Напляваць! Ня стане сам дык сродкi для падахвочаньня знойдуцца, гэтак як ад Iвана й Пятра ды пазьнейшых «спадкаемцаў» Рыму й Бiзантыi завялося. Паставiць нярод перад выбарам, а выбар даць толькi адзiн.
Нямецкi акупант, каб забясьпечыць зад фронту, яшчэ ня ўзяўшыся за свае амбiтныя пляны масавага вынiшчэньня мясцовага насельнiцтва для будучай калянiзацыi гэтых земляў, спачатна прыняў элемэнтарныя меры аховы шляхоў сувязi, транспарту й базаў на занятых тэрыторыях. На чыгунках i пры ваенных аб'ектах зьявiлiся вартавыя й рэгулярныя вайсковыя патрулi. Адылi хутка выясьнiлася, што для ўтрыманьня ўлады ў гэтай краiне сваiх сiлаў ня хопiць, а таму давялося ў нябыт аддаць цi нi самае галоўнае, што некалi вызначыў Адольф Гiтлер: «Нiхто, апроч Немца, не атрымае права насiць зброi». На помач была паклiканая мясцовая палiцыя, намiнальна для аховы парадку й нiхто не ўяўляў тады, што з часам, калi полымя вайны, што выйдзе зь лясоў, дабярэцца да шляхоў i базаў, роля ахоўнае палiцыi зусiм зьменiцца.
Вайсковыя патрулi на двухшляховай чыгунцы побач Лiтоўцаў ужо ўжылiся ў быт сялянаў, зрок звыкся зь iмi так, як прыкладна з гаравацкiм гiгантам Архiпам цi тымi сястрыцамi соснамi на могiльнiку. Бачыш вунь далекавата на чыгунцы дзьве постацi, шлёмамi завершаныя. Ледзь-ледзь рухаюцца роўнамерным крокам. Дый цi толькi днём. Лiтоўскiя даўно вымяркавалi навет, як часта патрулi праходзiлi. Ведама, што чыгунку сьцерагчы трэба. Ад каго? Гэта, ведама-ж, ваенная справа.
У вадну зiмовую ранiцу патруль наскочыў на нешта дагэтуль нябачанае. На ўсходнiм шляху знайшлi разьвiнчаныя й зрушаныя рэйкi. Зараз за паваротам, з лагодным нахiлам унiз, значыцца там, дзе машынiсту цяжка цi немагчыма ў час спасьцерагчы шкоду й затрымаць цягнiк. Патруль неадкладна заалярмаваў базу i ўдалося спынiць надыходзячы, наладаваны войскам i запасамi цягнiк, ухiлiць катастрофу. Пасьля направы, цягнiк спозьнена рушыў на ўсход, а мясцовыя ваенныя ўлады пачалi сьледзтва. Сьляды злачынцаў згубiлi на ўежджанай дарозе, а роспыты ў прылеглых да чыгункi хутарох i вёсках, у тым лiку i ў Лiтоўцах, нiчога не далi. Патрулi на чыгунцы ўзмоцнiлiся.
Iшоў час i цiшыню лясоў начамi пачалi трывожыць гукi матораў у небе. Зь «вялiкае зямлi» прывозiлi й ськiдалi апэргрупы спэцаў, iнструкцыi, зброю. У лясох пацясьнела ваўком, сарнам, ласём i зайцам. Банды арганiзавалiся й пачыналi выяўляць прэтэнсыi на ўладу, нападалi й нiшчылi мясцовую нiзавую беларускую адмiнiстрацыю, школы, зьдзеквалiся зь сялянаў, якiя супрацiўлялiся рабункам. I тады дайшла да Антося Дзеркача вестка пра Лявона Шпунта. Прынёс яе непаседлiвы Захарук. Кагадзе езьдзiў ён у Докшыцы, захапiўшы з сабой пару мяшкоў зярна на млын.
— Змалоў? — спытаў яго Антось, сустрэўшы на вулiцы.
— Ды дзе тамака… прывёз назад. Млын той для войска й нямчуры мелiць i фiгу ўлезiш. Трэба далей над жорнамi пацець. I я думаў, знаеш, Антось, трэба было-б нам да войта, каб як дзела з млынам папхнуць. Нiхай-бы яны, наша начальства значыць, зь iмi пагаварылi. Вайна вунь куды адсунулася, дык навошта-ж жорны круцiць? Падаткi ад нас бяруць, млыны забралi й сабе мелюць, дык чаму-ж нам ня могуць?
Гутарка адбылася на засьнежанай вулiцы сонечным днём. Бярозавым кiйком, па старой звычцы, Антось ёрзаў па выгладжанай палозьзем, зьзяючай сонцам, дарозе. Збоку ў сьнезе ляжала вялiкая галiна хвоi, згубленая некiм па дарозе зь лесу.
— Ды маглi-б, чэрцi, — адказаў Антось. Як правiла, трымаўся цяпер Антось з гэтым чалавекам асьцярожна, гаварыў у вабрэз, больш распытваў i слухаў. Часы няпэўныя. — Ну а што тамака ў Докшыцах чуваць?
— Эт, знаеш, калiсь гэта быў кiрмашны дзень, людзей, бывала, наедзiць поўна-паўнюсенька. Але нi цяпер. Сёй-той, па старой прывычцы, прыклыпаiць. От, знаеш, маю для цябе нешта цiкавае. Чуў, можа, дзе цяперака Лявон Шпунт?
Бярозавая палка спынiла пiсаць крывулi па спалазаваным сьнезе. Антось уважна зiрнуў Захаруку ў вочы.
— Лявон? А хто яго знаiць? Ты што чуў?
Захарук спачатку скруцiў папяросу, уважна абгледзiў яе з двух канцоў i паволi прыкурыў. На твары хiтрасьць. Зноў Антось надта добра той твар i гэту хiтрасьць i чакаў нечага важнага.
— Вiдзiў я з Тумiлавiчаў Янку Барабоську. Знаiш яго?
Блiжэйшыя вёскi, асаблiва iх моладзь, Антось ведаў нядрэнна. Далейшыя адлегласьцю Тумiлавiчы амаль ня ведаў.
— Ды не. Дзе тыя Тумiлавiчы! Нi знаю.
— Ну дык, гэтае самае, — зацягнуўся Захарук самасейкай, — дзядзьку гэтага я знаю вунь як даўно. А тут на Докшыцкiм рынку мы зь iм нос у нос стукнулiся. Значыцца, здароў, як жывеш, i разгаварылiся. А тады ён мне гэтак i кажыць: калi будзiш вiдзiць Антося Дзiркача, дык пiрадай яму прывет ад Лявона Шпунта й скажы, што лясьнiчоўка яму бокам вылiзiць. Так i скажы, кажыць мне гэтысамы Барабоська.
Читать дальше