Здавалася, што пасьля сiбiрскай зiмы зямля й сонца натужвалi ўсе свае жыцьцядайныя сiлы, каб адрабiць i паправiць тое, што зглумiў мароз. Людзi спачатку варажылi на двое, але калi поўнасьцю азелянiлiся лясы, прыбраўся ў лiстоту гiгант Архiп, за гумнамi зьдзеклiва чарнелi сады. Хiба адно сьляпому ня вiдаць было, што мароз непапраўную шкоду прынёс. Пракоп з жахам спасьцярог, што вымерзла бальшыня яго пчол, а тых пару сем'яў, што выжылi, падкармлiваць трэба было. Са сьлязьмi на вачох злосна вылаяў Бахмач таго маскаля-перапiшчыка, што сьпiсаў ня толькi тады яшчэ поўныя, але й пустыя вульлi.
Трымалася цёплая пагода, надыходзiла лета. Прагожа ўзбуйнела на Пракопавай лiпавiцкай дзялцы пшанiца, весялiўся бульбоўнiк, усьмiхаўся лён, авёс i ячмень. I часта хадзiў любавацца-цешыцца новым пярэстым хутарам Бахмач. Хадзiў да таго часу, пакуль ня прыйшлi падатковыя наказы. Прынёс iх у хату цяпер малагаманлiвы Лявон Шпунт. Яго й Косьцiка недзе пасьля Вялiкадня адпусьцiлi. Ромкаў гаспадар месяцы два ў Вялейцы на нейкiх, як казалi, важных курсах затрымаўся. Вярнуўшыся, працаваў у раёне нi то сакратаром, нiто кнiгаводам. Казалi, што неўзабаве арганiзацыяй калгасаў манiцца заняцца. Лявон-жа ў гацкiм сельсавеце служыў.
Пасьля атрыманьня наказаў, пачалiся ў Лiтоўцах абмеркаваньнi падаткаў. Справа ў тым, што вышыня iх перарасла ўгадкi найбольш сьмелых фантазёраў. Ужо нашто асьцерагаўся каб лiшняга не сказаць, пасьля арышту ў Гацкiм НКВД Антось Дзяркач, дый той цяпер рот адчынiў.
— Скажу вам, братцы, чаму цяперака па дваццаць пудоў жыта ад актара плацiць будзеце, — тлумачыў Антось. — Бальшавiкi як загадаюць, каб яна вырасла ды ўрадзiла, дык i вырасьцiць, i ўродзiць, ня дзе яно дзенецца. Так як яно ў iх там за гранiцай усё вырастаiць. Ня чулi, можа? Гэта-ж во прыйшоў раз адзiн баец да мужыка. Разгаварылiся. Той яму сваiмi пчоламi захацеў пахвалiцца, дык баец i кажа: — Знаеце што? От у нас пчолы, бальшушчыя, як у вас вераб'i, нi раўнуюючы! Мужык разявiў рот i думаiць сабе, што як гэта такiя вялiкiя пчолы могуць быць… Нячуванае… Ён i пытаiцца байца: — Ну скажыце, пажаласна, калi ў вас пчолы такiя вялiкiя, дык як яны ў вуль праз такую малую лётку ўлезуць? А баец яму ў вадказ: — Чудак ты, мiлый мой, канешня што ўлезуць. Пiшчаць да лезуць!
На зьмярканьнi ў нядзелю дзецi ганялiся за травеньскiмi хрушчамi, што насядалi на дзьве пышныя рабiны перад Алесявай хатай. У лiпавiцкiм бары голасна кукавала зязюля. Мужчыны сядзелi на лавачцы ля тыну й гаварылi.
— I ўсе так гавораць, што гэткiх падаткаў, цi, як яны называюць, налогаў ня будзiць як выплацiць. Хоць ты ўсё аддай, а рады не дасi. Як быць? — казаў Алесь.
— I навыдумлялi-ж… то пазямельныя, то падаходныя, то iншыя чартоўскiя, а цяперака яшчо нейкi кульналог, а грашовыя наверх, мусiць. Што гэта робiцца? — мяркаваў Пракоп.
— Я гэттака, швагрок, падазраю нешта, — сказаў Алесь.
— Ну што?
— Ты-ж толька сваiм здаровым розумам падумай: цi-ж яны нi знаюць, што нiкому такiя падаткi нi пад сiлу? А калi так, дык навошта гэтак робiцца?
— Кажы, што думаеш, — спанукаў Пракоп.
— Памоему яно ўсё з думкай робiцца. Калi людзi ня будуць магчы выплацiць, — а гэта саўсiм ясна, што нiхто рады нi дасьць, — дык тады пачнуць кiдаць тыя зямельныя надзелы з панскага. Праўда, цi не?
— Можа, — буркнуў Пракоп.
— Згода. Людзi, значыцца, пачнуць адмахвацца ад зямлi як чорт ад вады сьвянцонай. Бальшавiкi тады скажуць, што, маўляў, зямлi вам далi колькi вы хацелi, а вы ня ўмелi яе апрацаваць i падаткаў не плацiце. Значыцца, гледячы бальшавiцкiмi вачамi, дзе прычына?
— Ну як табе сказаць… цi ня людзi вiнаватыя…
— Во, во, так i скажуць. Ну а калi так, дык да чаго гэта вядзець? працягваў Алесь.
— Да калхозаў, думаеш?
— Ну а да чаго-ж, калi нi да калхозаў? Значыцца, скажуць, што вы гаспадарыць ня ўмееце, дык хадзiце ў калхозы, мы вас, братцы, навучым. От як! — заключыў Алесь.
— Нячыстая сiла! — сказаў злосна Пракоп.
— Няўжо-ж чыстая… От возьмуць цябе ў свае рукi й ня пiкнiш, брацiц. Хоцькi-няхоцькi, а ў калхоз пойдзiш, як мiлiнькi.
Пракоп пацерабiў за шыяй i доўга, упарта глядзеў швагру ў вочы. У лiпавiцкiм бары спынiла сваё кукаваньне зязюля.
— Верыць ня хочацца. Дзе-ж iх галовы? Як у людзей ня будзiць нiчога, дык i ў iх тады фiга будзiць начаваць…
— Гэта так, на розум бяручы дык трэба пагадзiцца, — згадзiўся Алесь, што калi будзiць у людзей, дык будзiць i ў дзiржавы. Алi-ж тутака вер ты гэтаму чорту й ня вер. От паглядзi ўжо як пачалi гаспадарыць. Абяцалi насеньня даць. А далi?
— Нi было чаго, мусiць.
— А тое, што пазабiралi з маёнткаў, ад асаднiкаў, дык дзе яно падзелася.
Читать дальше