Пра гэта Айцэн можа пасьпяваць песьню сам: нічога, апрача прыкрасьці ў родным горадзе, дзе геры pastores потайкам закідаюць адзін аднаму ерась, а яму тым болей, за яго вернасьць Лютэраваму слову, ня кажучы ўжо пра тых, што адкрыта выстаўляюць яго за ворага, тырана й фарысея, сьмяюцца зь яго, бо ён, бач, хоча перавучыць цьвёрдахрыбетных жыдоў сваёй дыспутацыяй; а сэнат Гамбурга, які павінен умяшацца ў гэтыя справы з жалезнай мятлой, сэнат той нават ня рыпаецца. Ах вось, сказаў бравы Форстыус, усюды пахіснуўся духоўны парадак; а край тым часам аж кішыць ўсякімі фанатыкамі й мяцежнымі духамі, пасьлядоўнікамі тых, якія драпанулі зь Мюнстэра, калі гэты грахоўны Вавілон, дзе нават баб качаюць калегіяльна, быў нарэшце выкураны; Бог і начальствы — жах, разносілі праклятае перахрышчэнскае вучэньне зь месца ў месца, ад Галандыі да герцагства Шлезьвіг, а на сваіх таемных сходнях чыталі кніжыцы Мэна Сіманса й іншых псэўдапрапаведнікаў.
Пасьля Форстыус гаворыць пра вайну, на якую зьбіраецца герцаг Адальф — дапамагаць іспанцу Альбу й імпэрцам душыць мяцежную Галандыю: ён, Форстыус, мае свой погляд у гэтай справе, менавіта — людзі ў Нідэрландах, нават прыхіляючыся да жэнеўца Кальвіна, усё-такі сумленныя пратэстанты, як і тут у Шлезьвігу, а імпэратар ён архіпапіст і ў хаўрусе з самім сатаной. Але гэта ня дужа падкупляе Айцэна, які павучае, што герцаг Адальф цу Гаторп, Гаторпскі, хоць і прыстойны лютэранін, як імпэрскі князь мусіць дапамагаць імпэратару, і тым больш ён учыніць хрысьціянскі чын, калі дасьць па мазгавешцы мяцежнікам; яшчэ сам Гасподзь Хрыстос сказаў: аддайце цэсару цэсарава, і наш доктар Лютэр пацьвердіў, што ніякі бунт ня бывае справядлівы, якія б справядлівасьці ён ні дакляраваў, і ён забаронены Богам, і што начальствы на тое й пастаўлены зь мечам, каб прадухіляць закалоты.
І даўшыся далей у дарогу і ўжо пад'язджаючы другога дня да горада Шлезьвіга, ён бачыць шмат ваеннага людзтва табарамі ўздоўж ракі Шляй і каля гарадзкое брамы й на вуліцах, цэлы полк Пуфэндорфа, але й тут жа дацкія алебардысты, паднятыя ў паход; гэтыя бурчаць, вурчаць, крывяць мызы — лепей, бач, ім дома было б застацца каля свайго быдла, замест каб у нейкай далёкай Фландрыі праліваць марна кроў. А каля герцагскага замка Гаторп гвалт, гармідар, штурхатня, у двары самога замка бегатня і шнураваньне, туды-сюды, сюды-туды, радцы й афіцэры, слугі й пісары, пастаўшчыкі, падрадчыкі расьпіхваюць усіх, праціскаюцца, крычаць і камандуюць; пра яго, супэрінтэндэнта Паўлюса фон Айцэна, які памаленьку вылазіць са сваёй карэты, каб хоць які там клопат, нікому нічога не наўме.
Калі раптам чуе сьмех, нейкі такі знаёмы сьмех; паварочваецца, гля! — аж гэта яго прыяцель Ганс. Прыяцель вышыкаваны дыхтоўна, на дарагім поясе кароткая шпага, і цяпер ён, як Айцэн неўзабаве даведваецца, тайны герцагскі радца Ёган Лёйхтэнтрагер; крышку, праўда, здаў, зблажэў, пастарэў, бародка й скроні пасівелі; але хто ж з нас маладзее, думае Айцэн, і сам бо ўжо даўно ня той малады кундаль, як тады там, у Лейпцыгу, у «Лебедзях». І крыху знобіць тут, хоць на замкавым двары яшчэ досыць цёпла ад позьняга сонца, ён сьцепваецца нават, калі Лёйхтэнтрагер кранае яго сваімі сухімі пальцамі й кажа яму, што Іх герцагская мосьць даўно ўжо чакаюць яго. Што да астатняга, дык усё ўжо падрыхтавана з усімі выгодамі ў адным пакоі.
Тады пазьней, калі яны сядзяць каля агню ў пакоі Лёйхтэнтрагера й Айцэн ужо прыклаўся да віна пад смажаную аленіну, абодва зноў робяцца тымі, кім былі раней, Гансам і Паўлем, і Ганс ляпае Паўля па сьцягне, і Паўль па колішнім звычаі паляпвае Ганса па горбіку; толькі час ад часу Айцэн шлёпае губамі, калі заўважае, як чыста ўсё пра яго ведае прыяцель, нават да самых драбніц пра гамбургскія клопаты й пра яго тайны гандаль з Агасфэрам, і яму ня церпіцца, яму карціць расказаць — і як яму язык сьвярбіць за Маргрэт, якая зьяўляецца яму начамі то як сама ў сабе, то як прынцэса Трапезундзкая, а то зноў жа як лэдзі, і як яна разьдзяваецца й ляжыць перад ім, раскінуўшы шэнкелі, аж яму здаецца, вось-вось глуздамі скруціцца ад плоцкай пажады; Айцэн ужо амаль верыць, што сябра ўвесь час быў вакол яго, як колісь у Вітэнбэргу, калі геры professores выспытвалі яго па анёлах. Калі ж Айцэн сваёй чаргою хоча даведацца пра сябе, якога ляду яго вывалаклі ў Гаторп, тайны герцагскі радца толькі пасьміхаецца і маўчыць; самае большае намякае, ат, ёсьць тут нешта такое, што ў самы акурат такому рызыканту, як ягоны сябар Паўль, і што давай лепей пагамонім пра фраў Барбару, пра дзетак, а найперш пра малютку Маргарэту. І калі Айцэн кажа яму, што тая, хоць ужо файненька падрасла й разумная-разумная такая, а вось жа часта зь яе сьмяюцца на рынку й на вуліцах, а колькі ўжо разоў нават распытваліся ў маці, чаму менавіта яна так зубожана-скалечана, а іншыя не, сябар выцірае з вачэй сьлёзку й чмыхае, быццам тое няшчасьце малюткі чуліць яго да самага сэрца. Але хутка бярэ сябе ў рукі й кажа:
Читать дальше