«Дзякую за тваё пiсьмо, якое прачытала зь вялiкай цiкавасьцю. Усё, што ты пiшаш пра Вiльню, надта захапляе мяне. Каб я калi магла пабачыць гэты слаўны горад!
Як маешся? Пра сябе, мой любы Янучок, ты пiшаш скупа. Не зажурыўся ты ўжо па роднай хаце: Мяне цiкавiць кожная драбнiца твайго жыцьця. Дык наступным разам не ашчаджай чарнiла. Яго-ж, пэўне, у Вiльнi хапае?»
Ня ведаў юнак чаго ад дзяўчыны чакаць, асаблiва пасьля нязвычайнага разьвiтаньня.
— Янучок, ты здурэў? У Вiльню? Толькi курсы скончыў, а настаўнiчаць ня хочаш? I што табе з тэй гiмназii? Цi ты забыўся, што вайна цяперака? Чаго так далёка ад дому адлучацца?
Гаварыла на адхоне побач чыгункi стоячы. Янук забегся да Макатуноў зь цягнiка, калi прыехаў зь Вiльнi, каб забраць свае рэчы.
— Як гэта, чаму я здурэў? Дуня, што ты гаворыш? Я вучыцца хачу. Нагода, ведаеш…
— А я думала, што мы можа ў ваднэй школе з табой дзетак вучыць будзем. Так марылася, жадалася…
Ейны голас завагаўся, твар аблiўся чырваньню. Янук чакаў нямаведама чаго, намёкаў цi абяцанак. Дзяўчына набрала ўпэўненасьцi, расьцьвiла, разбуйнела, дзiва няма, што на настаўнiцкiх курсах хлопцы праходу ёй не давалi. Флiртам не абы якiм сталася. Неўзабаве яна, — прадчуваў гэта Янук, выпырхне зь цеснай i смуроднай Макатунiшынай хаты й зусiм ператворыцца ў кампэтэнтную, практычную й перадусiм прывабную настаўнiцу. А далей? Янук баяўся думаць.
I тады, пры гэнай апошняй сустрэчы, Янук ад Дунi нечага чакаў. А яна на захадзе сонца, з праменьнямi пазалочанымi пышнымi валосамi, зажуранымi васiлькамi-вачмi, расьцьвiла выдатнай красой. А з вуснаў што?
— Здурэў ты, Янучок мой любы. Чаго табе ў Вiльню, калi ты ўжо наўчыўся? Якi цябе чорт туды нясець?
Дзяўчына раптам спахапiлася. Твар ейны спаважнеў, а пасьля распагодзiўся вiнаватай, шчодрай усьмешкай, а вочы васiлькi пазiралi на яго задумана й абяцаюча.
— Знаеш, Янучок, гэта ня ты дурань, а я. Чаму й завошта я цябе лаю? Едзь, едзь, мой саколiк, я цябе нi дзяржу. Едзь i вучыся. У цябе-ж i галава не абы-якая, у цябе заўсёды быў вялiкi палёт. Ты-ж i паэт i пiсьменьнiк…
Янук зачырванеўся. Цяжка сказаць, цi дзяўчына гаварыла цяпер сур'ёзна, цi цыганiла. I ейныя ласкальныя «Янучок», «саколiк», «любы» зьбiвальi яго з тропу. Гэтак да малодшых дзяцей гаварылi старэйшыя, радня цi чужыя. А Дуня-ж — ягоная аднагодка. Што гэтым ласкальным сказаць хацела? Лепш-бы гаварыла да яго як сябры. Ато адным разам, як ужо раней бывала, уводзiла яго ў фiзычны азарт. а пасьля пакiдала, зрывалася, а цяпер гэтай сваей ласкальнасьцю, быццам яна яго, цi што…
— Лепш раскажы мне пра вiленскую беларускую гiмназiю. Кожную драбнiцу, усё, што ведаеш. Сядзь во тут, каля мяне.
Яна сьцягнула яго зусiм пад адхон, дзе пахла верасам i мятай. Дзесьцвi воддаль над балотам раскрычалiся вароны, а недзе блiжэй заскрыпела сарока. Адсюль, з упадзiны мiж насыпам i чыгункай, адно чыстае лёгкаблакiтнае, з рэдкiмi ваўнянымi хмаркамi на iм, неба натхняла спакоем i задуменнасьцю. Даўжэў цень бярозы, што лянiва шаптала лiсьцямi з другога боку чыгункi.
Нешта, — цi то агрэсыўнасьць дзяўчыны, цi то нейкая ейная зьверхнасьць, — зьвязала Януку язык.
— Што там казаць пра Вiльню… Прыехаў, здаў акзамiн, прынялi, ды i ўсё…
— Вось яно як! Як пугай стрэлiў: прыехаў, здаў акзамiн, прынялi. Як той рымскi палкаводзец: прыйшоў, убачыў, перамог!
Дунiн голас, здавалася, кпiў зь яго й квялiў яго. Юнак зiрнуў на яе коса.
— Пры чым тут рымскi палкаводзец? Так было.
Не, ня тое тады сказаць хацелася. Цяпер на бальконе Казьляковай хаты, з гарой Замкавай перад вачмi, шчымела сэрца. Стаяла перад iм яна, усiмi адценьнямi сакавiтага хараства распраменiўшыся, а ў задуманых i журлiвых дый гарэзных вачох загаралiся й танцавалi вясёлыя агеньчыкi. Вусенкi абяцалi пяшчоту, салодычы. I ў галаве ягонай гнязьдзiлiся словы, проста паэзiя-малiтва да дзяўчыны, якую нiколi-б не асьмелiўся выказаць:
«Дунечка, каханая цацанька мая! Прыгарнi, абдымi мяне, сьцiшы пажар у сэрцы маiм. I адно намякнi. Сьледам за табой пайду, разам дзетак будзем вучыць, можа лёс свой зьвяжам»…
«Не, гэта занадта празаiчна. Тут трэба было-б прыгожай Купалавай цi Багдановiчавай паэзiяй» — думаў Янук. Сама важнае, што карцiла яму, каб неяк зусiм канкрэтна выказаць дзяўчыне свае пачуцьцi. Ня мог адважыцца, проста забiрала дыханьне. I прыгадвае, што стаяў, хоць i прасiла побач яе прысесьцi. I пазiраў на яе зь пяшчотаю, сiлiўся думкамi, мабiлiзаваў адвагу, каб сказаць нешта надзвычайна важнае, прост-напраст манументальнае, такое, чаго зусiм не абдумаў, але што абвязкова мела быць сказанае. А замiж гэтага выйшла простае i ў гэным часе й месцы навет недарэчнае:
Читать дальше