— Ты што гэта вырабляеш? Ах нягоднiк! За што яе б'еш? — злосна загудзеў бас дзядзькi Захарука, i перад самым Януковым носам гнеўна задрыжэлi даўгiя рудыя вусы. Дзядзька наскочыў, вiдаць, на iх неспадзеўкi.
Янук стаяў спалоханы й зьбянтэжаны, ды крыху пабойваўся, што яму цяпер ад дзядзькi ў каршэнь дастанецца. Балела ўкушаная рука. Макатунiшка ўскочыла зь зямлi, абтрасала лiсьцё, зьбiрала ў торбу сшыткi й кнiжкi. Твар ейны быў акрываўлены, у вачох стаялi сьлёзы. Захарук, быццам клешчамi, трымаў хлапца за правую руку.
— Дзядзька, пусьцi, — прасiўся Янук.
— Скажы, чаму дзяўчыну бiў, тады пушчу! — загадаў Захарук.
Янук маўчаў i тузаўся.
— Завошта ён цябе бiў, Дуня? — спытаў рудавусы дзядзька дзяўчыну.
— Нi пушчаiць у школу. Кажыць, каб зь iм нi хадзiла, — дрыжачым галаском скардзiлася пакрыўджаная Макатунiшка.
— Так? — зьдзiўлена зiрнуў проста Януку ў вочы здаравенны дзядзька. — Ты гэта што? Яна цябе пытацца маiць? Чаму-ж гэта?
— Калi яна…. - зацяўся Янук.
— Ну, ну! Што яна? — спанукаў дзядзька.
— Яна — Макатунiшка, от што. Мне ўсе хлопцы наругаюцца, праходу нi даюць.
— От як! Дык гэта ты думаiш, што ты за яе лепшы, га? Скажы, чым-жа ты за яе лепшы!
Янука як быццам хто доўбняю па галаве ў той момант смалянуў. Нiколi ня бачыў сваiх суадносiнаў з Макатунiшкай у сьвятле такога параўнаньня. Iншыя раней за яго ацанiлi, пастанавiлi, вынесьлi маральны вырок. Янук прыняў той вырок, як добрую манэту. Нiхто-ж раней не пярэчыў, што Макатунiшкi — гэта нешта самае найгоршае й найнiжэйшае. I ён малпаваў iншых.
— Дзядзiчка, пусьцi! Балiць, — прасiўся.
— А будзiш болi бiць?
— Ня буду.
— Ну глядзi-ж, а то дух зь цябе вон, як другi раз злаўлю! — памахаў Захарук пагрозьлiва жоўтым, пазакурваным тытунёвым дымам, пальцам. — Ты ня думай, што ты за яе лепшы. Усе чыста людзi перад Богам роўныя. Толькi адны ёсьцека багацейшыя, а другiя бяднейшыя, адны маюць болi, а другiя менi бяды, от як. А на другiх хлопцаў, каторыя цябе дражняць, плюнь. Яны самi ў школу лянуюцца хадзiць i табе й Дунi зайздросьцяць, от як. Ну, дык ты дзяўчыну ня крыўдзi, а памагай ей. Будзiш цi не?
— Ня буду бiць.
— Дык глядзi.
Часта пасьля вяртаўся Янук да пастаўленага Захаруком пытаньня: «чым-жа ты за яе лепшы?» Падрастаючы ў асяродзьдзi, дзе быў войстры сацыяльны падзел, Янук пераймаў-малпаваў думкi iншых, разважаў прынятымi нормамi й катэгорыямi. Адно было лепшае, а другое горшае, гэта было чорнае, а тое — белае. Макатунiшка была горшая за iншых таму, бо выводзiлася зь бяднейшых, найбольш сацыяльна пакрыўджаных у вёсцы.
Захарукова пытаньне спрычынiлася да завайстрэньня Януковай назiральнасьцi. Пiльней пачаў цяпер прыглядацца Макатунiшцы, дый ужо ня з тэй пазыцыi, што раней, калi дзяўчына загадзя прыдзелена была да групы найгоршых.
Перадумаўшы, Янук ужо гатовы нават быў згадзiцца, што Макатунiшка не абавязкова горшая за яго таму, што яна зь бяднейшых, што прынамсi гэта яшчэ канчаткова не ўстаноўлена; у сваёй ацэне даваў пэўную скiдку на дзяўчынiн характар. Дуня-ж далей трымалася ад яго здалёк. Школу наведвала рэгулярна. Янук заўважыў, што выяўляла немалыя здольнасьцi, матар'ял заўсёды мела добра апанаваны. Адно недахоп сьцiпласьцi замiнаў Януку прызнацца, што з навукай ня горш, чым ён, спраўлялася. Калi-б хлапец прыгадаў яшчэ, у якiх умовах Дуня жыла й што дома амаль ня мела магчымасьцi рыхтаваць школьных працаў, запраўды мо зьдзiвiўся-б, як яна раду дае. Але так далёка думаць цi ацэньваць Бахмач яшчэ ня ўмеў.
Адзiн выпадак зьблiжыў яго назаўсёды з Макатунiшкай.
Гацкую школу наведвалi найбольш местачковыя дзецi польскiх ураднiкаў, чыгуначнiкаў, асаднiкаў ды iншых. Гэта была тая катэгорыя людзей, якiх Янукоў бацька залiчыў да «не твайго носа-палоса». Iхныя кругленькiя пунсовенькiя тварыкi ня звыклi моршчыцца ад нявыгады, а кiшкi ў чэравах — бурчэць ад голаду. Добры мелi абутак, а на вопратцы рэдка калi дзе латку ўбачыш. Куды там да iх пастуху Януку раўняцца было! Зiмой у iх i канькi, i лыжы, летам i мячы, i рыбалоўнае знарадзьдзе, а часу для гульняў i адпачынку хоць адбаўляй. Яны заўсёды ўлёгцы час праводзiлi. Дзе гэта калi Янук бачыў каторага зь iх пры якой працы.
Прыгадвалася Януку адно цi другое яйка, што мацi зь вялiкай руплiвасьцю адкладала ад тых трох цi чатырох нясушак, каб-жа хаця якi дзясятак назьбiраць; прыгадвалася дбайна й скваплiва зьбiраная ў вялiкiм стаўбуне сьмятана, зь якой пасьля ў маслабойцы-самаробцы масла бiлi, а перагонам i сыраваткай свае дзеткi сытыя мусiлi быць; тварог iшоў на сыр, якi мацi выцiскала ў кружэльнай чыстай торбачцы й пасьля падсушвала. Усё гэта, старанна ашчаджанае, ад сваiх дзетак адабранае, пасьля ў мястэчка мацi на рынак нясе, каб паном прадаць. За тыя-ж скупыя грошы трэба й солi, i газы, i запалкаў, i цукру — усё найнеабходнейшае ў гаспадарцы, без чаго не абыйдзесься. Самi-ж неяк ногi валачылi: то на сыраватцы, полiўцы, то на перагоне, а то часта й у прыгаладзь.
Читать дальше