Гэтыя бацькавы словы прыгадалiся на Пятуховым дварэ, калi ўслужлiвы доктараў Стась падбег да яго й расказаў як Вульляна спачатку распытвала Маршалкава, а пасьля напала на бальшавiка. Мiгам зразумеў малады Бахмач чаму дзед намагаўся Вульляну спатолiць. Сам хваравiты, ледзь-ледзь клыпае, здаецца, а колькi нявычэрпнай сiлы, вялiкага духовага гарту меў гэты сiвы, прыгорблены, аднаногi чашчавiк.
З патэфоннай кружэлкi гарлапан зноў "гэч тавагыша Сталiна" пачаў. Янук спынiўся ля прачыненых дзьвярэй хаты й мяркаваў куды яму йсьцi. У хаце спасьцярог Захарука й побач Дуню. Нейкая рука страсанула яго за плячо.
— Ну а ты, пацан, чаму бацьку ня прывёў? Дзе ян?
Лявон стаяў перад iм, як важны генэрал. Твар прамянiўся зухаватаю нахабнасьцю, выклiкаў, зьдзекваўся. Муынаватыя, нецьвярозыя вочы памалу поўзалi па малым Бахмачу.
— Iдзi сам яго спытайся. Пусьцi! — тузануўся Янук.
Рука яшчэ мацней сьцiснула хлопцава плячо, а ацяжэлы Лявонаў язык пагражаў: — Ты, гэта такую тваю маць, чаго на дыбы становiсься, жабянё? Як спрашываю, дык атвiчай! Начальства з табой гаворыць, пацан ты!
— Бацька хворы, — адказаў Янук. ж
— Хворы? Эгэ… прытварыўся, сукiн сын!
— Калi ня верыш, дык сам iдзi паглядзi!
Лявон паклiкаў Косьцiка й клешчы звольнiлi Янукова плячо. Падыйшоў Стась.
— Чаго ён цябе? — спытаў.
— Нi знаiш? Чэпiцца, шэльма, што бацька нi прышоў, а бацька — сам знаiш — усе плечы ад банек сiнiя…
Ня меў Янук ахвоты Стасю свае крыўды вылiваць. Пераступiў парог i апынуўся ля стала перад Дуняй.
— Памагаiш, Дуня? — спытаў, крыху зьбянтэжаны.
— Так, Янучок, папрасiлi каб запiсвала. Казалi, што мала хто ў нашым сяле паруску можыць.
Перад сталом стаялi жанчыны й перакiдвалiся словамi з Аксеняй i Захаруком. На печы, апранутыя ў крамныя кашулёнкi, зрэбныя портачкi, павытыркалi заходжаныя пяты i як кураняты тулiлiся адзiн да аднаго два Ўладзiмеравы хлапчукi. Аднаму было тры, другому — чатыры гады. Пятухова маладая, пасьвяточнаму апранутая жонка кiвала на iх пальцам, ля прыпечку стоячы, каб гоману не рабiлi.
Дуня зьзяла поўняй расьцьвiлай прыгажосьцi. Сiняя аксамiтная блюзка й зялёная спаднiца, прыгожа рашчэсаныя валосы, прывабныя вочы-васiлькi, румяныя шчокi — яна была выдатнай аздобай "балацiровачнай камiсii". Васiлькi пазiралi на Янукла проста й даверлiва. Хлапцу ня давялося спанатрыць калi загаспадарыла ў iх самаўпэўненасьць i дзявочая зусiм выразная гарэзьлiвасьць.
— Ну а ты ўжо навучылася пiсаць? — спытаў Янук.
— Буквы знаю, фамiлii магу запiсваць, — хвалiлася Дуня.
— Надта-ж скора.
— У школе як далi нам па тры буквы на дзень дык за два тыднi ўсе пазналi. Гэта-ж мы ня дзеткi малыя…
— Ага, — сказаў Янук i яшчэ больш зьбянтэжыўся.
— Можа сягоньнiка на вiчарынку пойдзiм? — выручыла Дуня.
— Дзе, якую?
— У лiпавiцкай пунi.
— Ага, знаю. А хто-ж робiць? Зь кiм пойдзiш?
— Байцы робяць. Гэта Клава мяне падахвоцiла.
— Сваiх дзяцюкоў на вайну забралi, дык вы з байцамi цяпер.
У Януковым голасе чуўся дакор. Дзяўчына спасьцерагла.
— Майго-ж на вайну нi забралi. Ты-ж мой, — сказала зусiм проста й шчыра дзяўчына.
Чырвань залiла Янукоў твар.
— Якi зь мяне дзяцюк? Ты ня строй кепiкаў…
— Нiякiх кепiкаў, - усьмiхнулася Макатунiшка. — Хадзi во й пойдзем.
— Ня ведаю, — буркнуў Янук.
— Ну што-ж ты, Янук, аднекваiшся? — укiнуў Захарук. — Ты цяперака-ж мусiць за яе ня лепшы.
Укалоў дзядзькаў язык. Заняты Дуняй, Янук i забыўся пра яго. А той проста ў жывое й балючае трапiў. У памяцi паўстала адлеглая часам сцэнка ў лесе. Цяпер Бахмач ужо баяўся на Дуню зiрнуць. Бяз слова шмыгнуў празь дзьверы.
Здавалася, што хмары паўзьлi нiзка й закраналi вярхi волатаў Гаравацкае пушчы, карону дуба Архiпа й чубы сёстраў-соснаў на могiльнiку.
"Цёмна, як пальцам у вока" — думаў Янук, выйшаўшы на вулiцу й разважаў, цi не вярнуцца ў хату. Калi-б жыў верны яго сябра Тапсiк, Янук рушыў-бы на вечарыну без развагi. Прыгадаўшы застрэленага бальшавiкамi сабаку адзiнота й пэўная бездапаможнасьць узрушыла Янукова сэрца. Адно на момант. Дзесь у вадлегласьцi выклiкалi вочы-васiлькi. Вочы iскру ў юнацкае сэрца закiнулi. Iскра незгасная, заўсёды прысутная, хоць мо й не дапякала ўсё-ж бесперапынным тленьнем хлапца трывожыла. Хапiла сяньня побач дзяўчыны стануць i адразу павялiчылася гэнай iскры гарэньне. Нi подых ветру, нi якi там скразьняк, а просты й гарэзьлiвы позiрк вачэй прыцягваў, дапякаў, трывоыжыў.
З глыбiнi раньняга дзяцiнства вынырала малое, худое, затуканае, карэлае дзяўчо, зь якога зьдзеквалiся iншыя дзецi i якое ўсiм па дарозе замiнала. Цяжка было верыць, што быццам наўсуперак i на злосьць усiм «лепшым» яно вырасла-ўзбуйнела й расьцьвiло цудоўным васiльком. Калi-б хто спытаў яго пра гэнэзу цi працэс гэнага ператварэньня-росту, напэўна нiяк ня мог-бы вызначыць таго шляху Янукоў раптам ацяжэлы язык. Малы Бахмач напэўна зусiм разгубiўся-б, зьбянтэжыўся, бо адкуль было яму ведаць пра лёгiку цi заканамернасьць шмат якiх зьявiшчаў. А для яго й гэна "галапупае жабянё" й цяперашнi васiлёк былi адно зьявiшчамi, каторыя тут-жа побач iснавалi раней i вось адно зь iх, поўнасьцю, расьцьвiўшае й прынаднае лакомiць-выклiкае цяпер. I як-жа тут вызначыш цi рухавiком, прыкладна, сяньняшняй вандроўкi на вечарыну была ўквеленая гордасьць, цi мо закiнутая васiлькамi-вачмi ў сэрца iскра? Калi-б быў дзяцюком, танцаваць умеў, калi-б перарос тую сарамяжлiвасьць юнацкую… Калi-б, калi… Гавораць што дзяўчаты да старэйшых за сябе гарнуцца, Калi так, дык ён, Янук, ня Дунiн кавалер. Ды вось найгорш, што выклiку няма як дараваць. Калi яна ўжо наперад забегла, навет "рускую грамату" за два тыднi на зуб узяла, дык калi яна разумее працэс дасьпяваньня хлапцоў i дзяўчат i розьнiцы ў веку iх сталасьцi, дык навошта выклiкаць яго тады? I цi ня можа быць, — i Янук аж здрыгануўся пры такой думцы, — цi-ж ня можа быць, што яна яго адно зводзiць, можа за гэта далёкае намер помсьцiцца мае?
Читать дальше