Тут Айцэну робіцца ясна, што было б лепей, каб ён прыцягнуў сьвятых прарокаў, замест таго каб спрачацца пра множны й адзіночны лікі, бо кожны арыфметычны прыклад можна паставіць пад пытаньне, а вось мудрае выслоўе заўсёды да рэчы й месца. І ён заяўляе, што ў многіх кнігах прарокаў наш Гасподзь Ісус быў дакладна прадказаны як чаканы мэсія, нават у тым, што датычыцца яго народзінаў і паходжаньня з дома Давідавага як і яго жыцьця і дзейнасьці й сьмерці. Так, калі б толькі было мудрае прадказаньне, якое спраўдзілася, дык і яго можна было б трапна паставіць пад сумненьне; але іх было так многа й такіх розных, і ўсе разам дакладна ўказваюць якраз на яго як на ўроджанага Сына Бога, што й самы ўпарцісты жыд, калі яму даць у лапу ці па мордзе, мусіў бы пацьвердзіць. Ці ж не прарочыў прарок Міхей: І ты, Віфляеме — Эфрата, ці ж малы ты сярод тысячаў Юдавых? зь цябе пойдзе Мне Той, Які павінен быць Валадаром у Ізраілі, і Якога паходжаньне з пачатку, ад дзён вечных. — І сапраўды ці ж не ў Віфляеме наш Гасподзь Ісус нарадзіўся, у стайні, з улоньня дзевы, як прарок Ісая называе гэта азнакай Божай: Глядзі, вось дзева ва ўлоньні зачне й народзіць сына? І там жа Ісая сказаў: І пойдзе пасынак ад кораня Есэевага, і галіна вырасьце ад кораня ягонага; і спачне на Ім Дух Гасподні, — і ці ж ня быў Язэп, Бацька нашага Госпада Ісуса, як і прадказана, атожылкам цара Давіда, які са свайго боку сынам Есэя, так што й гэтае прадказаньне збылося?
На што Пэрэйра ветліва пытаецца, ці можа ён мовіць слоўца вучонаму doctor, і калі яму было дазволена, кажа гэтаму, што ён хацеў бы, калі ласка, даведацца, за чыйго сына ён, зрэшты, мае гэтага народжанага ў Віфляеме Ісуса: за сына сталяра Язэпа, пра якога ў дзьвюх з чатырох эвангельляў гаворыцца, што ён з дома Давідавага, альбо за сына Бога, недасьлежнымі шляхамі ўведзенага ва ўлоньне дзевы? І ці памянёны Ісус, як сын Бога, наогул мог бы быць чалавечай прыроды альбо сын Язэпа ёсьць толькі трэцяя частка Сьвятой Тройцы?
Тут зноў пачынаецца шабуршэньне на ўслонах ганароўцаў, а Айцэн няпэўна глядзіць на сваіх гамбургскіх пастараў, бо гэта якраз пункт, у якім нават эвангелісты Мацьвей і Лукаш і Марк і Ян не заадно; але ягоныя духоўныя confraters, глядзяць абыякава альбо нават як бы радуюцца зьбянтэжанасьці свайго новага супэрінтэндэнта; нават і жыды, здаецца, заўважылі, як, быццам іхні герой-двабойнік сьветлай памяці юны Давід са сваёй прашчы Галіяфу, пацэліў дастойнаму doktor у саменькі лоб. Але новы Галіяф з больш гартаванага матэрыялу чым няўклюдны волат, супроць якога калісьці выступіў Давід; ведае таксама, што чалавек лепей верыць, чым думае; таму ўзвышае голас і крычыць:
— О жыдоўскае круцельства! О ганебная фальшывасьць і аблуднасьць! І Вы думаеце, дон Пэрэйра, што падлавілі Бога на супярэчнасьці? І Вы хацелі б, з Вашым мізэрным духам спазнаць волю і ўстанаўленьні Найвышэйшага? Бог, які стварыў цэлы сьвет з усім, што ў ім поўзае й лётае, ня мог зачаць Язэпу сына? Гэта зьбівае Пэрэйру на паўслове, і, перасілены забойчай сілай Айцэнавага аргумэнта, ён ціхенька слухае, як ягоны супраціўнік бушуе далей, пабіваючы прарокаў. А хіба ж, працягвае той, не прадвырак прарок Захарыя, сказаўшы: весяліся ад радасці, дачка Сіёна, радуйся, дачка Ерусаліма: вось, Цар твой ідзе да цябе, праведны і ратавальны, лагодны, седзячы на асліцы і на маладым асьле, сыне пад'ярэмнай — і ці ж ня было так, калі наш Гасподзь Ісус перад сьвятам праснакоў уязджаў у браму Ерусаліма на асьліцы седзячы, тым часам як увесь народ весяліўся і крычаў: Слава таму, хто там ідзе, цару?
Лёгка яму запярэчыць, думае Пэрэйра, у тыя часы ў Ізраілі аслоў было такая навала, як сёньня коней ў герцагстве Шлезьвіг, і што ж тады кожнага, хто конна ўязджае ў Гамбург альбо Альтону, адразу ўжо й лічыць за мэсію? Але ці варта клопату, думае ён, указваць на самавольства, зь якім аплікуецца на пазьнейшы час кожнае слова ў выслоўях прарокаў, якое той прыцягвае ў сьведкі? Пакуль ён так разважае, гер супэрінтэндэнт ужо зноў рвецца навыперадкі й гаворыць, як Бог дапусьціў, каб яго сына прыбілі да крыжа як ахвяру пакаяньня за грахі ўсіх нас і як пацярпеў Гасподзь Ісус дзеля грэшнага народу жыдоў, зацятага й разбэшчанага, як нават гэта было прадказана наперад прарокам Ісаем, які сказаў: Усе мы хадзілі ў ілжы; але Гасподзь пераклаў нашыя грахі на яго, як на ягня, якое вядуць на закол; сапраўды, ён панёс нашыя немачы й паклаў на сябе нашыя цярпеньні. За нашыя беззаконьні ён забіты; кара накладзена на яго, каб мы жылі ў міры й ягонымі ранамі ацаліліся.
Читать дальше