Прывiтаньне табе, Вiльня,
Слаўны горад Крывiчоў,
Места памятак магiльных
Нашых прадзедаў, дзядоў.
Зь вершам на пяць зваротак, адно на гарачую руку змайстраваным, i нянадта адшлiфаваным, пасьпяшыў Янук у «Беларускi голас». Там сустрэў яго сiвы, кволы з выгляду рэдактар Аляхновiч, што некуды сьпяшыўся й таму не папрасiў студэнта навет у канцылярыю цi пакой а зараз-жа, тут на сходах, перайшоў да роспытаў:
— Студэнт? Адкуль?
Янук назваў мясцовасьць.
— Ага, знаю, знаю. Вельмi добра зрабiў, што прыехаў вучыцца. Трэба нам найбольш сваей iнтэлiгенцыi. Вельмi, вельмi добра зрабiў.
Янук нясьмела пазiраў на розавы твар i цяжка яму было паверыць, што перад iм стаяў аўтар даўгога й надзвычайна цiкавага нарысу «У кiпцюрах ГПУ», якiм некалi ўзахлёб цэлыя гадзiны зачытваўся. А былы гаротнiк пытаўся:
— Дык што скажаш мне, студэнт?
— Ня ведаю як пачаць… Маю тут верш на прывiтаньне Вiльнi…
— Ага, дык ты й паэт, аказваецца… Ну што-ж… Маладзец. Давай што маеш, калi добры дык зьмяшчу. Але, братка, я моцна сьпяшу. Зайдзiся калi… пагаворым…
З такiмi словамi Аляхновiч, не разьвiтаўшыся, рушыў сходамi ўнiз. Верш, бязь першае звароткi, зьявiўся ў газэце на наступны тыдзень. Цэнзар, як выглядала, не згаджаўся, што «Вiльня — слаўны горад Крывiчоў». Аўтар i сам ня быў пэўны цi Вiльня паўстала на засягу зямлi калiшняга асноўнага племя пазьнейшага беларускага народу. Адылi ясна, што горад пазьней быў лiтоўскi, а не жамойцкi.
Апроч адрэзанае галавы, у далейшых зваротках загнязьдзiлася колькi друкарскiх памылак. Не ўяўляў аўтар, што верш можна аж так сапсаваць у друку. Другой звароткай ён выказаў захапленьне старой лiтоўскай сталiцай:
Ты разьлёг перада мною
У васеньнiм тумане,
Быццам кветкай маладою
На зялёным дыване.
Янук прыгадваў першы вiд гораду, дакладней — тае зеленi, што ўсьмiхнулася яму ў iмглiстую ранiцу. Такiм дэбютам у газэце, што друкавалася лацiнкай, якое Янук ня любiў ужываць у беларускай мове, скончылася ягонае супрацоўнiцтва зь «Беларускiм голасам». Пасьля пiсаў пра беларускае жыцьцё ў Вiльнi й вершы ды пасылаў у Менск.
Вершы, вершы-лятуценьнi…
Дзесь далекавата налева, на Антокалi бялелi вежы высокай сьвятынi i гэтта-ж амаль перад носам, з-над дахаў пазiралi вежы iншых касьцёлаў. Адсюль, як на далонi, красавалiся й калёны фасаду вiленскае катэдры. Янук яшчэ раз прыгадаў сабе, што трэба пацiкавiцца, цi запраўды ў склепе ейным ёсьць магiлы вялiкiх лiтоўскiх князёў.
Пляны, намеры… Колькi iх было.
Сябра Загорны намовiў гiмназiстку Рандуўну паехаць па абедзе ў Вэркi, куды, казаў, хадзiў рачны параплаў. А Янук, расьсеўшыся ў гэну нядзелю на бальконе, прыслухоўваўся як воддаль, на Кальварыйскай вулiцы цiкалi конскiя падковы. Прыграваны васеньнiм сонцам, зноў думкамi вярнуўся да пачаткаў свайго вiленскага жыцьця.
Хто ведае, цi ўдалося-б Януку дастацца ў беларускую гiмназiю, калi-б не ягоныя паэтычныя спробы. У шэрым, з паападаўшай са сьценаў тынкоўкай, двухпавярховым будынку на Вострабрамскай вулiцы, гэтта-ж непадалёк станцыi, паспрыяла яму адразу пабачыцца з дырэктарам Францiшкам Грышкевiчам. Чалавек сярэднiх гадоў, бляндын, з прыязным адкрытым тварам, даверлiвымi вачмi, ён адразу разьвязаў юнаку язык. Бахмач прыйшоў у канцылярыю дырэктара з большай упэўненасьцю, чымся калiсьцi да Раманоўскага ў школу ў Гацях. Меў-жа за сабою не абы-якi школьны багаж. Пасьля году ў беларускай школе ў Гацях, скончыў шасьцiмесячныя настаўнiцкiя курсы для настаўнiкаў пачатковых школаў у Глыбокiм. Усё-ж адрыў ад дому ў часе вайны, якая ўсё разгаралася, ды паўгалоднае студэнцкае жыцьцё ў далёкiм горадзе прадстаўлялi немалую рызыку. Колькi ваганьняў i роздумаў, пакуль адважыўся на гэты вялiкi крок, а пасьля яшчэ пацягнуў за сабой сябру Лявона Загорнага. Можа й не асьмелiўся-бы, калi-б ня пераконлiвае слова агранома Падгайскага:
— Едзь, Янук, i цягнi майго пляменьнiка. Нi траць нагоды. Нiхай тутака ў пачатковых школах iншыя вучаць. Нi забывайся, што нам патрэбная свая, вельмi добра адукаваная, iнтэлiгэнцыя. Вiленская гiмназiя гэта сапраўдная кузьня беларускасьцi. Навука — найбольшы капiтал у жыцьцi й твой будучы хлеб. Ты вельмi таленавiты юнак i добры патрыёт. Маючы навуку, зможаш шмат зрабiць для свайго народу. Паглядзi, колькi нашых найлепшых людзей Палякi, бальшавiкi й Немцы вымардавалi, каб iх зiмля нi насiла! Араць i касiць у нас будзiць каму, а хто народам кiраваць будзiць? Нам-жа трэба сваю дзяржаву будаваць.
— Ня ведаю, — адказаў Янук. — Як-жа вучыцца, калi ў бацькi бяда? Што надзену, што буду есьцi?
Читать дальше