Усяночная бяссоньнiца ў цягнiку падарозе ў Менск цяпер хiлiла набок Янукову галаву. Прырода дамагалася свайго й перад ёю мусiла капiтуляваць навет надзвычайная Янукова зацiкаўленасьць жывой гiсторыяй. Калi пасьля ўступнай Кiпеля, запрасiлi ў прэзыдыюм удзельнiкаў Першага ўсебеларускачга Кангрэсу, Янук здалёку прыглядаўся тым людзям, што занялi, зноў-жа пры агульных воплесках, месца ля стала на сцэне. Сярод усiх увыдатнялася, у Януковых вачох, дамiнуючая фiгура Кастуся Езавiтава.
Зараз пачаў справаздачу прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскi. Голас ягоны, гэтым разам скарэй настаўнiцкi чымся прэзыдэнцкi, барабанiў манатонна, заглыбляючыся ў гiсторыю й статыстыку. Пад гэткi гоман лёгка можна было заснуць. I ледзь Янук задрамаў, як разбудзiлi яго воплескi. Няўцямна зiрнуў на слуцкiх настаўнiц, а нос падказаў яму, што ад iх, асаблiва ад Зоркi, нясло танным адэкалёнам. Заля й людзi зноў некуды адплылi…
Гарачае лета. Трэба абавязкова пчол дапiльнаваць, каб ня выраiлiся, а калi й будзе той, дык каб ня ўцёк. Праўда, учора вечарам падслухоўваў вульлi, цi няма дзе вясельля… Розныя галаскi, — ведаў iх добра Янук, калi заводзiць матка, а там, мiж агульнага шуму, можна паслухаць «сватоў» i «свацьцяў». Здавалася, што вясельля ня было. Але, хто iх ведае. Памылялiся-ж i раней. Бывае, што вясельля не падслухаеш, а рой бывае. Гэту трывогу Янукову раптам засланiў курадым.
— Бяры, сынок, куры iх добра дымком, а я буду рамкi выцягваць.
Гэта бацькаў аўтарытэтны голас. Янук не марудзiць, бярэ курадым, цiсьне мяшок i нюхае сiняваты дымок, што йдзе з рыльца, ад спарахнелага карча ўсярэдзiне. Бацькавы рукi, жылiстыя зьверху й мазолiстыя на далонях, адчыняюць вечка вульля, ды намагаюцца за рамку ўзяцца. Але што такое робiцца? Вулей раптам… Ды не гэта ня вулей, а дамавiна… Васкова-жоўты матчын твар. А чаго-ж ён з тым дымам…, чаго Янук з тым дымам у матчыну дамавiну? Гэтта вялiкi перапалох сьцiснуў Януку грудзi, а раптам аднекуль вялiкiя гучныя воплескi цi яшчэ нейкi гук…
— Спадар Бахмач!
— Га? Што? — прахапiўся Янук i перад сабой, амаль зусiм упрытык убачыў твар случчанкi Зоркi.
— Вы гэта што, спадар Бахмач? Прадстаўнiк народу прыехаў на кангрэс спаць?
— Кангрэс? — няўцямна, прыцiшаным, спалоханым голасам спытаўся Янук. Перад iм лагодненькая ўсьмешка курносенькай дзяўчыны. Але не пра ейную прыгажосьць цяпер думаў Бахмач. Навокал людзi. Некаторыя глядзяць на яго. А iз сцэны манатонны голас чарнявага чалавека ў чорных акулярах.
— Прабачце, задрамаў. Цэлую ноч ня спаў у цягнiку.
— …паўсталi шматлiкiя батальёны Беларускае Краёвае Абароны, — гаварыў Астроўскi, — якiя пакрылi сабою ўсю тэрыторыю наступных акругаў: Менскае, Барысаўскае, Слуцкае, Баранавiцкае, Слонiмскае, Навагрудзкае, Вялейскае й Глыбоцкае.
Зноў воплескi. Янук цяпер разглядаўся, сам плёскаў у далонi й намагаўся камтраляваць ацяжэлую галаву.
— Калi рэзультат правядзеньня мабiлiзацыi быў доказам нацыянальнай сьпеласьцi беларускага народу, то постаць нашага жаўнера, — далей чытаў прэзыдэнт БЦР, — часта голага й босага, па каленi ў балоце, на холадзе, моцна трымаючага вiнтоўку ў сваiх руках, зьяўляецца доказам яго надзвычайнай сiлы й бясконцай адданасьцii сваьму народу й бацькаўшчыне.
I далей: — Найбольшую цяжкасьць мы мелi й маем з камандным складам. Агулам гаворачы, жаўнер беларускi вельмi добры, але камандны склад вымагае яшчэ вялiкай апрацоўкi й падрыхтоўкi. За гэты час ужо праведзена двое курсаў перападрыхтоўкi афiцэраў i падафiцэраў, а з пятнаццатага чэрвеня арганiзавана афiцэрская школа ў Менску для нашых юнакоў зь сярэднiх i iншых школаў.
«Так, — думаў Янук, — постаць нашага жаўнера, голага й босага, па-каленi ў балоце… доказ надзвычайнай сiлы… Што той бэцээраўскi прэзыдэнт вярзе? Янка Сарока зь Вiльнi. Iншыя, зялёненькiя гадамi, ганаровую варту трымаюць. Зь пятнаццатага чэрвеня, значыцца два тыднi назад пачалi школу. Жаўтаротыя пiскляты… А тут ужо на паляваньне трэба, а гэтыя яшчэ парадкам сабак кармiць не ўзялiся…»
I Янукова думка крута ў другi бок павярнула. Вядома-ж, бяз гэтага кангрэсу, бяз гэтых справазачаў i нарадаў нельга. Яны патрэбныя беларускаму народу ў гэты крытычны ў гiсторыi момант як рыбе вада. Але, усё-ж… Сёе-тое гаворыцца, абы падгладзiць абы там якiя дзiркi заткнуць, паказаць што нешта ёсьць, што вось, маўляў, зiрнеце, якiя мы малайцы, гаспадары. Арганiзаваная афiцэрская школа для юнакоў, такiх, як i сам Янук. Брава! Колькi трэба намаганьняў i сродкаў, а перадусiм часу, каб вышкалiць чалавека на афiцэра? А там ужо чатыры днi назад пачалася поўная афэнзыва. Пала Орша, Магiлёў, клiнамi хваля паўзе пад Бабруйск, Слуцак, Полацак, Барысаў. Цi адзiн раз i цi адзiн мудры чалавек сказаў пра палiтыкаў: сяньня радзяць пра ўчарашняе, а заўтрашнiх праблемаў i ня бачаць. Але. Калi-б вораг ня прыблiжаўся з-за Дняпра, можна было-б iз кпiнамi да сяго-таго, гэтта сказанага, аднесьцiся. Ды няма калi кпiць. Тут трэба, як мага сiлаў, нешта радыкальнае выдумаць. Ня будзеш падчас таго, як пажар трэба тушыць, разважаць пра рэгулямiн пажарнае аховы… А з другога боку, што меў гаварыць Астроўскi? Бэрлiнскiя вяльможы да апошнiх часоў не давалi дазволу на арганiзацыю беларускага войска. Навет i цяпер, калi самiм вораг на горла лезе, адно батальёны дазволiлi, дый тыя пад iх камандай. Можа лепш уважна паслухаць што тут на кангрэсе гаворыцца?
Читать дальше