— Гэй, а гэта што, Янка? Каго, каго, а цябе сустрэць тутака ды яшчэ iз сплювай!?
Вiльмяме сплювай стрэльбу называлi.
— Здароў, цёзка! I ты тут? Дык ты мусiў прыехаў радзiць, а я цябе буду баранiць, каб нiхто не напаў. Ха-ха-ха, — разрагатаўся Янка.
Юнакi моцна пацiснулi адзiн аднаму рукi.
— Дык ты думаеш, што калi на нас тутака нападуць, то ты гэтай качаргой нас абаронiш? I хто гэта цябе, такога смаркатага ваяку, сюды прыслаў? Патроны хоць далi? I качарга савецкая… Ха-ха-ха…
— Не, чэрцi, нi далi. Стаiм во так для паказу, ганаровая варта. Казалi, што нямецкiя стрэльбы пасьля дадуць…
— Я ўсё-ж не разумею, што гэта ў цябе за вопратка й калi ты гэту качаргу ў рукi ўзяў?
— Дык ты ня чуў?
— Што чуў?
— Залажылi афiцэрскую школу для Беларускай Краёвай Абароны. А я ахвотнiкам прыйшоў. Ну як табе падабаецца?
— Ты на ахвотнiка ў войска? У такi час? Цяжка паверыць. А чаму вы чорную, як палiцыя, вопратку носiце?
— Зялёнай няма, пасьля дадуць. Вер цi ня вер, а праўду кажу.
— Знаеш, цёзка, каб хто мне сказаў, што цябе во так тутака пабачу, дык не паверыў-бы, — прадаўжаў Янук.
— А мне, каб хто сказаў, што ты — прадстаўнiк ад свайго там вясковага народу, прыедзеш на кангрэс, таксама не паверыў-бы.
— Значыцца, як бачыш… А як доўга ты тут i колькi вас зь Вiльнi?
— Нас сямёрка зь гiмназii й сэмiнарыi. Прыехалi ў канцы траўня.
Сарока назваў прозьвiшчы iншых.
— У другой палове траўня да нас у Беларускi Нацыянальны Камiтэт прыехалi тры афiцэры з бэкэа, значыцца камiсiя, ну й давай iм ахвотнiкаў у армiю. Я сабе падумаў, чорт ведае што рабiць. Час такi, бяз зброi прападзеш. А калi бальшавiкi прыйдуць, дык усiх на Бэрлiн пагоняць, — гаварыў шпарка Сарока, а Янук аглядаўся цi пакарацеў хвост чаргi ля дзьвярэй тэатру, каб не спазьнiцца на паседжаньне. Але з гэтым чалавекам цiкава было пагаварыць, распытацца пра Вiльню й знаёмых сяброў. Ды той Януку наперад забег:
— Гэта праўда, што ты ў турму папаўся? За што гэта?
— Табе-ж пэўне Загорны апавядаў. Зрабiлi аблаву на спэкулянтаў, i я папаўся. Але я мушу йсьцi…
— А што Загорны цяпер робiць? Мы яго намаўлялi ў бэкэа, дык дзе там…
— Нiчога ён цяпер ня робiць, каля дому ацялюгваецца, дзяўчат мацае… Мусiць спадзяецца, што й на наступны год у Вiльню трапiць.
— А ты што думаеш?
— Сказаць табе адкрыта?
Сарока надта пiльна пазiраў у Януковы вочы й ён зразумеў, што ў такi час i ў такiх абставiнах можна гаварыць праўду, тым больш, што той у войску.
— Кажы, — падахвоцiў Янука Сарока.
— На працягу наступнага месяца цэлая Беларусь можа апынуцца ў руках бальшавiкоў. Дваццаць трэцяга чэрвеня пачалася афэнзыва на цэлым усходнiм фроньце. Немцы ўсюды адступаюць, а бальшавiкi абыходзяць Менск з паўдня й поўначы й можа за якi тыдзень, а навет раней будуць тутака. На захадзе алiянты таксама Немцаў гоняць.
Сарока пазiраў на Бахмача вельмi ўважна i зараз-жа, як ён прыгожа ўмеў гэта рабiць, працяжна й зьдзiўлена сьвiснуў.
— Адкуль у цябе такiя весткi? — спытаў Янука.
— Пазаўчора вечарам слухалi радыё зь Лёндану. Ты толькi нiкому не кажы, каб нi было панiкi. Наша вярхушка ведае, але аглядаецца пераз плячо, тымчасам трымае твар.
— Ну добра, — насядаў цяпер Сарока, — калi так запраўды, дык што нам рабiць? Зь Немцамi ўцякаць? Што ты будзеш рабiць?
— Калi хочаш, табе параю iсьцi зь тымi Беларусамi, што будуць адступаць. Там вайна неўзабаве скончыцца, хаўрусьнiкi перамогуць Немцаў i вы трапiце на захад у Эўропу цi ў якую Амэрыку. А ў будучынi Англiя цi Амэрыка схопяцца ўдужкi з гэтай брыдой маскоўскай, тады нам трэба будзе помач, каб волю здабыць…
Янук гаварыў зь нейкай фiнальнасьцю. Гэта спасьцерагло надта назiральнае Сарокава вока. Ён схапiў Бахмача за руку.
— Чакай. Як гэта ты гаворыш, што вам трэба будзе помач, каб волю здабыць? Дзе ты, цi вы, — колькi вас там, — будзеце?
— Я йду ў лес. Змагацца.
Янукоў адказ на пару часiнаў паралiжаваў Сароку. Хацеў зноў сьвiснуць, але Янук крутнуўся, сказаўшы:
— Мне трэба на залю. Пабачымся пасьля.
— Чакай, не сьпяшы, — клiкнуў той.
Янук адыйшоўся. Ля дзьвярэй было цесна, але хвост куды пакарацеў. Тут-жа юнак з нацыянальнай апаскай на левым рукаве, вiдаць парадкавы, у дзьвярох голасна сказаў:
— Прашу ўсiх як найскарэй заходзiць, бо зараз пачнецца.
Янука знайшлi на лiсьце, праверылi мандат i неўзабаве адвялi яго на месца, што выпала якраз пасярэдзiне, блiжэй заду. Заля й бальконы ўжо запоўнiлiся. Янук разгледзеўся навокал. Сцэна была ўдэкараваная вялiкiмi нацыянальнымi сьцягамi, пасярод стаяў доўгi стол, а непадалёк, наперад ад яго — мiкрафон.
Читать дальше