рабі, і ён мог быць ім. Ён мог быць мэшыяхам, як і кожны, хто створаны паводле вобразу Бога, нясе ў сабе сілу і ўладу, каб стацца збаўцам людзей. І ён цярпеў і вісеў на крыжы й павольна пакутліва памёр. Але хай хто палічыць, колькі да яго й колькі пасьля яго сканалі ў пакутах і муках і ў сваёй горасьці благалі: мой Божа, мой Божа, чаму ты пакінуў мяне? І дзе той вечны мір, і дзе царства, якія павінны былі прыйсьці зь ім і празь яго? Усё яшчэ есьць Адам хлеб свой у поце твару свайго, і Ева нараджае ў муках, усё яшчэ забівае Каін Авеля, і Вы, гер доктар, — кажа ён, павярнуўшыся да Айцэна, — не заўважыў я нештачкі, за цэлы час, колькі я ведаю Вас, каб Вы дужа любілі ворагаў Вашых альбо дабраслаўлялі кляцьбітоў Вашых, альбо маліліся за зьневажальнікаў Вашых, як заклікаў Вас рабіць Ваш Гасподзь Ісус на гары, ня робяць гэтага й іншыя, якія называюць сябе хрысьціянамі.
І нарэшце, убачыўшы жах на тварах знакамітых гераў і шал і разгубленасьць тых з начальстваў і злараднасьць сваіх галаваківальнікаў confratres, гер супэрінтэндэнт схамянаецца й крычыць:
— Годзе, жыдзюга пархаты! А тое, што паўтары тысячы гадоў цябе ганялі па белым сьвеце, гэта за апошнюю вашу збродню, якую вы ўчынілі!
Ён кліча паліцыянта, каб той арыштаваў Агасфэра за зьневажаньне Бога й за абразу Яго мосьці герцага Гаторпскага, які тут за найвышэйшага царкоўнага ўладыку, а таксама за падбухторваньне да бунту. Але паколькі цяпер заварушыліся, засоўгалі плячамі й локцямі й жыды, усчалася вялікая штурхатня: аднаму трэба туды, другому туды, тузаніна за борады, і тут спрэчна, альбо ад залішняга клопату, альбо з тайнага задавальненьня, што нехта тут раптам запрагне навароту да адзінашчасьцедайнай веры, з гэтым, лічы, прапала; і ў агульным гармідары Агасфэр зьнік, як бы яго зямля праглынула, як бы яго й ня было, бо ніхто так і ня згледзеў, каб ён выходзіў празь дзьверы.
Разьдзел дваццаты. У якім Агасфэр парушае нябесны спакой і пярэчыць рабі, што ісьціна не ляжыць у нейкім адным цэнтральным месцы, а відна кожнаму, хто мае вочы, каб бачыць вачыма
Вельмі ціха, ніякага руху.
Сьвятло, у якім ён сядзіць на троне, мяккае, як блакітныя прыцемкі; ён атулены пяшчотнай любоўю Бога, і бляск заміранасьці азарае яго аблічча, калі ён паглядае ўніз, на сьвет, падымаючы руку на дабраславеньне, руку, усё яшчэ з ранай, прабітай цьвіком.
А я падумаў, якім чужым і далёкім ён мне зрабіўся, хоць і выглядае акурат як рэбэ Ёшуа, якога я ведаў, хоць і ўсьміхаецца як той, пакута, якую ён рашыў прыняць на сябе, ужо адбілася на яго ўсьмешцы; ён як лялька ў ляльцы, у якой зноў жа лялька: так тры лялькі ў адной, і ўсё ж — адна.
І наблізіўся я да яго й спытаўся: Рабі, ці ты гэта?
Але ён ані варухнуўся, і позірк яго быў нерухома скіраваны ў далеч, пакуль ён гаварыў: Я Ісус Хрыстос, народжаны Сын Божы, зачаты Духам Сьвятым ад дзевы Марыі й народжаны ёю і адпакутаваў пры Понціі Пілаце, укрыжаваны, памёр і пахаваны, сышоў у царства сьмерці й на трэйці дзень уваскрэс зь мёртвых і ўзьнёсься на неба, дзе й сядзіць праваруч Бога, усемагутнага Бацькі.
І я спытаўся: Рабі, што ты бачыш?
І ён сказаў: Я бачу людзей, якіх я збавіў ад віны іх грахоў праз горкую чару, якую я выпіў.
І я спытаўся: Рабі, а ты бачыш іх ясна?
І вось зацьміўся яго позірк як бы ценем, і рука на дабраславеньні апусьцілася ў яго, і ён сказаў: Яны вельмі малыя, і іх як цэлы мурашнік.
І схіліўся я перад ім і сказаў: Ты пракляў мяне, рабі, асудзіў чакаць цябе там унізе, пакуль ты ня вернешся: таму я вандрую сярод іх, і я як адзін зь іх, і чую, што яны кажуць, і бачу, што яны робяць.
І вось нахіліў ён сваю галаву, і яго плечы панурыліся, і яго рука прыціснулася да раны ад дзіды на баку, быццам яна зноў яму забалела, і ён сказаў: я не хачу гэтага ведаць.
Але я сказаў: Калі мы сустрэліся з табою ў пустыні й ты быў голы й пакінуты, павёў я цябе на высокую гару й паказаў табе царствы сьвету й як у кожным зь іх панавала беззаконьне, і сказаў я табе, ты павінен узяць гэта пад сваю руку й ніз перавярнуць угору, бо прыйшоў час узьвесьці сапраўднае царства Божае. Але ты прагнаў мяне й сказаў, што тваё царства не ад сьвету гэтага.
І зноў на яго твары была гэтая ўсьмешка, пра якую ніхто ня мог бы сказаць, журботлівая яна ці іранічная, і ён адказаў: Ты сказаў.
Читать дальше