Прыгадалася Януку казка пра лiсiцу й варону з сырам у дзюбе. Цi Дуня можа даць такому чалавеку належны адпор ды ня станецца казачнай варонай? Ня дай, Божа! Янук пачаў дрыжэць, прачытаўшы далей:
«I што за чалавек! Ты на яго с…, а ён кажа, што дождж iдзець. Ты яму па мордзе, а ён, бязь нiякага сораму, падзякуе й далей да цябе дабiраецца. Хацелася-б калi, Янучок, закiнуць яму на галаву спаднiцу ды накамшыць, накамшыць…»
Так, Дуня магла-б такое зрабiць. Бяда, што Аблiзанай Авечцы вельмi паспрыяла-б закiнутая на галаву спаднiца… «Чорт лазаты, — думаў Янук, — ён тамака да маей мiлай дабiраецца, а я тутака сам сяджу. Што рабiць?» Зайздрасьць i злосьць. Злосьць на свой, можа ня зусiм прадуманы, крок, аграмадня злосьць на Аблiзаную Авечку. I чаму пакiнуў Дуню? А што будзе, калi Авечка дабярэцца? Бываюць-жа ў дзяўчат часiны слабасьцi…
Нечакана думкi зьвiхнулiся ў зусiм iншы бок. Пазаўчора ягоны сябра Лявон Загорны, немалы гуляка, што апынуўся ў шостай клясе гiмназii, адважыўся пайсьцi ў ведамы дом на вулiцы Субач. Намаўляў i Бахмача, але хлапец адмовiўся. Адзiны сын багатага гаспадара, Лявон меў на гэта грошы. Дадому вярнуўся распраменены, зьзяў задавальненьнем.
— Ну i як, разгавеўся? — падняў Янук з-над кнiжкi галаву.
Загорны зiрнуў на Янука зь нейкай, здавалася, недасягальнай адлегласьцi, адтуль, дзе Бахмачу нiколi не давялося яшчэ бываць.
— Золатца, а нi баба! Трохi старэйшая за мяне, але якая пекная i фiгурная! А як яна ўмеiць, — каб яе халера! — як паддасьць, як падкiнiць, ай-яй-яй!
Янук адно нарыхтаваўся сквапна лавiць кажнае слова пра тое, чаго сам нiколi ня зьведаў, як Лявон спынiўся, дзесьцi ў уяўленьнi бачачы тое «золатца».
— Ну i?
— I шэпчыць мне, знаiш, — я так цешуся, бо так даўно Паляка ўжо ня мела…
— Як гэта Паляка? Дык хто-ж туды прыходзiць?
— Найболi Немцы.
Янук задумаўся.
— Дык калi тамака Немцы, то як цябе пусьцiлi?
Лявон распрамянiўся шырокай, задаволенай усьмешкай. Глядзi, маўляў, якi зь мяне хiтрун.
— Дудкi, браце! Папершае я там нiводнага Немца ня вiдзiў. Байзальмама хацела мяне за дзьверы, дык я ей паперку ў руку, некалькi марак значыцца… Грошы-ж нi сьмярдзяць, знаеш. Дык яна мне ня толькi дзьверы шырака адчынiла, але й гэту самую лепшую бабу…
Лявон змоўк, зноў, вiдаць, заварожаны згадкамi пра салодыч побыту ў доме на Субач.
— Казаў-жа табе, — хадзi разам. От i паспрабаваў-бы…
Янук зачырванеўся, маўчаў. Гэта здарылася пазаўчора, а цяпер ягоны сябра Лявон дзесьцi з Рандуўнай у Вэрках. Хто ведае, можа зноў у вабдымках.
Бальшыня вучняў вiленскай Беларускай гiмназii выводзiлася зь мясцовага польскага насельнiцтва. Беларускую мову адно ўжывалi на лекцыях, калечылi яе на ўсе лады. У школы зь лятувiскай мовай навучаньня ня йшлi, пабеларуску iм лягчэй было. Гэтта-ж усё-ж пятае перазь дзесятае нешта зразумееш. Янук адносiўся да iх холадна, гаварыў выключна й дэманстрацыйна навет пабеларуску, каб iншыя вучнi зь сялянаў, якiх было можа з чвэрць усяго лiку, чулi й насьледвалi яго.
Выключэньнем мо была цёмнавалосая, грацыёзная ў рухах, прыгожая Рандуўна Янiна. Заўсёды вельмi акуратная, з смакам апранутая, прыгожа прычэсаная, яна адразу зьвярнула Янукову ўвагу. Мяркаваў, што ў такую мог-бы надта лёгка закахацца, бачыў, што iншыя хлопцы дарылi яе асаблiвай увагай. I цi раз падчас лекцыi, — сядзела ў трэцiм радзе зьлева ад яго, у тым-жа шэрагу, — забыўшыся пра выкладчыка, сквапна пазiраў на яе сiлуэт, роўны носiк, кругленькую шчочку, поўныя вусны, ледзь завойстраны падбародак, буйныя мяккiя валосы й добра аформленыя, поўныя грудзi. Падпёршы левай рукой шчаку, Янiна, здаецца, уважна слухае, жыве тэмай творчасьцi Казiмiра Сваяка. Але, быццам рэагуючы на Янукову ўвагу, яна лёгка паварочвае свой прыгожы падоўжаны тварык у Янукоў бок. На iм спакусьлiвая ўсьмешка.
— Ага, злавiла я цябе, такога зуха! — гавораць яе вочы. У карых, вымоўных, крыху прыплюснутых, пад дугамi доўгiх расьнiц, вачох гнезьдзяцца нейкiя, выклiкаючыя на паядынак, жыўчыкi.
Паядынак адбыўся зусiм неспадзявана. З прычыны, што дзяўчына была даволi, як студэнты гаварылi, папулярнай, ды з прычыны для Янука куды важнейшай, — што пабеларуску слаба гаварыла, а пасьля лекцыяў карысталася выключна польскай мовай, — Янук любаваўся ёй адно здалёку й намагаўся iгнараваць, хоць i нялёгка было.
Аднойчы, пасьля скончаных заняткаў, Янук замарудзiў у клясе. Выбег на калiдор, каб дагнаць Лявона, зь якiм мелi зайсьцi падарозе дахаты ў рэстаран, дзе часта, пахлёбаўшы нейкае таннае стравы, запiвалi яе мясцовым горкiм пiвам. Янук прысьпешыў крок i тут-жа на павароце, не спасьцярогшы, стукнуўся носам у нос зь дзяўчынай.
Читать дальше